Автор: . Дата создания:

Пётр Аляксандравіч Ламан – артыст, вядучы майстар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, паэт, перакладчык, аўтар трох паэтычных зборнікаў і кнігі прозы, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, уладальнiк медаля Францыска Скарыны. За яго плячыма звыш за 100 каларытных сцэнічных вобразаў. Сярод іх Юрась, Мацей і Несцерка са знакамітай візітоўкі тэатра – камедыі “Несцерка” В. Вольскага, завадатар паўстання Марцыян Ропат з гістраычнай хронікі Ул. Караткевіча  “Званы Віцебска”, вясковы музыка Скалнас з народнай камедыі-прыпавесці “Клеменс і многія іншыя. Сёння ён наш госць. Сустрэча з ім прымеркавана да яго 70-годдзя.

 

– Як вы абралі свой творчы шлях?

– Усё адбылося даволі выпадкова. У школе я любіў чытаць вершы са сцэны. Як і многія, удзельнічаў у самадзейнасці, мы ездзілі з канцэртамі ў суседнія вёскі. Пасля школы не паступіў у інстытут, год працаваў трактарыстам, як мой бацька. І раптам даведаўся, што аднакласнік Толя Жук паступіў вучыцца, як казалі ў вёсцы, “ на артыста”. Я падумаў, ну а чым я горшы за яго, таксама паспрабую. І паспрабаваў. Мяне прынялі, але кандыдатам у студэнты. Праз паўгода залічылі ў студэнты. Я быў вясковы хлопец, ну які там быў кругагляд! Дэкан дэкан тэатральнага факультэта Філіп Канстанцінавіч Кобля, якi да мяне вельмі добра ставіўся, завёў мяне ў бібліятэку інстытута і папрасіў яе супрацоўніц : “Займіцеся ім, калі ласка”. І апрача праграмнай літаратуры, у мяне яшчэ быў асобны спіс, які я мусіў адолець. Я прыходзіў у інстытут з раніцы і сыходзіў, калі яго зачынялі.

– Якія самыя галоўныя ўрокі і ад каго вы атрымалі ў жыцці?

– I мой бацька, і бабулі Стэфка і Каця вучылі мяне заставацца чалавекам. Тады ж было ў асноўным атэістычнае выхаванне. Але ў бабы Каці захоўвалася яшчэ дарэвалюцыйная Біблія. Дык я і туды свой нос уторкнуў. І вось гэтыя біблейскія запаветы – “не забі”, “не скрадзі” – увайшлі ў маю сутнасць. Ды і сама прырода ў вёсцы – найлепшы выхавацель чалавека. Бараніць сваю душу ад бруду, заставацца чалавекам – гэтаму мяне ўсе і вучылі.  

 

– Якую ролю ў вашым жыцці сыграў наш знакаміты спектакль “Несцерка”?

– Гэта першы спектакль, які я тут убачыў. І адразу адчуў сябе як дома. У ім гучала жывая родная мова. Я ж да 8 класа вучыўся ў беларускай школе. Калі мне нешта моцна падабаецца, я запамінаю на памяць. У свой час ведаў поўнасцю “Званы Віцебска”, ды і цяпер магу працытаваць пачатак. Так было і з “Несцеркам”, у якім я ведаў усе ролі. Спярша мяне ўвялі на ролю Юрася, і мне давялося яго іграць нават пасля пяцідзесяці гадоў. Потым я іграў Мацея, бацьку Настачкі. І нарэшце, калі Баркоўскі ажыццявіў капітальнае ўзнаўленне спектакля, кіраўніцтва вырашыла, што Несцеркай буду я.

– Якія яшчэ з роляў запомніліся вам асабліва?

 

– Гэта найперш Марцыян Ропат са “Званоў Віцебска”. Караткевіч ніколі не быў пачаткоўцам у беларускай літаратуры. Ён адразу ўвайшоў туды як класік, з першых вершаў, адразу быў сфарміраванай асобай. Памятаю, калі першы раз чыталі “Званы Віцебска”, акцёраў адразу здзівіла: “ А што гэта за мова, так жа не гавораць”. А для мяне гэта быў як бальзам на душу. Гэта мастацтва, але заснаванае на глыбінным разуменні, што такое мова.

 

– Што вас падштурхнула да літаратурнай творчасці? У якіх праявах жыцця вы шукаеце крыніцы для свайго паэтычнага натхнення?

– Зараз вершаў не пішу. Здаецца, Пушкінскія словы, што паэзія – гэта не вершаскладанне, а стан душы. Караткевіч толькі пачынаў як паэт, а потым стаў празаікам і драматургам. Вершы я пачаў пісаць у школе, потым прадоўжыў у інстытуце, я тады займаўся ў літаб’яднанні пры “Чырвонай змене”, якім кіраваў паэт Валянцін Лукша. Ён мне падказаў: “Ты ж зямляк Янкі Брыля. Пазвані яму”. Янка Брыль нарадзіўся, як і мой бацька у вёсцы Загор’е, а я – у суседняй, у Маласенцах. Ён добра ведаў тату. Калі быў уласным карэспандэнтам адной з маскоўскіх газет, пісаў нават пра яго артыкул: як той удзельнічаў у абароне Ленінграда, быў цяжка паранены, пасля вайны працаваў трактарыстам. Я перапісаў усе лепшыя свае вершы ў вучнёўскі сшытак і паказаў Брылю. Той пры мне пазваніў Міколу Аўрамчыку, на той час загадчыку аддзела паэзіі ў “Маладосці”, і ў хуткім часе  выйшла мая публікацыя ў гэтым часопісе.  АднойчыЯнка Брыль спытаў: “Пятро, а ты ні разу не спрабаваў пісаць прозу?” Гэта ўва мне засела, і пачалі сніцца мае “Астравы”. Я толькі занатоўваў іх на шпалерах у тым інтэрнацкім пакоі, дзе  тады жыў. У “Маладосці” спярша выйшла адна аповесць, потым яшчэ дзве. У Саюз пісьменнікаў я быў прыняты як паэт, а ў Міжнародную асацыяцыю пісьменнікаў ПЭН-цэнтр ужо як празаік. Потым тры аповесці выйшлі асобнай кніжкай. Актыўна займаюся перакладам. Як не дзіўна, але крыніцай для паэзіі з’явіліся самыя першыя карцінкі з маленства. Памятаю: стаю на акне, мяне трымаюць пад пашкі, а ў двары лужыны, і з іх сонечныя зайчыкі трапляюць на аканіцу, я спрабую іх лавіць. Пэўна, мне яшчэ і двух гадоў не было. Мая родная маці рана памерла, калі мне было чатыры. І гэтае сіроцтва моцна ўздзейнічала. Я любіў заставацца адзін, сам-насам з прыродай.

 

– А што са зробленага ў апошні час найбольш вас цешыць?

– Найперш мне блізкі Дзед са спектакля “Пахавайце мяне за плінтусам”. Я ж і перакладаў гэтую п’есу і даволі многа ад сябе ўклаў у тэкст. Пры перакладзе што галоўнае? Рытм і вібрацыя слоў. Гэта і ёсць сам аўтар, яго стыль. Вы з першых радкоў не зможаце пераблытаць Ясеніна з Маякоўскім, а Янку Купалу з Якубам Коласам, хоць мовы ў іх і аднолькавыя. Я з гэтым сутыкнуўся, калі перакладаў п’есу Алясандра Фрэдры “Муж і жонка”. Спрабую перакладаць з рускай – і лухта атрымліваецца. Пачаў шукаць арыгінал. З цэнтральнай бібліятэкі Варшавы даслалі мне польскі варыянт. І ў мяне ўсё пайшло.

– Над чым зараз працуеце як акцёр?

 

– Роля вельмі цікавая – Піліпа Цюрына ў новым спектаклі Юрыя Пахомава па апавяданнях Шукшына, які называецца “Яшчэ раз пра каханне”. Адна з навел у ім – “Восенню”. Мой герой пражыў жыццё і заўсёды кахаў жанчыну, якую зараз вязуць хаваць. Запрашаю на прэм’еру, якая адбудзецца 1 жніўня.

– Дазвольце павіншаваць вас з юбілеем і пажадаць творчага натхнення, здароўя, новых цікавых роляў!

Юрый Іваноўскі, фота з архiва тэатра.