Автор: . Дата создания:

Ужо каторы год запар на адным з самых прыгожых і вялікіх вадаёмаў Браслаўшчыны – возеры Струста – праходзяць спаборніцтвы рыбаловаў-аматараў “Браслаўскі спінінг”. 

 

Сёлета памераліся сіламі 33 чалавекі. Акрамя мясцовых аматараў, прыехалі прадстаўнікі Пастаў, Мінска, Рагачова. Не абмінулі мерапрыемства і суседзі – рыбаловы з Латвіі. Пасля рэгістрацыі, праверкі плаўсродкаў, аснасткі, інструктажу па тэхніцы бяспекі ўдзельнікі спаборніцтваў дружна рушылі выпрабоўваць сваю удачу на прасторах вадаёма. На гэта ім адводзілася 5 гадзін.

Як і каму пашанцавала, стала вядома бліжэй да гадзіны дня, калі адна за адной да берага пачалі прычальваць лодкі. Адны з гонарам дэманстравалі ўлоў – большы ці меньшы, але былі і тыя, хто са смуткам гаварыў: “Не мой дзень”.

Улоў тут жа ўзважвалі на электронных вагах, бо  пры падвядзенні вынікаў ролю часам адыгрывае кожны грам, заносілі лічбы ў пратакол. Тыя, хто прайшоў гэту працэдуру, частаваўся духмянай юшкай, якую згатавалі суддзі ў чаканні рыбаловаў.

І вось нарэшце абвяшчэнне рэзультатаў  спаборніцтваў. У асабістым заліку пераможцамі сталі рыбалоў са стажам, наш калега-журналіст Аляксандр Еўдакімаў, які атрымаў узнагароды ў дзвюх намінацыях “Самы вялікі ўлоў” па вазе і па колькасці здабытых шчупакоў, Максім Левянкоў лепшы ў катэгорыі – “Самая вялікая рыба”, а Алена Агапотава — “Самая ўдачлівая жанчына-рыбалоў”. Усе яны браслаўчане.

У камандным заліку наперад выйшла каманда ЦРБ.

Пераможцы і прызёры атрымалі кубкі, дыпломы і падарункі ад арганізатара –аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, а таксама ад спонсараў – магазінаў “Паграбок” і “Паплавок”. Дарэчы, іх прадстаўнікі Раман Хір’янаў і Максім Левянкоў таксама бралі ўдзел у  спаборніцтвах і сталі пераможцамі ў адной з намінацый.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.