Автор: . Дата создания:

На 35-й сесіі Ушацкага раённага Савета дэпутатаў 27-га склікання аднагалосна была зацверджана на пасаду старшыні Ушацкага раённага выканаўчага камітэта кандыдатура Уладзіміра Аўдошкі.

Уладзімір Аўдошка, Уладзімір Цярэнцьеў, Вольга Захарэнка, Віктар Родзіч.

Актыў раёна гарачымі апладысментамі сустрэў земляка. Уладзімір Генадзьевіч нарадзіўся ў 1967 годзе ва Ушачах. Тут у 1984-м і пачаў сваю працоўную дзейнасць рабочым агароднінасушыльнага завода. З 1985 па 1990 год вучыўся ў Велікалуцкім сельскагаспадарчым інстытуце ў Расіі, атрымаў спецыялізацыю «Механізацыя сельскай гаспадаркі», пасля чаго займаў розныя пасады ў арганізацыях і ўстановах раёна. У 2004 годзе скончыў Полацкі дзяр­жаў­ны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Фінансы і крэдыт». Мае вопыт працы ў раённым выканаўчым камітэце.

За час працы на розных пасадах Уладзімір Генадзьевіч зарэкамендаваў сябе кампетэнтным, ініцыятыўным кіраўніком з добрымі арганізатарскімі здольнасцямі, які валодае сучаснымі метадамі кіравання, разбіраецца ў пытаннях эканомікі і фінансаў. Пра гэта казалі падчас выступленняў дэпутаты раённага Савета дэпутатаў. Пераважная большасць прысутных у зале знаёмыя з Уладзімірам Генадзьевічам, ведаюць яго як чалавека слова і справы з дзелавой рэпутацыяй кіраўніка, які ўмее згуртаваць калектыў.

– Я ясна разумею, што пасада старшыні райвыканкама, як і пасада любога кіраўніка, – не нейкае ганаровае званне, не мяккае крэсла і ўтульны кабінет, – звярнуўся да актыву раёна Уладзімір Аўдошка. – Гэта вялікая адказнасць за давераны ўчастак работы і людзей, якія знаходзяцца за тваёй спіной. Пры ўзгадненні Прэзідэнт краіны паставіў канкрэтныя задачы, дастаткова жорсткія, бо часу на раскачку няма – менш размоў, патрэбны вынік. Ва ўсіх для гэтага павінны быць настрой і жалезная дысцыпліна. Краевугольным каменем для мяне як старшыні і для кіраўнікоў арганізацый стане занятасць насельніцтва, стварэнне новых працоўных месцаў і выплата зарплаты – на сённяшні дзень наш раён па гэтых паказчыках знаходзіцца не ў самым лепшым становішчы.

Новы старшыня райвыканкама адзначыў, што, пражыўшы два гады ў вялікім горадзе, зразумеў, наколькі цэннае тое прыроднае багацце, якое даў Бог Ушацкаму раёну. Таму разам з сельскай гаспадаркай адным з найважнейшых напрамкаў, які плануецца развіваць у раёне, стане аграэкатурызм і выкарыстанне прыродных рэсурсаў. Трэба прыцягваць да гэтай справы прадпрымальнікаў-землякоў, дзелавых людзей з іншых рэгіёнаў, у прыватнасці, з суседніх Полацка і Наваполацка. «Кадравы патэнцыял раёна дазваляе вырашаць пастаўленыя задачы, і калі мы будзем ісці да іх выканання разам, то ў нас усё атрымаецца», – перакананы Уладзімір Генадзьевіч.

Ён лічыць, што камфортныя ўмовы для жыцця і правядзення вольнага часу ў рэгіёне ўжо практычна ёсць – засталося дабудаваць фізкультурна-аздараўленчы комплекс. З гэтым згодны і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. Вобласць удзяляе дастаткова ўвагі Ушацкаму раёну: дапамагала аднавіць мемарыяльны комплекс «Прарыў», будаваць фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Кіраўнік дэпутацкага корпусу вобласці падкрэсліў, што ўмовы гаспадарання на Віцебшчыне, асабліва ў галіне сельскай гаспадаркі, больш складаныя, чым у заходніх рэгіёнах краіны. Ды і 6300 населеных пунктаў няма ні ў адной іншай вобласці – а гэта клопат пра іх жыхароў. Але ці многа зроблена для таго, каб край стаў квітнеючым? У сярэдзіне 80-х колькасць буйной рагатай жывёлы ў рэгіёне дасягала мільёна галоў, а зараз амаль у два разы менш. Рэкордны ўраджай пазамінулага года параўноўваецца з… 1976 годам.

– Пры сучаснай тэхніцы і тэхналогіях гэтага, канечне, недастаткова, – канстатаваў Уладзімір Цярэнцьеў. Таму трэба працаваць па-новаму, закасаўшы рукавы, думаць, як засяляць пустыя дамы ў сельскіх населеных пунктах, не баяцца прапаноўваць нескарыстаную маёмасць, няхай і за адну базавую велічыню. Трэба ўсё рабіць для інвестараў, каб яны прыходзілі і працавалі на Ушаччыне.

Уладзімір Цярэнцьеў пажадаў Уладзіміру Аўдош-ку і ўсяму актыву раёна аб’яднацца, «як вы гэта ўмееце рабіць», уручыў новаму старшыні райвыканкама службовае пасведчанне. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Захарэнка падзякавала за працу Віктару Родзічу, які быў узнагароджаны Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў.

Дзмітрый Раманоўскі, Ушачы, фота аўтара.