Автор: . Дата создания:

Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце, шаноўныя суайчыннікі!

«Хрыстос уваскрос, Першынец сярод тых, якія памерлі... Бо як у Адаме ўсе паміраюць, так і ў Хрысце ўсе будуць ажыўленыя» (1 Кар 15, 20.22).

Супакой у свеце, які няспынна страсаюць ваенныя канфлікты, застаецца настолькі пажаданай, наколькі і вельмі крохкай каштоўнасцю. У гэтым кантэксце штораз больш актуальнымі становяцца словы Уваскрослага Езуса Хрыста да сваіх перапалоханых вучняў: «Спакой вам!» (Лк 24,36) Менавіта з гэтай мэтай Хрыстос перажыў сваю Велікодную таямніцу: прайшоў праз пакутніцкую смерць і вярнуўся да жыцця, каб чалавецтву прынесці спакой і даць надзею!

Рыхтуючыся да святкавання гэтай падзеі, мы перажылі пост – час, калі спрабавалі больш пільна ўслухоўвацца ў Божае слова, утаймоўваючы сваё цела. Менавіта гэтая практыка павінна дапамагчы чалавеку адкрыць у сваім жыцці каштоўнасці, якія спрыяюць згодзе і ўпарадкаванню адносінаў між чалавекам і Богам, а таксама між людзьмі.

Распачынаючы Вялікі пост, мы чулі заклік да навяртання і веры, каб такім чынам наследаваць прыклад самога Хрыста, Які, перш чым распачаць публічную дзейнасць, сам прыняў саракадзённы пост. Ідучы гэтым шляхам, мы становімся здольнымі браць удзел у перамозе Хрыста над грахом і смерцю не толькі ў перспектыве вечнасці, але ўжо цяпер, у нашым зямным жыцці. Гэтая перамога і заключаецца ў падпарадкаванні закону любові і шанаванні годнасці кожнага чалавека і яго жыцця. Прыняты сэрцам спакой Хрыстовы становіцца сведчаннем і крыніцай новага жыцця ў гэтым свеце, яго радасці і сэнсу.

Папа Леў ХІV, кажучы пра ўваскрэсенне Хрыста, аднойчы назваў яго «выбухам жыцця і радасці, які змяняе сэнс рэчаіснасці». Няхай і сёлетняе святкаванне Вялікадня стане, паводле слоў Папы, чарговымі лекамі для «сучаснага смутку, які пазбаўляе людзей сэнсу і радасці жыцця».

Жадаю ўсім нам, каб святло Велікоднай раніцы, асвяціўшы гэты свет, умацавала ў ім надзею на канчатковую перамогу дабра і справядлівасці, а нашыя сэрцы напоўніла Божым спакоем і той сапраўднай радасцю, якую нясе з сабой Хрыстовае ўваскрэсенне. Міру, згоды і Божага бласлаўлення кожнаму вашаму дому і ўсёй нашай роднай Беларусі!

Хрыстос Уваскрос! Са святам!

Алег Буткевіч, біскуп Віцебскі