Месца сустрэчы было традыцыйным – турстаянка «Окменіца» на возеры Струста. Да 7 гадзін раніцы зарэгістраваўся 41 чалавек. Паспытаць свайго шчасця ў лоўлі шчупака, акрамя мясцовых жыхароў, пажадалі аматары спінінга з Глыбокага, Шаркаўшчыны, Мінска, Гродна, Рагачова, Оршы, а пасля гадавога перапынку – і суседзі-латышы.
Здавалася, што на гэты раз надвор’е супраць рыбаловаў: з неба сыпаў дробны восеньскі дождж, у шэрай смузе хаваліся берагавыя арыенціры. Але праз колькі гадзін вецер разагнаў хмары, выглянула сонейка, стала па-летняму цёпла. Нават тыя, у каго не было клёву, з задавальненнем бавілі час.
Суддзі адразу вызначылі, што сёлета рыбаловам пашчасціла, улоў атрымаўся багацейшы, чым летась. Гэта пацвердзіла і ўзважванне кожнага шчупака асобна і ўсёй рыбы ў цэлым. Судзейская брыгада канстатавала, што сярод каманд, а такіх было 16, самымі ўдачлівымі аказаліся медыкі райбальніцы з агульным вынікам 9,2 кг. Другой стала зборная жыллёва-камунальнай службы, а трэцяе месца – у каманды Шаркаўшчынскага райаддзела МНС.
У асабістым заліку перамог Алег Міхалёнак з Рагачова, другім стаў браслаўчанін Ігар Козел, трэцюю прыступку заняў Аляксандр Кох з Гродна.
Нездарма кажуць, што ўдача – дама капрызная, шчасліўцам робіць не кожнага. Вось і браслаўчанін Мікалай Матрунёнак лічыў, што сёлета фартуна ад яго адвярнулася. Спачатку парвалася леска, потым не змог выцягнуць з вады шчупака – зламаўся спінінг.
Вырашыў накіравацца на бераг і на ўсялякі выпадак закінуў вуду. У гэты момант і трапіў на яе кручок шчупак вагой амаль у 9 кілаграмаў. У выніку Мікалай стаў пераможцам у намінацыі «Самая вялікая рыба».
Фота Тамары Пашкевіч.