Автор: . Дата создания:

У архіве супрацоўніка “Віцебскводтранса” Івана Русіна захаваўся здымак 1950-х, на ім зафіксавана работа земснарада, які чысціў дно Заходняй Дзвіны пад Кіраўскім мостам. Але фатаграфія цікавая яшчэ і тым, што на ёй бачна недабудаваная гасцініца “Дзвіна” і Клуб металістаў, дзе пасля вяртання з эвакуацыі размяшчаўся тэатр імя Якуба Коласа (да 1944-га – БДТ-2).

Старажыл Віцебска Сямён Дынкін у той час актыўна наведваў пастаноўкі і згадвае, што амаль на кожным спектаклі быў аншлаг. Асабліва гледачам у цяжкі пасляваенны перыяд падабаліся камедыі. Адным з самых любімых артыстаў з’яўляўся Аляксандр Ільінскі (не блытаць з Ігарам Ільінскім з “Карнавальнай ночы”) – першы выканаўца ролі Несцеркі. Як толькі ён выходзіў на сцэну, у зале адразу раздаваўся смех. Пасля смерці артыста ў яго гонар назвалі вуліцу, дзе зараз стаіць закінуты Клуб металістаў, што ў свой час прытуляў не толькі Коласаўскі тэатр, але і Дом культуры Віцебскага раёна. Сямён Дынкін прапанаваў азнаёміцца з кнігай успамінаў былога дырэктара тэатра Уладзіміра Стэльмаха “Тэатр і час”, выдадзенай “Мастацкай літаратурай” у 1973 годзе. У ёй у тым ліку расказваецца пра перыяд эвакуацыі і вяртання ў родны горад 75 гадоў таму назад.

Прызначэнне дырэктарам 

З пачаткам вайны мінскі артыст Уладзімір Стэльмах быў прызваны ў армію. Пехацінцам ваяваў пад Смаленскам і Ельняй. Потым яго накіравалі ў Тамбоў у курсанцкі полк па падрыхтоўцы сярэдніх камандзіраў. У лютым 1943-га Уладзіміра Стэльмаха выклікалі ў вучэбную частку і загадалі тэрмінова выязджаць у Маскву ў ЦК КПБ. Там яго прыняў кіраўнік рэспублікі Пантэлеймон Панамарэнка і сказаў:

– Нягледзячы на тое, што ідзе яшчэ суровая вайна, нам неабходна падумаць аб падрыхтоўцы да вяртання нашых тэатраў у родную Беларусь. Тут мы ўжо параіліся і вырашылі спыніцца на тваёй кандыдатуры на пасаду дырэктара аднаго з тэатраў.

Такім чынам Уладзімр Стэльмах паехаў у казахстанскі Уральск, дзе знаходзіўся віцебскі БДТ-2, у якім дванаццаць гадоў таму ён пачынаў кар’еру.

Уральск – Арэхава-Зуева 

Пасля некалькіх месяцаў было вырашана перабазіраваць тэатр пад Маскву, бо савецкая армія набліжалася да Беларусі. Калектыў колькасцю 118 чалавек прыняў вестку з радасцю.

У Арэхава-Зуеве пры падтрымцы мясцовых улад былі тэрмінова адрамантаваны памяшканне тэатра, дзе тады знаходзіўся склад, і гасцініца. Поезд прыбыў у Маскву на Казанскі вакзал 25 жніўня 1943-га. Разам з супрацоўнікамі тэатра прыехалі сем’і пісьменнікаў Вольскага, Бядулі, Куляшова. На сустрэчу прыйшлі прадстаўнікі ЦК КПБ і ўрада, пісьменнікі, артысты маскоўскіх тэатраў. Пасля віншаванняў, абдымкаў і пацалункаў вагоны перагналі на Беларускі вакзал, а адтуль – у Арэхава-Зуева.

Новы сезон у падмаскоўным горадзе БДТ-2 адкрыў традыцыйным “Несцеркай”. Уладзімір Стэльмах выйшаў павіншаваць гледачоў ад імя акцёраў, падзякаваць арэхава-зуеўцам за прытулак, загаварыў і пра Беларусь, яе герояў-партызан, дзеячаў сцэны, што мастацкім словам дапамагаюць граміць ворага. Прамова доўжылася сорак хвілін, за што дырэктару дасталося на арэхі ад акцёраў. Пасля спектаклю гледачы доўга не разыходзіліся, некалькі разоў выклікалі выканаўцаў на сцэну і літаральна засыпалі іх кветкамі, чуліся воклічы: “Малайцы, беларусы!”

Праз некалькі дзён Уладзіміра Стэльмаха выклікаў у Маскву Пантэлеймон Панамарэнка. Ён не змог быць на адкрыцці тэатра, але ведаў пра поспех. Кіраўнік рэспублікі прасіў перадаць падзяку калектыву і пачаў ушчуваць дырэктара за доўгую прамову на адкрыцці:

– Безумоўна, трэба было падзякаваць за клопаты арэхава-зуеўцам. Але можна было зрабіць гэта за пяць, дзесяць хвілін. Людзі ж прыйшлі спектакль глядзець, а не тваю прамову слухаць. А потым, што гэта за дырэктар у старой салдацкай гімнасцёрцы? Што, у цябе няма цывільнага касцюма?

– Пакуль што няма.

– Дык чаго маўчыш? Зайдзі да Грэкавай (намеснік старшыні Савета Міністраў БССР. – Заўв. аўт), яна табе дапаможа.

З Масквы Уладзімір Стэльмах вярнуўся ў касцюме, сарочцы і пры гальштуку.

Калінін і Несцерка 

За дапамогу фронту Арэхава-Зуеўскі тэкстыльны камбінат быў узнагароджаны ордэнам Леніна. Уручаць узнагароду прыехаў Міхаіл Калінін. Падчас прамовы ўсесаюзнага старасты на ўрачыстым пасяджэнні з-за перагрузкі кінаапаратуры раптам пагасла святло. Усе захваляваліся, забегалі. Не разгубіўся толькі Міхаіл Іванавіч і працягваў гаварыць упоцемках. А калі ўключылі аварыйную лінію, пажартаваў, што гэта была праверка: ці ўмее ён гаварыць без шпаргалкі.

Пасля ўрачыстай часткі артысты паказалі “Несцерку”. Уладзімір Стэльмах спрабаваў перакладаць асобныя словы Міхаілу Калініну, але той адмовіўся ад паслуг дырэктара і сказаў, што ўсё разумее. Пасля спектакля ўсесаюзны стараста быў у бадзёрым настроі і нават паўтараў асобныя рэплікі і словы Несцеркі.

Праз месяц у Крамлі Міхаіл Калінін уручаў артыстам і групе беларускіх партызан ордэны. Узнагароджваючы Аляксандра Ільінскага “Знакам Пашаны”, з усмешкай сказаў:

– Вось дзе мы зноў сустрэліся, Несцерка.

Уладзімір Стэльмах адзначаў, што арэхава-зуеўскі перыяд быў для тэатра вельмі плённым. Веліч савецкага чалавека ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі праслаўлялі такія спектаклі, як “Фронт”, “Нашэсце”, “Проба агнём”, “Хлопец з нашага горада” і іншыя.

Апроч тэатра акцёры выступалі з пастаноўкамі і канцэртамі на фабрыках, заводах, у школах і шпіталях. Выяздная брыгада наведвала дзеючыя часці на пярэдняй лініі фронту. У яе склад уваходзілі будучыя народныя артысты СССР Павел Малчанаў і Фёдар Шмакаў. Разам з воінамі Савецкай арміі творчая брыгада тэатра ўступіла на беларускую зямлю.

Салют – Віцебску 

Падчас працы ў Арэхава-Зуеве БДТ-2 быў запрошаны на гастролі ў савецкую сталіцу. У Маскоўскім тэатры оперы традыцыйна пачалі з “Несцеркі”. На спектаклі прысутнічалі землякі-беларусы, партызаны, легендарны дзед Талаш, пісьменнікі Кандрат Крапіва, Пятро Глебка, Максім Танк, Віталь Вольскі, кіраўнікі ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР. Роўна ў восем гадзін вечара адкрылася заслона, загучала уверцюра. У першым антракце раптам прагучаў салют – ён быў у гонар вызвалення роднага Віцебска. Несцерка – Аляксандр Ільінскі – не вытрымаў і перад пачаткам другой дзеі абвясціў са сцэны радасную навіну. Публіка ўстала, пачаліся бурныя апладысменты, гледачы кінуліся на сцэну. “У тую ноч мы не клаліся спаць – хадзілі па вуліцы Горкага, па Краснай плошчы, стаялі перад Маўзалеем Леніна. Нашы думкі былі ўжо там, у роднай Беларусі, у Віцебску”.

У жніўні 1944-га Уладзімір Стэльмах выехаў у Віцебск па справах рээвакуацыі тэатра. “Віцебск сустрэў мяне руінамі і папялішчамі. Дзе-нідзе можна было ўбачыць толькі каробкі каменных дамоў, драўляныя домікі і зямлянкі. Я глядзеў і не пазнаваў горада. Адна толькі Дзвіна, як і раней, задуменная цякла ўдалеч, як маўклівы сведка варварскіх разбурэнняў”. Для аднаўлення працы тэатра ўлады прадаставілі самае “лепшае” памяшканне – каробку разбуранага Клуба металістаў, а для размяшчэння калектыву – каробку былога Дома спецыялістаў (вул. 1-я Даватара, 14/9). У верасні 1944-га БДТ-2 вярнуўся на радзіму. “У Віцебск акцёры прыехалі надвячоркам, цягнік падышоў да груды руін, дзе на слупе было напісана: “Станцыя Віцебск”. Пачуліся гукі ваеннага аркестра, радасныя галасы родных, сяброў, знаёмых… Пачаўся мітынг. Фары машын асвятлялі твары людзей – другога асвятлення ў горадзе пакуль што не было. Пасля мітынгу пачалі раз’язджацца па “кватэрах”. Прытуліла нас амаль адзінае памяшканне ў горадзе, дзе застаўся дах над галавой, – ветэрынарны інстытут. Людзі рассяліліся ў чатырох аўдыторыях, пакуль не адрамантавалі кватэры ў Доме спецыялістаў”. На дапамогу тэатру па рамонце жылля прыйшлі працоўныя горада, рабочыя завода імя Кірава, чыгуначнікі. Многія акцёры ўспомнілі свае старыя прафесіі і пачалі працаваць цеслярамі, тынкоўшчыкамі.

Тым часам аднаўленне Клуба металістаў ішло днём і ноччу. Нарэшце пачаліся рэпетыцыі. Усе работнікі тэатра працавалі з дзевяці гадзін да позняга вечара. Рэпеціравалі старыя спектаклі і новую п’есу “Так і будзе” Канстанціна Сіманава, адраджалася пастаноўка “Крамлёўскіх курантаў” Міхаіла Пагодзіна.

Рашэннем Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 21 снежня 1944-га БДТ-2 прысвоена імя народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Праз дзесяць дзён у пераднавагодні вечар было прызначана ўрачыстае адкрыццё сезона. Быў паказаны спектакль “Заложнікі”, на якім прысутнічаў сам Бацька Мінай.

Уладзімір Стэльмах адзначаў: “У горадзе не было яшчэ электрычнасці, не было і мастоў праз Дзвіну. Вечарам, у цемры, асабліва быў дарагі для сэрца кожнага віцябляніна агеньчык, які загараўся кожны вечар на тым беразе Дзвіны (у тэатры быў свой рухавічок, які падарыла адна вайсковая часць), і гледачы ішлі кожны вечар да нас “на агеньчык”.

Фота з адкрытых крыніц.