Автор: . Дата создания:

У скверы завода імя Камінтэрна, што прылягае да вуліцы Будзённага ў Віцебску, стаіць памятны знак касманаўтам. Але якім, мала хто з жыхароў абласнога цэнтра скажа, бо пастамент безыменны. Многія думаюць, што гэта збіральныя вобразы скарыцеляў неба, таму што побач пачынаецца вуліца Касманаўтаў (назву яна атрымала ў 1962-м). Наводку можа даць замацаваная на камені шыльда на ўваходзе ў сквер са сціплым надпісам. На ёй паведамляецца, што памятны знак прысвечаны польска-савецкай дружбе і ўсталяваны ў 1988 годзе на сродкі працоўных Чыгуначнага раёна Віцебска, заработаных на суботніках.

 

Зорныя браты

Менавіта так з лёгкай рукі аднаго з журналістаў у прэсе пачалі называць Пятра Клімука і Міраслава Гермашэўскага пасля палёту ў космас на караблі “Саюз-30”, здзейснены з 27 чэрвеня па 5 ліпеня 1978 года. У першую чаргу таму, што яны былі прадстаўнікамі двух блізкіх народаў – беларускага і польскага.

 

“Саюз-30” стартаваў у 18 гадзін 27 хвілін. Амаль праз суткі адбылася стыкоўка з комплексам, які складаўся з касмічнай станцыі “Салют-6” і карабля “Саюз-29”, на якім амаль за два тыдні да гэтага прыляцелі Уладзімір Кавалёнак (яшчэ адзін беларус) і Аляксандр Іванчанкаў. Гаспадары, сустракаючы гасцей, адзін трымаў ў руках алімпійскага Мішку (гэты сімвал будучай маскоўскай Алімпіяды-80 ужо актыўна рэкламаваўся) з тубай сока, другі – ляльку з “касмічнымі” боханамі хлеба. Пётр Клімук і Міраслаў Гермашэўскі прывезлі калегам пасылкі, газеты, пісьмы ад родных і блізкіх. Потым адбыўся прамы тэлерэпартаж, а затым касманаўты пачалі пераносіць на станцыю дастаўленныя грузы. Міраслаў Гермашэўскі ўзяў з сабой факсімільнае выданне кнігі геніяльнага польскага астранома Мікалая Каперніка “Аб абарачэнні нябесных сфер”.

На працягу арбітальных будняў касманаўты на ўласным арганізме даследавалі фізіялагічныя і псіхалагічныя рэакцыі чалавека ў экстрэмальных умовах, праводзілі эксперыменты з рознымі матэрыяламі, дыстанцыйна зандзіравалі Зямлю з мэтай вывучэння прыродных рэсурсаў. У адзін з дзён адбылася прэс-канферэнцыя для журналістаў з сацыялістычных краін, акрэдытаваных пры Цэнтры кіравання палётамі.

5 ліпеня ў 13.14 “Саюз-30” адстыкаваўся ад арбітальнага комплексу і праз 2 гадзіны 15 хвілін апарат прызямліўся ў 300 км на захад ад Цалінаграда. Амаль адначасова побач селі пошукава-выратавальныя верталёты.

А Уладзімір Кавалёнак і Аляксандр Іванчанкаў працягвалі палёт. Усяго яны тады правялі ў космасе больш за 139 сутак і сустракалі яшчэ савецка-нямецкі экіпаж у складзе Валерыя Быкоўскага і Зігмунда Ена.

 

У фестывальныя дні

 Падрыхтоўка да Першага Усесаюзнага фестывалю польскай песні ўзрушыла Віцебск. Афіцыйнае адкрыццё адбылося 20 ліпеня, трансляцыя вялася па першай праграме Цэнтральнага тэлебачання, “Інтэрбачанні”, “Еўрабачанні”. Да гасцей звярнуўся першы сакратар ЦК КПБ Яфрэм Сакалоў, ён таксама зачытаў прывітальны адрас генеральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова.

 

На наступны дзень адкрылі памятны знак у гонар 10-годдзя палёту савецкага і польскага касманаўтаў. Вось што пісала пра падзею абласная газета “Віцебскі рабочы”: “У гэтай прыемнай для віцябчан урачыстасці прынялі ўдзел і самі зорныя браты. Ад імя гараджан іх вітаў старшыня гарвыканкама М. А. Федарчук.

Бронзавая скульптура. На гранітным пастаменце аўтографы касманаўтаў. Як гаварыў аўтар памятнага знака вядомы беларускі скульптар Іван Міско, аўтографы ён атрымаў у запісную кніжку менавіта дзесяць гадоў таму. І вось яны ўвасоблены ў бронзе. Са словамі ўдзячнасці да гараджан звярнуліся Міраслаў Гермашэўскі і Пётр Клімук. Яны выказалі задавальненне тым, што атрымалі своеасаблівую прапіску ў Віцебску, у горадзе, які гасцінна прыняў Першы Усесаюзны фестываль польскай песні. А песні, адзначылі касманаўты, заўсёды гучаць тады, калі сябруюць народы”.

 

Ганаровы член брыгады

Пётр Клімук не ў першыню быў у нашым горадзе. У верасні 1978 года ён пабываў на Віцебшчыне, калі здзейсніў свой трэці палёт. Перадгісторыя візіту такая.

Вясной 1975-га дзесяць рабочых участка па рамонце металарэзнага абсталявання 22-га цэха прадпрыемства “Маналіт” уключылі Пятра Клімука ў сваю брыгаду ў якасці ганаровага члена і вырашылі працаваць за 11 чалавек. Пра гэта яны напісалі ў рэдакцыю “Віцебскага рабочага”, а таксама запрасілі касманаўта ў Віцебск: “Будзем вітаць вас у нашым тысячагадовым горадзе”. Пісьмо было надрукавана 1 мая 1975-га, а ўжо 24 мая Пётр Клімук разам з Віталем Севасцьянавым пачаў шматдзённую касмічную вахту. Падчас гэтага палёту на “Маналіт” прыйшла тэлеграма ад касманаўта, у якой ён выказаў падзяку рабочым і жадаў усяго найлепшага.

9 верасня 1978-га Пётр Клімук прыбыў у Віцебск, усклаў кветкі да Вечнага агню на плошчы Перамогі, наведаў шэраг прадпрыемстваў. Асабліва сардэчнай была сустрэча на “Маналіце”. У прыватнасці, рабочыя брыгады 22-га цэха паказалі госцю яго працоўнае месца і паведамілі, што на асабістым рахунку касмічнага таварыша каля 7 тыс. руб., пералічаных у Фонд міру. Пасля Віцебска Пётр Ільіч наведаў Наваполацк, дзе яму было прысвоена званне ганаровага грамадзяніна. Затым яго чакаў Навалукомль, у якім на памяць пра візіт касманаўт пасадзіў каля Палаца культуры энергетыкаў малады дубок. Чытачам абласной газеты Пётр Клімук пакінуў запіс з пажаданнямі па-беларуску: “Чытачам “Віцебскага рабочага”, усім працоўным Віцебшчыны жадаю ў год 60-годдзя БССР і КПБ вялікіх поспехаў”.

Напрыканцы 1990-х вандалы сарвалі пліту з аўтографамі касманаўтаў. У 2013-м памятны знак абнавілі, замяніўшы мармуровыя пліты на гранітныя.

Фота Сяргея Кавалеўскага і з адкрытых крыніц.