Выкараніць факты безгаспадарчасці, марнатраўства, выслухаць чалавека і ўспрыняць яго праблемы як свае. Такія галоўныя высновы зрабіў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Леанід Анфімаў падчас рабочай паездкі ў Пастаўскі раён.
Леанід Васільевіч дэталёва азнаёміўся з ходам веснавых палявых работ у краі, куды прыязджаў для вывучэння стану спраў у раслінаводстве і на Пастаўскім ільнозаводзе, а таксама для сустрэчы з насельніцтвам. Каб зменшыць магчымыя страты ад капрызаў надвор’я, падкрэсліў старшыня КДК, трэба паўсямесна выкараніць безгаспадарчасць, марнатраўства, безадказнасць за даручаны ўчастак работы.
Менавіта гэтай задачы было прысвечана і пасяджэнне райвыканкама, на якім абмяркоўвалася пытанне «Аб ходзе рэалізацыі мерапрыемстваў па выкананні патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны».
Намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў паведаміў пра страты людскіх рэсурcаў ад знешніх прычын: злоўжывання спіртным, гібелі на пажарах, у выніку суіцыдаў, патапленняў, ДТЗ, траўміравання на вытворчасці. І хоць сёлета па ўсіх гэтых накірунках менш трагічных фактаў, заспакойвацца нельга. Праведзеныя маніторынгі і праверкі выявілі шэраг недахопаў па захаванні правілаў аховы працы, пажарнай і электрабяспекі, вытворчай санітарыі, эксплуатацыі транспарту.
У выніку выдадзена больш за сто прадпісанняў і рэкамендацый па выпраўленні амаль 400 парушэнняў, была прыпынена эксплуатацыя 50 адзінак машын і абсталявання, адхілены ад працы 15 работнікаў. Прычым патрабаванні і рэкамендацыі, якія тычацца аховы працы, зазначаў дакладчык, часцей за ўсё патрабавалі не вялікіх грашовых укладанняў, а надзейнага кантролю адказных асоб.
Прамоўца прааналізаваў прычыны, якія адмоўна ўплываюць на эфектыўнасць работы калектываў, агучыў вызначаныя райвыканкамам шляхі ліквідацыі недахопаў, напрамкі прафілактыкі гібелі людзей ад знешніх прычын. Сваім бачаннем праблем і спосабамі іх выкаранення падзяліліся начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксей Кісель і начальнік РАУС Аляксандр Гарус.
На тым, як грамадская бяспека і дысцыпліна ўздзейнічаюць на вытворчасць і жыццё ў цэлым, акцэнтаваў увагу прысутных старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік. Гэтае пытанне ўздымаў і Леанід Анфімаў. Дырэктыва №1, падкрэсліваў Леанід Васільевіч, павінна быць галоўнай для кожнага кіраўніка. А работа па яе рэалізацыі – весціся сістэмна і без надуманых патрабаванняў, якія паралізуюць вытворчасць, быць скіраванай на выкананне прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна.
– Макраэканоміка складаецца з мікраэканомік, – нагадаў Леанід Васільевіч. — І калі пастаўчане ў сённяшняй сітуацыі апусцяць рукі, можа зменшыцца валавы прадукт краіны, чаго дапусціць нельга. Таму раёну трэба мабілізаваць усе магчымыя рэзервы, паказаць сваю працавітасць, арганізаванасць і адказнасць.
Сярод прыярытэтаў у рабоце, акрэсленых старшынёй Камітэта дзяржкантролю, былі павелічэнне заработнай платы, своечасовасць яе выплаты, развіццё прадпрымальніцтва, стварэнне новых рабочых месцаў і зніжэнне сабекошту прадукцыі. Леанід Анфімаў прыводзіў прыклады станоўчага вырашэння задач аднымі і іх прафанацыі другімі.
Гэта тэма знайшла працяг пры наведванні Леанідам Васільевічам Пастаўскага льнозавода. Тры гады назад ён быў мадэрнізаваны, але да гэтага часу новая лінія не эксплуатуецца. Прадпрыемства церпіць страты. З гэтай нагоды розныя ведамствы і службы, у тым ліку Камітэт дзяржкантролю, атрымалі заданне ад Прэзідэнта Беларусі нарэшце разабрацца ў сітуацыі, ліквідаваць прычыны, што не дазваляюць выпускаць прадукцыю менавіта на новай лініі. 1 ліпеня яна павінна быць уведзена.
Знаёмячыся з прадпрыемствам, Леанід Анфімаў адзначыў, што ўсе льнозаводы, якія прайшлі мадэрнізацыю, працуюць стабільна, акрамя Пастаўскага. У яго абнаўленне ўкладзена амаль 200 млрд недэнамінаваных рублёў, якія пакуль не даюць аддачы. Адказныя за ўвод лініі – Акадэмія навук Беларусі і Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр па механізацыі, па ініцыятыве якіх набыта бельгійская лінія і дапоўнена айчыннымі механізмамі. Магчыма, прычына і крыецца ў адсутнасці паміж імі спалучэння. Дзяржкантроль будзе сачыць, каб было знойдзена і рэалізавана аптымальнае вырашэнне праблемы.
Некалькі гадзін Леанід Васільевіч удзяліў жыхарам Пастаўшчыны, якія не змаглі вырашыць свае пытанні на раённым узроўні. У асноўным іх просьбы тычыліся жылля, яго рамонту, газіфікацыі.
Былі звароты па праблемах аховы навакольнага асяроддзя, назначэння льготнай пенсіі і зямельных граніц. На адны грамадзяне пачулі адказ адразу, а на тыя, што патрабавалі дадатковага вывучэння, атрымаюць пазней.
– Большасць пытанняў магла быць вырашана раённай уладай, – заключыў Леанід Анфімаў. — Трэба выслухаць чалавека, успрыняць яго праблемы як свае. Тады для многіх з іх не будзе патрабавацца ўмяшальніцтва старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю.
Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.