Месца гэта добра вядомае далёка за межамі раёна: калісь тут была сядзіба казачнага ўладара зімы Зюзі Паазерскага. Верыцца, дарога сюды і надалей не будзе зарастаць. У гэтым упэўнены дырэктар мясцовага ФСК Станіслаў Чымбург. Урачыстае адкрыццё гарадка наведалі і актыўна ў ім паўдзельнічалі сотні чалавек. Сярод гасцей свята былі старшыня Пастаўскага райвыканкама Віктар Гутараў і начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Васіль Захарэвіч.
Для ўсіх жадаючых былі арганізаваны сямейныя спаборніцтвы «Прафвяроўка», гульні, майстар-класы і іншыя забавы. Пераможцаў чакалі вялікія смачныя тарты, а самым галоўным прызам стала сямейная пуцёўка выхаднога дня ў прафсаюзную здраўніцу на Нарачы. Скончылася свята канцэртам мясцовых выканаўцаў і моладзевай дыскатэкай.
Гаспадаром вяровачнага гарадка з’яўляецца дзяржаўнае аб’яднанне «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна», а тэндар на ўстаноўку абсталявання выйграла мінская фірма «АльпПаер». Тут ёсць дзве трасы (лёгкага і сярэдняга ўзроўню), для аматараў больш экстрэмальнага адпачынку – «спуск троляў» (мадэрнізаваны варыянт добра вядомай з дзяцінства тарзанкі).
Устаноўка спартыўнага аб’екта абышлася ў 25,5 тыс. рублёў, але арганізатары лічаць, што ўсе траты ў хуткім часе акупяцца. Для прыцягнення ўвагі гасцей рэгіёна будзе размешчана адпаведная інфармацыя ў выглядзе бігбордаў, а літаральна днямі запрацуе свой інтэрнэт-сайт.