За званне пераможцаў і ўладальнікаў пераходнага кубка на працягу некалькіх дзён змагаліся гульцы з шасці вуліц Сянно — Кастрычніцкай, Каваленка-1, Каваленка-2, Назаранкі, Перамогі, а таксама завулка Касманаўтаў.
Спаборніцтва, арганізата-рам якога выступіў сектар спорту і турызму райвыканкама, у раёне праводзіцца трэці год. Па словах трэнера па футболе ФСК «Алімп» Святаслава Шуцікава, мэта мерапрыемства не толькі папулярызаваць гэты від спорту сярод сенненцаў, але і цудоўная магчымасць дзецям заявіць пра сябе.
Шырокую папулярнасць на Сенненшчыне гэты від спорту набірае сярод дзяўчат. У дзвюх камандах нараўне з хлопчыкамі, пераважна 2003 – 2005 гадоў нараджэння, пасавалі і забівалі галы Аліна Красноўская і Юлія Паўлоўская.
Чэмпіянат праводзіўся па кругавой сістэме. Пераможца вызначаўся па колькасці набраных ачкоў – забітых галоў. Бронзавым прызёрам стала каманда вуліцы Кастрычніцкай. Срэбра – у юных футбалістаў Каваленка-1. Абсалютнымі пераможцамі і ўладальнікамі пераходнага кубка сталі прадстаўнікі завулка Касманаўтаў.
Акрамя медалёў і галоўнай узнагароды, былі вызначаны лідары ў розных намінацыях. Так, лепшым варатаром стаў Андрэй Гарбачоў, лепшым абаронцам – Даніла Цвяткоў. На рахунку Станіслава Сікорскага 14 забітых галоў – ён і стаў лепшым нападаючым. Лепшым гульцом турніра прызнаны Іван Архіпаў.
Фота з адкрытых крыніц.