Дэпутаты Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў 30 студзеня зацвердзілі назначэнне старшынёй мясцовага райвыканкама Уладзіміра Дранеўскага. Прадставіць новага кіраўніка народным выбраннікам і актыву раёна прыехалі старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, яго намеснік Алег Мацкевіч і начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Уладзімір Севярын, які расказаў прысутным асноўныя этапы біяграфіі Уладзіміра Дранеўскага, ахарактарызаваў яго як здольнага арганізатара, патрабавальнага кіраўніка, працаздольнага і адказнага чалавека. Пад яго кіраўніцтвам калектыў унітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Чашніцкага раёна дабіўся высокіх паказчыкаў. Таму ў аблвыканкаме спадзяюцца, што Уладзімір Аляксандравіч зможа і на пасадзе старшыні Браслаўскага райвыканкама выкарыстаць свае веды і вопыт для сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна.
Уладзімір Дранеўскі заверыў, што будзе будаваць работу так, каб у сельскай гаспадарцы раён нарошчваў аб’ёмы вытворчасці малака і мяса, паспяхова падрыхтаваўся да веснавой сяўбы, забяспечваў далейшае развіццё прамысловасці, змяншаў складскія запасы прадукцыі, укараняў новыя тэхналогіі, у прыватным сектары гарантаваў падтрымку індывідуальных прадпрымальнікаў, фермераў і гаспадароў. У цэнтры ўвагі будзе заставацца чалавек, яго дабрабыт, спакойнае і якаснае жыццё.
Дружнымі апладысментамі прысутныя віншавалі з назначэннем новага старшыню райвыканкама. Добрыя пажаданні выказалі яму старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская.
Падзяку аблвыканкама і Ганаровую грамату райсавета дэпутатаў за ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна атрымаў былы яго кіраўнік Сяргей Шматаў.