Ніжэй здымак тых часоў, калі гандлёвыя сеткі працавалі не пад адзіным брэндам. Так, на пераважнай колькасці магазінаў віселі лаканічныя шыльды “Прадукты”, але з развіццём формы самаабслугоўвання будаваліся большыя па плошчы ўніверсамы, якія атрымлівалі ўласнае імя. У іх ліку і “Каўнас” тагачаснага Другога гархарчгандлю. Хоць з канца 1990-х магазін змяніў назву, але ў сістэме гарадскіх каардынат застаецца пад старой. Зрэшты, не ён адзін.
Універсамы – буйныя магазіны самаабслугоўвання – з’явіліся ў ЗША ў пачатку ХХ ст. У СССР першы магазін з новай формай гандлю адкрыўся 3 верасня 1970 года ў ленінградскім мікрараёне Купчына. Ён называўся “Фрунзенскі” і існуе сёння. У Віцебску ўніверсамы сталі з’яўляцца ў новых мікрараёнах з 1970-х гадоў. Апроч “Каўнаса”, многім памятныя “Колас”, “Прагрэс” (былы Першы гархарчгандль – зараз “Віцебскія прадукты”), “Першамайскі”, “Бярозка”, “Сябрына”, “Гандлёвы цэнтр” (Другі гархарчгандль – “Веста”).
Да бабуліных яблыняў
“Каўнас” узводзіўся для абслугоўвання жыхароў новабудоўляў мікрараёнаў Поўдзень-3 і Поўдзень-4, што размешчаны ў чатырохкутніку праспектаў Маскоўскі, Перамогі, Будаўнікоў і вуліцы Петруся Броўкі. Раней тут быў прыватны сектар з некалькімі Сакольніцкімі вуліцамі.
Пасёлак узнік пасля вайны, а транспартныя артэрыі атрымалі назву таму, што вялі ў бок вёскі Сакольнікі. З сярэдзіны 1970-х прыватныя дамы пачалі зносіць, на іх месца прыходзілі шматпавярховікі. Жыхароў адсялялі ў бліжэйшыя новабудоўлі. Многія людзі часта наведвалі “свае соткі” і з настальгіяй узгадвалі былое.
Дзе-нідзе ў мікрараёне захаваліся старыя яблыні, у тым ліку і каля “Каунаса”. Калега Таццяна Гарнова расказала, як сяброўка дзяцінства Святлана яшчэ ў 1990-е запрашала схадзіць да магазіна і пасмакаваць яблыкаў з дрэваў яе бабулі.
Прычым літоўскі горад?
З сярэдзіны 1960-х Віцебск і Каунас былі сябрамі-сапернікамі. Роднасныя прадпрыемствы і гарады ў цэлым выяўлялі лепшага ў вытворчых паказчыках. Напрыклад, Віцебскі камбінат шаўковых тканін і Каунаскі ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга камбінат шаўковых тканін імя П. Зібельтэрса спаборнічалі па аб’ёмах вытворчасці і рэалізацыі звышпланавай прадукцыі, яе колькасці са знакам якасці, росту прадуктыўнасці працы, асваенні новых відаў тканін і малюнкаў. Аналагічнае саперніцтва было ў Віцебскага тэлезавода і Каунаскага радыёзавода, які выпускаў міні-тэлевізары “Шаляліс”, што экспартаваліся ў 18 краін свету.
Існавала супрацоўніцтва і ў сферы культуры. Напрыканцы 1979-га ў Каунасе адбылася выстава віцебскіх мастакоў А. Някрасава, Л. Анцімонава, В. Ральцэвіча. У Х свяце сельскіх капэл “Грай, Юргяліс!” госцем быў актэт балалаек Віцебскага музычнага вучылішча пад кіраўніцтвам заслужанага артыста БССР Т. Шафранавай.
У газеце “Віцебскі рабочы” дзейнічала рубрыка “У гарадах, з якімі спаборнічаем. Весткі з Каунаса”. У 1980-м у ёй паведамлялася, што рабочыя аб’яднання “Каўна балдай” раней тэрміна выканалі алімпійскі заказ – для комплексу гасцініц “Ізмайлава” яны вырабілі мяккую мэблю, разлічаную на 8 тыс. чалавек. Дарэчы, гэта прадпрыемства са стогадовай гісторыяй таксама выконвала спецзаказы для Крамлёўскага Палаца з’ездаў, мемарыяла Леніна ва Ульянаўску. “Першыя тысячы квадратных метраў прыгожых штораў выраблены на вязальных машынах, атрыманых з беларускага горада Орша і зманціраваных у трыкатажным вытворчым аб’яднанні імя А. Шаўчунайце. Ужо ўстаноўлена 10 машын, яшчэ столькі манціруецца. Да канца года будзе выпушчана 2 млн кв. м тканін. Найбуйнейшае ў Літве прадпрыемства лёгкай прамысловасці з’яўляецца партнёрам па сацыялістычным спаборніцтве віцебскай фабрыкі імя КІМ”.
Для пакупнікоў і прадаўцоў
Адкрыццё “Каунаса” адбылося ў канцы сакавіка 1980 года. У пачатку рэпартажа карэспандэнт “Віцебскага рабочага” акцэнтаваў увагу на тым, што той дзень стаў святам для малодшых прадаўцоў Алены Саломенка, Надзеі Касмачовай, Раісы Саўчанка і Любові Дзянісавай, якія толькі распачыналі працоўную біяграфію.
“Гэта глыбока сімвалічна, што новы магазін адчыніў дзверы напярэдадні 110-й гадавіны з дня нараджэння У. І. Леніна, – сказаў у сваім выступленні на ўрачыстым адкрыцці “Каунаса” дырэктар Другога гархарчгандлю М. А. Абразцоў.
– Новы ўніверсам у новым мікрараёне – гэта своеасаблівы падарунак яго жыхарам і адначасова рапарт будаўнікоў і работнікаў гандлю слаўнаму юбілею правадыра. Адкрыццё “Каунаса” – яшчэ і пацвярджэнне і ўвасабленне ленінскага палажэння аб ўмацаванні дружбы паміж народамі ў адзінай сацыялістычная дзяржаве”.
На той час “Каунас” з’яўляўся адным з найбуйнейшым гандлёвых цэнтраў Віцебшчыны. На яго плошчы свабодна маглі размясціцца тры-чатыры звычайныя магазіны. Для хуткага і якаснага абслугоўвання пакупнікоў прадугледжваўся свабодны доступ да тавараў, прымянялася кантэйнерная сістэма іх падачы ў гандлёвую залу. “Удачна размешчаны разліковы вузел з сучаснымі касавымі апаратамі, электронныя вагі закліканы эканоміць час пакупнікоў, ствараць ім добры настрой”. Газета таксама паведамляла, што будаўнікі паклапаціліся і пра работнікаў гандлю. Для іх створаны прасторныя апранальні, душ, хутка павінна была пачаць працу свая сталовая.
Пад адным дахам ва ўніверсаме размясціліся кафэтэрый, пункт прыёму шклатары. Ёсць аддзел прамысловых тавараў штодзённага попыту, таму гаспадыням цяпер не трэба было ехаць у цэнтр горада за якой-небудзь драбязой. Працаваў і аддзел папярэдніх заказаў. У далейшым меркавалася ўкараніць шэраг новых прагрэсіўных норм гандлю. У прыватнасці, абслугоўваць на даму інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны і ветэранаў працы. “Каунас” стаў трынаццатым па ліку магазінам у Другім гархарчгандлі, дзе працавалі камсамольска-маладзёжныя калектывы. “Менавіта моладзі давядзецца абжываць новы гандлёвы дом, укараняць новыя формы працы, ездзіць у Каунас за вопытам, дзе ўжо даўно адкрыты фірменны магазін “Віцебск”.
План пяцігодкі датэрмінова
“Каунас” стаў моцнай адзінкай Другога гархарчгандлю па выкананні вытворчых паказчыкаў. У “Віцебскім рабочым” за 7 жніўня 1980 года надрукавана справаздача з адкрытага партыйнага сходу прадпрыемства, на якім бурна аналізавалі поспехі і пралікі. Былі зацверджаны новыя павышаныя абавязацельствы калектыву ў гонар ХХVІ з’езда КПСС. У прыватнасці, выканаць план пяцігодкі па таваразвароце да 20 снежня 1980-га. Вырашана дадаткова адкрыць два аддзелы па продажы харчовых тавараў па папярэдніх заказах на “Маналіце” і картанажна-паліграфічным камбінаце. Новы від гандлю, калі харчовыя тавары першай неабходнасці можна было купіць прама на прадпрыемстве, карыстаўся вялікай папулярнасцю. “Вузкім” месцам з’яўляўся продаж фасаваных тавараў. Іх вельмі мала завозілі пастаўшчыкі. Таму цукар, муку, крупы і іншае даводзілася фасаваць гандлёвым работнікам, іншы раз у падсобных памяшканнях. Гэта зніжала прадуктыўнасць працы, ды і знешні выгляд тавараў быў не заўсёды прывабны. Сход вырашыў павялічыць аб’ёмы работы цэха папярэдняй фасоўкі на 80 т.
Пра значнасць магазіна “Каунас” для абласнога цэнтра сведчыць той факт, што яго выява трапіла ў набор паштовак “Віцебск”, які выйшаў у выдавецтве “Беларусь” у 1985 годзе на беларускай, рускай, англійскай, французскай, нямецкай і іспанскай мовах. Камплект складаўся ўсяго з дванаццаці паштовак. Універсам апынуўся ў кампаніі такіх вартых увагі турыстаў аб’ектаў, як ратуша, тэатр імя Я. Коласа, помнік Леніну, панарама вул. Замкавая.
Фота з адкрытых крыніц і Дзмітрыя Осіпава.