У Мінску прайшоў фінал юбілейных, 20-х, спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па футболе «Скураны мяч» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. У сярэдняй узроставай групе бронзавым прызёрам турніру стала пастаўская каманда «Патрыёт», якую трэніруе Аляксандр Тарасевіч.
За першынство ім давялося пазмагацца з сямю камандамі з Мінска, Драгічына, Бабруйска, Жыткавіц, Узды і Ліды. Пастаўскія хлопчыкі паказалі добрую падрыхтоўку, праявілі баявы характар і сталі аднымі з прызёраў прэстыжных спаборніцтваў. Ад легенды беларускага футбола экс-галкіпера нацыянальнай зборнай, а цяпер аднаго з яе трэнераў Юрыя Жаўнова яны атрымалі камандны і персанальныя кубкі, медалі, дыпломы і сувеніры.