Автор: . Дата создания:

Жыхары Язна на Міёршчыне адсвяткавалі юбілей свайго аграгарадка. 475 гадоў, якія налічвае яго гісторыя, давалі падставу азірнуцца назад, узгадаць найбольш значныя падзеі. Але ўсё ж сённяшняе жыццё ў праграме мерапрыемстваў займала галоўнае месца. Язненцы пастараліся паказаць усе лепшыя свае здабыткі, ушанаваць тых, хто многа робіць на карысць грамадства.

Гістарычныя звесткі нагадваюць, што Язна як уладанне Галімскіх упершыню згадваецца ў 1475 годзе. Было ў складзе Расійскай імперыі і Польскай дзяржавы, з 1939-га – у складзе СССР. Месца прыгожае. І жывуць тут людзі працавітыя, майстравыя і актыўныя.

— Хто пабываў тут адзін раз, абавязкова прыедзе і ў наступны, — упэўнена старшыня сельвыканкама Валянціна Фядзьковіч. — Наш край як магніт прыцягвае да сябе. Частымі гасцямі ў аграсядзібах бываюць вандроўнікі з блізкага і далёкага замежжа, прыязджаюць экскурсанты з беларускіх гарадоў, не абмінае і прэса. Дзіцячы сад, агульнаадукацыйная і музычная школы, участковая бальніца, пошта, клуб, бібліятэка, тры магазіны, лясніцтва, «Язненская ПМС», КУП «Язна», пажарны пост, участак Міёрскага ДРБУ… У адрозненне ад многіх іншых населеных пунктаў сельскай глыбінкі Язна захавала створаную за многія гады інфраструктуру. Ёсць дзе працаваць, адпачываць, задавальняць іншыя жыццёвыя патрэбы.

 У прывабнасці аграгарадка пераконваешся адразу з уезду ў населены пункт. Вачам адкрываецца панарама на Спаса-Праабражэнскую царкву, якая велічна ўзвышаецца на пагорку і, дарэчы, таксама адзначае свой юбілей — 120 гадоў з дня асвячэння. З плошчы перад ёй у розныя бакі прамянямі разбягаюцца вуліцы з прыгожымі назвамі – Паркавая, Лясная. Некалі тут было буйное гандлёвае месца, а цяпер адміністрацыйны цэнтр.

 З двух бакоў да аграгарадка прылягаюць азёры Вялікае і Малое Язна – яшчэ дзве перліны, якія вабяць да сябе не толькі мясцовых людзей, але і шматлікіх дачнікаў, што аблюбавалі вёску для адпачынку.

Мясцовыя славутасці

У ліку самых вядомых вяскоўцы называюць крыніцу Святога Яна, якая знаходзіцца на мяжы з Глыбоцкім раёнам: вада, што б’е з-пад высокай гары, зімой і ўлетку мае аднолькавую тэмпературу — плюс 4 градусы,  як сцвярджаюць язненцы, вылечвае ад многіх хвароб. Гаючай вадой людзі карыстаюцца больш за тры стагоддзі. Тут узвялі капліцу і купель, тры разы на год – 19 студзеня, 7 ліпеня і 11 верасня — адпраўляюць малебен і асвячаюць ваду.

Вядомы аграгарадок і штогадовым фестывалем праваслаўных школ «Язненскі Благавест». У Беларусі ён адзіны. Збірае выхаванцаў нядзельных школ з усіх парафій Полацкай епархіі.

Не прамінуць вяскоўцы паказаць і камень, што ляжыць у аграгарадку. Даўжыня прыроднага экспаната звыш за 6 метраў, шырыня — 5,1 м, а вага — 150 тон. Даказана, што яму каля 20 тысяч год і прыпоўз ён з апошнім ледавіком са Скандынавіі. Камень авеяны шматлікімі легендамі. Кажуць, ля яго пры­пы­няліся, каб падсілкавацца, полацкі князь Усяслаў Чарадзей, кароль Стэфан Баторый, расійская імператрыца Кацярына II і французскі імператар Напалеон. Можа, і праўда, бо нездарма ж на валуне захаваліся выбітыя кімсьці даволі даўнія выявы лыжкі і відэльца.

Да аграгарадка прылягае яшчэ і рэспубліканскі заказнік у 7118 гектараў «Жада», у якім ажно 348 відаў раслін і 130 наземных пазваночных жывёл, многія з якіх занесены ў Чырвоную кнігу.

Але ўсё ж галоўнае багацце гэтых мясцін – людзі. Менавіта яны сваімі справамі пішуць гісторыю роднага краю. Ім і была прысвечана ўрачыстасць з нагоды юбілею аграгарадка.

Каляндар з землякамі

Жыхарка аграгарадка Ірына Стома прапанавала прысвяціць падзеі насценны каляндар. Ідэю падтрымаў сельсавецкі актыў, афармленнем выдання займалася бібліятэкар Ларыса Карпава. Рэдактарскім калектывам выступілі старшыня сельвыканкама Валянціна Фядзьковіч, завуч школы Ірына Кухцінская і загадчыца дзіцячага сада Ірына Балай. Свае вершы дазволіла надрукаваць кіраўнік справамі Марына Селівёрстава. Так у прыватным выдавецтве нарадзіўся «Праваслаўны каляндар — 2021». У календары сабрана інфармацыя пра самых вядомых людзей. Гэта былы камісар партызанскага атрада і адзін з першых старшынь калгаса Сільвестр Жонаў, паэтэса Тамара Яцкевіч, пісьменнік і журналіст Пётр Сіняўскі, краязнаўца Уладзімір Ляўковіч, які 21 год узначальваў сельсавет. Членам Беларускага саюза мастакоў з’яўляецца Міхаіл Ляўковіч. «Чалавекам года Міёршчыны» быў названы ўчастковы Віктар Гардукевіч. Мае мноства талентаў, актыўны ўдзельнік народнага калектыву «Язынка», адзін з арганізатараў фестываля «Язненскі Благавест» – урач агульнай практыкі Язненскай участковай бальніцы Уладзімір Пашковіч. Тамара Касатая – гаспадыня аграсядзібы «Клённая», народны майстар па саломцы, вышыўцы і вязанні. Яе каляжанка – гаспадыня аграсядзібы «Белыя Росы» Наталля Жойдзік. Стварыла і кіруе народным фальклорным калектывам «Язынка» Ларыса Бервячонак. Юлію Бахір ведаюць як кандыдата гістарычных навук, дацэнта, выкладчыка кафедры гісторыі Беларусі ВДУ імя П. Машэрава, аўтара больш за 35 навуковых публікацый.

Галоўнае багацце — людзі

Самай вядомай установай аграгарадка з’яўляецца ўчастковая бальніца. Па выніках 2015 года яна прызнавалася лепшай у вобласці і рэспубліцы, а яе галоўны ўрач наогул знакамітасць. Больш за 20 гадоў працуе ў мясцовай медустанове, адным з першых у вобласці стаў урачом агульнай практыкі, лічы, сямейным доктарам. Як кажа сам, лечыць сяльчан ад нара­джэння да старасці — ужо выраслі дзеці ў тых, хто нарадзіўся, калі ён толькі прыехаў у Язна.

Раз на тыдзень доктар Пашковіч становіцца хлебапёкам. Караваі пячэ па старынным рэцэпце, якім карысталіся бабулі ў гэтым краі гадоў 200 назад.

Дарэчы, і на свяце ў фае клуба ўрач правёў для мясцовых гаспадынь майстар-клас. Увесь працэс гатавання цеста і выпечкі правёў у іх на вачах і пачаставаў гатовай прадукцыяй.

Свае таленты на суд вяскоўцаў вынеслі многія. Цырульніца Іляна Кузьміна задоўга да пачатку ўрачы­стасцей пачала прычосваць мясцовых кабет да вечарыны, а яе дачка Кацярына Альхімовіч з трыма сваімі дачушкамі частавала уласнай выпечкай.

Увогуле ў аграгарадку жывуць людзі з разнастайнымі інтарэсамі і здольнасцямі. Ева Астроўская шые на любы густ падушачкі для іголак, Іна Пашковіч займаецца дэкупажам. А колькі майстрыц-кухарак! Скажам, старшыня сельвыканкама Валянціна Фядзьковіч гатуе такія хатнія прыправы ды стравы, што сапраўды абліжаш пальчыкі.

Менавіта гаспадыні надаюць папулярнасці гарадку сваімі стравамі, гасціннасцю, уменнем паказаць свой край. Многія з блізкага і далёкага замежжа пагасцілі на аграсядзібах «Белыя Росы», «Клённая», «Язынка»…

Адным словам, язынцы любяць свой аграгарадок і прыкладаюць шмат сіл, каб пра яго калектывы, агульныя справы слава ішла па ўсім раёне, а доб­ра б і далёка за яго межамі.

Язненская школа, напрыклад, самая буйная сярод сельскіх. У ёй асаблівыя адносіны да ўсяго – ад навучальнага працэсу да эстэтычнага афармлення класаў і добраўпарадкавання тэрыторыі. Дырэктар Людміла Жойдзік высока цэніць работу кожнага. Пабудаваная ў 1990 годзе язненская ўстанова адукацыі выглядае новай і свежай. Цяпер яна напоўнена галасамі звыш чым сотні дзяцей. 1 верасня за парты селі 15 першакласнікаў – самы шматлікі ў школе клас. Адзінаццацікласнікаў — восем. Гэта будзе другі выпуск, калі разам з атэстатам выпускнікам уручаць дакумент, які дазваляе працаваць аператарам ЭВМ чацвёртага разраду. Школа абсталявана камп’ютарнай тэхнікай, ёсць свая інтэрактыўная дош­ка. Сёлета займелі мультыборд. Размясцілі яго ў класе настаўніцы геаграфіі і біялогіі Святланы Сімановіч, якая заняла першае месца ў раённым аглядзе-конкурсе кабінетаў. З густам аформлены школьны двор – таксама яе заслуга.

Дом культуры, бібліятэка – месцы збору людзей, схільных да мастацкай творчасці. Гурт «Язынка» ўдзельнічае ў канцэртных праграмах на раённай сцэне, у вобласці і нават рэспубліцы. Клуб «Вера. Надзея. Любоў», якім кіруе Саламея Сіняўская — яшчэ адна мясцовая знакамітасць.

Што ні чалавек, то асоба. Валянціна Фядзьковіч знаёміла з вяскоўцамі-старажыламі, рамеснікамі, шматдзетнымі сем'ямі, актывістамі, прадпры­мальнікамі – з тымі, хто кла­поціцца пра свой дабрабыт і спрыяе ў гэтым іншым, ахвяруе грошы ці працу на добра­ўпарадкаванне, ро­біць Язна прывабным для жыцця.