За значны асабісты ўклад у стварэнне і ўмацаванне ветэранскіх арганізацый, актыўны ўдзел у сацыяльнай абароне воінаў-інтэрнацыяналістаў старшыні Глыбоцкай раённай арганізацыі Беларускага Саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Антону Ждановічу ўручана Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Антон Ждановіч родам з глыбоцкай глыбінкі. Яму з маленства даспадобы вясковае раздолле і прыгажосць. Яшчэ больш стаў цаніць іх, пабываўшы сярод гор і пустыняў чужой краіны. Страшныя выпрабаванні лёсу загартавалі яго характар, волю і зрабілі чалавекам асаблівай пробы, у аснове якой -– сплаў мужнасці, фізічнай і маральнай трываласці.
– Я – беларус з вёскі Усава, ахрышчаны ў Задарожскім касцёле. Ніколі не быў у Францыі і тым не менш даводжуся ўнукам Напалеону. Не Банапарту, які ў 1812 годзе вёў сваё войска праз нашы мясціны, а Напалеону Іосіфавічу, майму роднаму дзеду. Бацька Пётр Напалеонавіч працаваў паляводам і трактарыстам, таму я, старэйшы з трох дзяцей у сям’і, тэхніку любіў змалку, у першым класе ўжо кіраваў ДТ-54, а ў чацвёртым пад бацькавым кантролем ездзіў за рулём ГАЗ-51. Пасвіў кароў, касіў, сена сушыў, за плугам хадзіў. У бацькоў было 50 сотак зямлі, так што працы хапала ўсім, – тлумачыць сваё паходжанне Антон Ждановіч.
Пасля школы хлопец паступіў туды, куды завёў інтарэс: на тэхніка-механіка ў Лідскі індустрыяльны тэхнікум. Гады “падрасталі” пад армію, а служыць хацелася не абы-дзе, а ў элітных паветрана-дэсантных войсках. Разумеў, што трапіць туды цяжэй, чым здаць экзамен у ВНУ, таму сур’ёзна рыхтаваўся да прызыву. Запісаўся ў секцыю мотакросу пры ДТСАФ, паспяхова ўдзельнічаў нават ва ўсесаюзных спаборніцтвах. Калі выклікалі ў ваенкамат, аказалася, што ў ПДВ бяруць тых, хто ўжо скакаў з парашутам і спартсменаў. У выніку пасля медкамісіі і субяседавання хлопца накіравалі ў Гайжунай (Літва), дзе размяшчаўся найбуйнейшы ў СССР 242 вучэбны Цэнтр паветрана-дэсантных войск. Антон і яго зямляк Аляксандр Дзехцяроў трапілі ў 44-ю вучэбную дывізію. Дэвізам курсантаў сталі словы “Ніхто, акрамя нас”, галоўнай практычнай устаноўкай – “Цяжка ў вучэнні, лёгка ў баі”.
Прайшлі танкавую “абкатку”, навучыліся мініраванню і размініраванню, разведцы і вядзенню бою ў горна-пустыннай мясцовасці. Фізпадрыхтоўка была па максімуме: кожны дзень шасцікіламетровы крос, раз у тыдзень у поўнай баявой амуніцыі марш па 36 км. Былі і скачкі з парашутам.
“Паветраныя сокалы” (так называлі ПДВэшнікаў) казалі, што скокнуць з самалёта Ан-2 – гэта як выйсці з таксі, а вось з Іл-76, калі на вышыні 800 м за 17 секунд у бездань выскокваюць 115 чалавек, – справа не для слабанервовых.
– Калі вецер кідаў цябе, як пушынку, і ты ляцеў, не ведаючы, дзе прызямлішся, вядома ж, было страшна. Але мы цярпліва трэніраваліся, бо, як казаў камандзір, салдата трэба берагчы, а таму перш чым адпраўляць яго скакаць з парашутам, няхай сто разоў правільна скокне з табурэткі, – успамінае Антон Пятровіч.
Пасля вучэбкі ён паспяхова здаў экзамены і на выпускным парадзе меў гонар весці полк з 700 курсантаў. 28 красавіка 1979-га юнак трапіў у 105-ю Ферганскую паветрана-дэсантную дывізію, якая знаходзілася ў поўнай баявой гатоўнасці для адпраўкі ў Афганістан.
– Аднак міналі дні за днямі, а мы жылі ў невядомасці. Затым дывізію расфарміравалі, і я трапіў у 56-ю брыгаду намеснікам камандзіра ўзвода разведкі. Перад Афганістанам сказалі напісаць родным, што едзем у камандзіроўку і каб дома не хваляваліся, што нейкі час не будзе сувязі. Камандаванне меркавала, што наша місія будзе назіральнай і не зацягнецца надоўга, таму першыя паўгода палявой пошты не было. У Афганістане мы ахоўвалі чатыры ваенныя аэрадромы і перавал Саланг – стратэгічную магістраль у гарах Гіндукуш, якая звязвала паўночную і цэнтральную часткі Афганістана. Суправаджалі баявыя калоны, ляталі на МІ-8.
Трэба было рабіць магчымае і немагчымае, каб вадзіцелі даставілі грузы па прызначэнні… У кішлаках насцярожвала і пужала цішыня. Ведалі, што вораг недзе блізка, і калі ён нагадваў пра сябе стральбой, станавілася лягчэй, – працягвае расповед воін-інтэрнацыяналіст.
Жылі ў палатачным лагеры. Яго рэдка абстрэльвалі, таму салдаты, якія былі на дзяжурстве, мелі гарантыю, што застануцца жывымі, але ўсе прасіліся на баявое заданне, хоць з яго можна было і не вярнуцца. Пакідаючы лагер, ваенныя білеты здавалі начальніку штаба, камсамольскія і запісныя кніжкі – нампаліту і далей разлічвалі толькі на сябе, на брацтва і ўдачу.
– У рэальнасці ўсё складаней, чым у армейскім Статуце. Ён, напрыклад, дазваляў ісці ў разведку на адлегласць да ста кіламетраў, але кіруючыся ў тыл ворага ўсяго на дзесяць, не ведалі, ці вернемся жывымі, бо душманы мініравалі нашы сцяжынкі, абстрэльвалі з засады. Так загінуў Саша Дзехцяроў, які служыў у сапёрным падраздзяленні 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі. Пры вяртанні з задання яму давялося абясшкоджваць “хітрую” міну, якая ўзарвалася пад яго рукамі. Пра гэта я даведаўся ўжо дома. Вайна па-сапраўднаму адчуваецца, калі бачыш забітых. Спачатку іх адпраўлялі на радзіму на салдацкіх плашч-палатках, пасля вывозілі ў цынкавых дамавінах – у “чорным цюльпане”. Нам спярша бронекамізэлькі не выдавалі, лічачы, што небяспекі няма. Камандзіры запатрабавалі змяніць гэтае рашэнне, калі з’явіліся адчувальныя страты ў жывой сіле, – гаворыць Антон Ждановіч.
Куля, якую выпусціў па ім снайпер-душман у Баглане, праляцела ў міліметрах ад скроні. Падумалася, што афганскія хлапчукі камянём кінулі, а на самай справе жыццё вісела на валасінцы. Падчас той вылазкі загінуў сябар – сібірак Мікалай Крывенка.
– Небяспека на кожным кроку, надвор’е такое спякотнае, змеі паўсюль – гэта фізічна і эмацыянальна знясільвала. Не хапала роднага паветра, зеляніны, як на радзіме, хацелася дамоў…А маё жыццё, напэўна, мама Уладзіслава Баляславаўна ў Госпада вымаліла. Я разумею, як нялёгка было ёй, асабліва калі на Глыбоччыну пачалі прыходзіць цынкавыя дамавіны.
Антон Ждановіч дэмабілізаваўся старшым сяржантам і ў 1983 годзе прыйшоў на службу ў Глыбоцкі райаддзел міліцыі. Пачынаў інспектарам па вышуку МРЭА ДАІ, затым узначаліў аддзел пазаведамаснай аховы Глыбоцкага РАУС. У званні падпалкоўніка быў прызначаны начальнікам абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС. З 2005-га – палкоўнік міліцыі ў адстаўцы.
Пераязджаючы ў Віцебск, казаў, што гэта не змена месца жыхарства, а звычайная камандзіроўка. Яна зацягнулася на 13 гадоў. Працаваў начальнікам аддзела аховы працы і пажарнай бяспекі прадпрыемства “Віцебскаблнафтапрадукт”, начальнікам службы бяспекі Віцебскага філіяла ААТ “Белаграпрамбанк”. Тры гады таму вярнуўся ў Глыбокае, зараз – спецыяліст па бяспецы на мясакамбінаце.
– Пасля Афганістана мы распачалі выхаваўча-патрыятычную работу. Вось ужо 24-ы раз 15 лютага разам з Аляксандрам Бародзічам збіраем на сустрэчы, запоўненыя балючымі ўспамінамі, усіх, хто ваяваў у Афганістане. Глыбоччына страціла там пецярых сваіх сыноў, 24 памерлі на радзіме. Выпусцілі серыю відэафільмаў пра загінуўшых, ушанаванне іх памяці. Зараз нас у раёне 103, спадзяёмся, што прыраўняюць да ветэранаў баявых дзеянняў, – кажа Антон Пятровіч.
Бацька, дзядуля, памяць аб пякельным афганскім мінулым ён змясціў і у адным з пакояў дома, ператворанага ў імправізаваны музей. Там ёсць выцяжны купал парашута, макет сцяга 56-й паветрана-дэсантнай брыгады, пісьмы, якія пасылаў родным, і фотаздымкі. Палкоўнік міліцыі ў запасе па-ранейшаму на пярэднім краі жыцця.
Галіна СУТУЛА. Фота з аабістага архіву А. Ждановіча.