У мінулым выпуску «Рэтраспектывы» мы расказвалі пра віцебскі мікрараён Рагатка. Тады з будынка СШ №2 ракурс на старой фатаграфіі быў скіраваны на рог праспектаў Маскоўскі і Чарняхоўскага, дзе знаходзіцца цяперашні рэстаран «Журавінка». Сёння – погляд на саму школу (1) з аднаго з паверхаў дома, вядомага лозунгам на даху – «Подзвіг савецкага народа бессмяротны». Ён пачынаў узводзіцца ў сярэдзіне 1960-х па перадавой тэхналогіі буйнапанэльнага будаўніцтва і быў першым у Віцебску жылым домам з ліфтам і смеццеправодам.
На пярэднім плане мы бачым тагачасную друкарню (2) з гаспадарчым дваром. Побач – частка тэрыторыі ДТСААФ (3), дзе была аўтамоташкола. Навучэнцы ў асноўным трэніраваліся на трафейных аўтамабілях і матацыклах. Ветэран добраахвотнага таварыства Мікалай Вялюга згадвае, што тады структуру ўзначальваў генерал-маёр у адстаўцы Аляксандр Бялоў, які хадзіў у шынялі без пагонаў. У 1962 годзе пачала дзейнічаць школа юнага мотагоншчыка, на практычныя заняткі выязджалі ў парк Мазурына. Трэнерамі былі Пётр Башнёў і Валерый Сухамлінаў. На арганізацыйны збор завіталі 300 хлопцаў, што жылі ў наваколлі. З іх засталося 6 – 7 чалавек, якія ў далейшым сталі прафесіяналамі – майстрамі спорту СССР і трэнерамі, у тым ліку і Мікалай Вялюга.
Старажылы сцвярджаюць, што двор ДТСААФ быў літаральна забіты тэхнікай, на фатаграфіі мы ж бачым усяго тры адзінкі. Сярод іх і бронемашына (4), якая ў 1950-я выязджала на трэніровачныя заняткі на тагачасную Аршанскую плошчу (5). Па словах віцебскага фатографа Міхаіла Шмерлінга, пляц не быў заасфальтаваны, таму танкетка ганяла за сабой вялікія клубы пылу. Паглядзець на майстэрства будучых салдат Савецкай арміі збіралася даволі шмат людзей.
Але падчас здымак друкарня і ДТСААФ на гэтым месцы дажывалі апошнія месяцы ці нават дні, бо вялося выкананне генплана развіцця горада па пашырэнні і добраўпарадкаванні Аршанскай плошчы. Ужо быў разбіты сквер (6), які выходзіў на праезджую частку сучаснай вуліцы Леніна (пазней ён таксама заняў тэрыторыю друкарні і ДТСААФ). Будаваўся дом на вул. Жасткова, 8 (рэстаран «Вікторыя»), на чарзе быў комплекс з рэстаранам «Журавінка» і магазінам «Веста» (першапачаткова ён называўся «Цэнтральны»). Друкарня пераехала на вул. Шчарбакова-Набярэжную, а аўтамоташколу перавялі ў Марскую школу (вул. Сярэдненабярэжная), пакуль не пабудавалі для яе базу ў раёне 5-га Камунальнага.
На старым здымку мы таксама бачым капітальную канструкцыю трамвайнага прыпынку (7), будынак сударамонтных майстэрань (8), Палац культуры будтрэста №9 (9), малаказавод (10).
Горад-сад
Стварэнне плошчы Перамогі (у той час знікла назва «Аршанская», і яе іменавалі як «плошча, што прылягае да праспекта Чарняхоўскага») на 17 гектарах пачалося ў пачатку 1970-х, калі Віцебск рыхтаваўся адзначыць 30-годдзе з дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 1000-годдзе з моманту заснавання. Адначасова вялася рэканструкцыя Смаленскай шашы (Маскоўскага праспекта). Да памятных дат будаваліся і іншыя аб’екты. У прыватнасці, гасцініца «Віцебск», трамвайнае Усходняе паўкальцо, якое 6 лістапада 1973 года злучыла праз Юбілейны мост Смаленскую шашу, праспект Фрунзэ і вул. Гагарына.
Увогуле, працы да юбілейных урачыстасцяў было шмат, але тэмпы не задавальнялі. Восенню 1973-га ў газеце «Віцебскі рабочы» выйшаў артыкул, які заклікаў зрабіць да зімы як мага больш. Лейтматывам у ім праходзіў прызыў: «Таварыш віцяблянін! Твой горад – твой клопат! Унясі свой дастойны ўклад у яго росквіт. Зрабі ўсё, што ад цябе залежыць, каб ператварыць яго ў квітнеючы сад». А 13 кастрычніка 1973-га па ўсім горадзе прайшоў суботнік, у якім удзельнічала 67,3 тыс. чалавек. Напрыклад, на Смаленскай шашы выкладвалі тратуары, на плошчы Перамогі разбівалі кветнікі. Работы вяліся нават на Юр’евай Горцы, дзе школьнікі высаджвалі ліпы і бярозкі. Неабходна дадаць, што ў той час праводзілася акцыя, згодна з якой жыхароў заклікалі бясплатна адпрацаваць 100 гадзін на падрыхтоўцы горада да юбілею.
У красавіку 1974 года прэса паведамляла, што на плошчы Перамогі адпрацавана больш як 20 тыс. чалавека-дзён. Ужо вяліся абсталяванне двух 80-метровых басейнаў з фантанамі, мантаж 5-канцовай зоркі для Вечнага агню, паліраваны граніт для якой пастаўляўся з Украіны і Урала. Такі матэрыял выкарыстоўваўся ў Віцебску ўпершыню.
Школьны каравул
Першы трохпавярховы будынак СШ №2 быў узведзены ў 1936 годзе. У вайну ён моцна пацярпеў, і новая чатырохпавярховая навучальная ўстанова з’явілася ў 1954-м.
Школьнікі 1970 – 1980-х памятаюць традыцыю несці варту каля Вечнага агню на плошчы Перамогі. На пост давяралі заступаць лепшым вучням навучальных устаноў горада. Сярод такіх былі і супрацоўнікі нашай газеты Таццяна Гарнова і Алесь Бынькоў, якія выконвалі абавязкі разводніка. Перад заступленнем на ганаровую варту праходзілі страявую падрыхтоўку і інструктаж, апраналі зялёную форму. Каравульнае памяшканне знаходзілася ў СШ №2, дзе хлопцы і дзяўчаты маглі адпачыць і пагрэцца. На пасту стаялі па 15 хвілін, прыкладна праз такі прамежак часу з дынамікаў, устаноўленых над Вечным агнём, іграла жалобная мелодыя. Дарэчы, некалі была ідэя перадаць будынак СШ №2 пад музей Вялікай Айчыннай вайны.
Гаворыць і паказвае Масква
Тэлевізійны сігнал прыйшоў у Віцебск 1 мая 1959 года, калі на Юр’евай Горцы паставілі тэлевежу. У 1983-м па праекце ўкраінскіх спецыялістаў яе замянілі на новую (11) вышынёй 243,9 м. Тэлегледачы атрымалі магчымасць глядзець дзве саюзныя праграмы і адну рэспубліканскую. Тэлевежа стала важным элементам панарамы горада.
Не кожны асмеліцца ўзняцца на такую верхатуру. А нашы калегі Таццяна Пастарнак, Аляксандр Кутынка і Антон Сцепанішчаў (двойчы) гэта зрабілі, выконваючы прафесійныя абавязкі. Яны згадваюць, што паднімаліся каля гадзіны, адпачываючы пасля пераадолення чарговага пралёта на невялікіх пляцоўках. Страху надавала тое, што вецер калыхаў збудаванне, быццам дрэва. Затое з вышыні тэлевежы як на далоні бачны ўвесь горад.
Тры штыкі
Менавіта так у народзе называюць помнік мемарыяльнага комплексу на плошчы Перамогі. Ён увасабляе гераізм, стойкасць і самаадданасць воінаў Савецкай арміі, партызан і падпольшчыкаў. Тры абеліскі вышынёй 56 м зроблены з бетону на мармурна-гранітным шчэбні. Будаўніцтва помніка пачалося восенню 1971 года, калі яшчэ не была завершана распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі самой плошчы Перамогі. Дарэчы, для ўзвядзення манумента жыхары горада сабралі некалькі дзясяткаў тысяч рублёў.
Адкрыццё плошчы Перамогі і мемарыяльнага комплексу «Вызваленне» (так тады яго называлі) адбылося 30 чэрвеня 1974 года, сведкамі падзеі сталі тысячы жыхароў і гасцей горада. Адных ветэранаў вайны, якія вызвалялі Віцебск і вобласць, з розных куткоў СССР прыехала каля 1 тыс. чалавек. Факел з Вечным агнём даставілі з мінскай плошчы Перамогі на бронетранспарцёры ў суправаджэнні матацыклістаў. Пры адкрыцці комплексу чырвоную стужку перарэзаў старшыня аблвыканкама Пётр Рубіс, а Вечны агонь запаліў першы сакратар абкама КПБ Сяргей Шабашоў.
Удзельнікі вызвалення Віцебска напісалі нашчадкам у 2017-ы, тым, хто будзе адзначаць 100-годдзе Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Чаканячы крок, пасланне ўрачыста пранеслі па плошчы вучні СШ №2 – камсамольцы Леанід Вараб’ёў і Таццяна Яршова, піянеры Лена Смірнова і Саша Ярашэвіч. Капсулу заклалі ў нішу ля Вечнага агню, бліжэй да сярэдняга штыка.
У бягучым годзе будзе адзначацца 100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі. Канешне, з той пары многае змянілася, але ўсё ж цікава прачытаць, пра што думалі землякі больш за сорак гадоў таму.
Фота Антона Сцепанішчава.