Автор: . Дата создания:

Беларусь у ліку тых краін, якім не стае ўласных паліўна-энергетычных рэсурсаў. Каля 85% іх вымушана завозіць з-за мяжы, што робіць яе эканоміку залежнай ад знешніх пастаўшчыкоў. Таму перад Мінэнерга пастаўлена задача мабілізацыі мясцовай энергасыравіннай базы. А тарфяная галіна ў краіне, па ацэнцы міністэрства, знаходзіцца на хвалі ўздыму, займае вядучае месца ў свеце па здабычы торфакрошкі, лідзіруе ў аб’ёмных паказчыках па вырабе паліўных брыкетаў. Гэта вынік рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Торф”, у якой сваё месца займае Браслаўскі торфабрыкетны завод – адзіны на сённяшні дзень у Віцебскай вобласці, дзе вырабляюць паліўныя брыкеты. Адзначыўшы 50-годдзе свайго існавання, прадпрыемства апынулася ў цяжкой сітуацыі маральнага і фізічнага зносу абсталявання. Яго маглі закрыць. Але на дзяржаўным узроўні было вырашана захаваць на Браслаўшчыне горадаўтвараючы завод, а для гэтага рэканструяваць. Па-сутнасці ж яго практычна будавалі па-новаму, не прыпыняючы вытворчага працэсу. У верасні 2018 года маштабныя работы былі завершаны. На Браслаўшчыне з’явілася прадпрыемства, аснашчанае самым сучасным абсталяваннем.

Пра ўсё гэта ўзгадалі падчас сустрэчы міністра энергетыкі Віктара Каранкевіча і старшыні абласнога выканаўчага камітэта Мікалая Шарснёва з калектывам торфабрыкетнага завода. У выніку рэканструкцыі прадпрыемства павялічыла вытворчыя магутнасці з 30 да 40 тысяч т выпуску брыкетаў у год і разам з тым сутыкнулася з праблемай рэалізацыі прадукцыі. У сувязі з гэтым старшыня аблвыканкама звярнуў увагу кіраўніка Мінэнерга на неабходнасць больш актыўнага пераводу шэрагу кацельняў менавіта на торф, што дазволіць браслаўчанам істотна пашырыць геаграфію рынкаў збыту. На самой Віцебшчыне гэта пытанне распрацоўваецца на “Даламіце” і Обальскім цагельным заводзе. Але акрамя іх, падкрэсліў Мікалай Шарснёў, добра было б перавесці і шэраг невялікіх кацельняў, чый попыт у паліве можа лёгка забяспечыць Браслаўскі торфабрыкетны. Час думаць пра асваенне новых відаў прадукцыі.

Аблвыканкам паклапаціўся пра адвод палёў для здабычы торфу. Запасаў на ўжо асвоеных хопіць на 15 гадоў стабільнай работы прадпрыемства, а адведзеных – на 30 – 40. Сёлета, адзначыў Віктар Каранкевіч, міністэрства плануе ўкладваць грошы менавіта ў распрацоўку тарфяных залежаў, на Браслаўшчыне ў тым ліку. А браслаўчане гатовыя да новага кроку ў развіцці свайго прадпрыемства.

Сапраўды, сённяшні завод кардынальна адрозніваецца ад былога. Калектыў ацаніў магчымасці, якія атрымаў дзякуючы сучаснаму абсталяванню, укаранёнай тэхналогіі. Іх таксама прадэманстравалі гасцям, далі магчымасць параўнаць старое прадпрыемства і новае, праўда, на стэндах і маніторы.

У апаратнай пазнаёмілі з укаранёнай аўтаматызаванай сістэмай кантролю тэхнічнага працэса, работы кожнага агрэгата, якая “счытвае” інфармацыю для паглыбленага аналізу прычын, якія паўплывалі на выхад прадукцыі, панесеныя затраты.

Госці прайшлі па ўсім тэхналагічным ланцугу вырабу брыкетаў, на свае вочы пабачылі ўмовы працы рабочых, пасля чаго сустрэліся з калектывам, адказалі на пытанні, што хвалююць людзей. У міністра энергетыкі цікавіліся пра перспектывы развіцця галіны і іх прадпрыемства ў прыватнасці. Спасылаючыся на Усебеларускі народны сход, Віктар Каранкевіч гаварыў пра распрацаваныя на бліжэйшыя гады праграмы развіцця галіны, дзе значнае месца адводзіцца больш актыўнаму выкарыстанню мясцовых відаў паліва, значыць, перспектывы пашыраюцца і ў Браслаўскага торфабрыкетнага. А ў старшыні аблвыканкама цікавіліся, які лёс чакае сельскія раёны, ці ёсць у іх будучае.

– Рэгіёны павінны жыць і развівацца, – адказаў Мікалай Шарснёў. – І аблвыканкам прымае для гэтага захады. Прыкладам таму тая ж Браслаўшчына, дзе ў апошнія гады істотна змяніліся райцэнтр і аграгарадок Відзы. Наперадзе раён чакаюць чарговыя змены ў добраўпарадкаванні населеных пунктаў, паляпшэнні ўмоў працы і жыцця людзей. Але для гэтага і самім мясцовым жыхарам трэба дбаць пра сваю зямлю, клапаціцца пра падрыхтоўку кадраў, замацаванне маладых спецыялістаў і многае іншае, што вызначае дабрабыт і камфорт жыцця.

Размова атрымалася шчырай, добразычлівай, калі абодва бакі чулі і разумелі адзін аднаго і гатовы працаваць на карысць усяго грамадства.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.