Автор: . Дата создания:

Чалавек, які папіў вады з запаветнай крыніцы ў вёсцы Кабішча, што на Гарадоччыне, абавязкова вернецца ў гэтыя мясціны. Тутэйшая вада наталяе спаўна, а смак яе не забываецца. Таму хочацца зноў і зноў ехаць па петлях прыгожай лясной дарогі ва ўтульную вёску. Тут, у сяле з сівой гісторыяй, можна пачэрпнуць спакою, цярпення, сілы і прагі да жыцця. 

Старадаўняе

Вёска Кабішча вядомая з другой паловы XVI ст. як сяло ў Віцебскім павеце Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, шляхецкая ўласнасць. Упамінаецца ў інвентары г. Віцебска за 1641 год як сяло, дзе ёсць дзве валокі зямлі (больш за 42 га), тры сялянскія дымы (дым – адзінка падаткаабкладання).

Кароткі тапанімічны слоўнік Вадзіма Жучкевіча тлумачыць паходжанне назвы Кабішча як дыялектны тэрмін ад слова «кабёлка». Так называюць сухі ствол тоўстага дрэва, тоўсты каток для выраўноўвання зямлі або тоўсты цяжкі кавалак дрэва, калоду для ўтрамбоўкі зямлі на таку і сам утрамбаваны ток.

У саміх жа кабішчанцаў ёсць версія, што «Кабішча» – гэта трансфармаванае «капішча». Варыянт заслугоўвае ўвагі, бо капішчам называлі месца язычніцкіх збораў і абрадаў з адпаведнымі культавымі збудаваннямі і статуямі. З прыходам хрысціянства храмы новай веры часта ставілі на месцах язычніцкіх капішчаў і ў іншых месцах сілы, дзе ёсць станоўчая энергія. Не выключана, што сённяшняя царква Ушэсця Гасподня і размяшчаецца на былым свяцілішчы. Дарэчы, нападалёк ад Кабішча, на беразе возера Вымна ля вёскі Хабаты, захаваліся курганныя могільнікі – сведкі таго, што людзі жылі ў гэтай мясцовасці дзясяткі стагоддзяў таму.

Намоленае

Па некаторых звестках, Свята-Ушэсцеўская драўляная царква ў Кабішчы была пабудавана ў 1700 годзе. Побач з ёй у 1848-м узвялі драўляную капліцу. У 1876-м царкву ўдасканалілі, змяніўшы будынак на мураваны. Храм уяўляў сабою твор архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Галоўным у яго выглядзе былі купал і макаўка над аднаяруснай званіцай. Мелася 10 вокнаў, тры ўваходы.

Дарэчы, населены пункт, у якім быў храм, лічыўся не проста вёскай, але сялом з перадавым развіццём, больш высокім узроўнем адукаванасці і духоўнасці жыхароў. Гэта слушная заўвага яшчэ і таму, што ў Кабішчы працавала народнае вучылішча, у якім навучалася каля 40 хлопчыкаў.

У гады Вялікай Айчыннай вайны царква была амаль поўнасцю разбурана, пасля выкарыстоўвалася як склад тукаў. Храм быў вернуты вернікам толькі напачатку 1990-х гадоў і адноўлены за кошт Віцебскай епархіі з дапамогай ахвяраванняў мясцовых арганізацый і насельніцтва. Прыход зарэгістраваны ў сакавіку 1998 года. Прастольнае свята – 40-ы дзень пасля Вялікадня, Ушэсце. Настаяцель храма – іерэй Аляксандр Канановіч. У цяперашні час ажыццяўляецца працэдура перарэгістрацыі прыходу.

Складанае

У 1905 годзе ў Кабішчы было два двары, 12 жыхароў, распрацоўвалася 39,2 га зямлі. Непадалёк месціўся аднайменны маёнтак з сям’ю жыхарамі, які належаў памешчыку Тотэ. На рацэ Кабышчанцы працаваў вадзяны млын.

Аб рэвалюцыйных падзеях у гэтай мясцовасці дакладна невядома, але пра іх станоўчы ўплыў на развіццё сяла гаворыць наступнае. У 1925 годзе ў вёсцы было 23 двары, 101 жыхар, быў утвораны калгас «Чырвоны Кастрычнік», працавалі саматужныя майстэрні па вырабе кошыкаў, валёнак, кравецкая, кузня, школа першай ступені, у якой было два настаўнікі і 121 вучань.

Векапомнае

Пра тое, што тут грымелі баі, красамоўна напамінае вялікае воінскае пахаванне ў цэнтры вёскі. Паводле розных крыніц, колькасць пахаваных тут салдат і афіцэраў Чырвонай арміі адрозніваецца. З цягам часу становяцца вядомыя новыя звесткі, з’яўляецца магчымасць параўнаць недаступныя раней дакументы. Таму сёння называць дакладную колькасць пахаваных герояў некарэктна. Іх не адна сотня. У 1950-я гады ў брацкую магілу звазілі астанкі байцоў з 16 дробных навакольных вёсак, на мемарыяльных плітах увекавечвалі іх імёны. Змагары за нашу свабоду і мір на нашай зямлі знайшлі тут вечны спачын. Кабішчанцы шануюць іх памяць і не зменяць гэтай традыцыі. Сёлета да 9 Мая помнік быў адрамантаваны за кошт сродкаў мясцовага бюджэту.

Кабішчанцы помняць, што такое вайна: у спісе аднавяскоўцаў – партызанаў, падпольшчыкаў і мірных жыхароў у кнізе «Памяць. Гарадоцкі раён» 32 прозвішчы: родныя, сем’і. Смерць у варожым палоне напаткала маці, 6-гадовую дачку і падлетка-сына Воўкавых, акупанты забілі маці і 7-гадовага сына Лістраценкаў, бацьку і 12-гадовую дачку Прадсядацелевых.

Партызан 2-й беларускай партызанскай брыгады 1889 г. н. Пётр Гайбут расстраляны ў лютым 1942-га, яго 18-гадовая дачка Зінаіда, партызанка дыверсійнай брыгады імя Леніна, загінула 5 сакавіка 1943 года ў Шчаўбоўскім лесе падчас сумна вядомай карнай аперацыі фашыстаў пад кодавым найменнем «Шаравая маланка». Маштабы гэтай трагедыі не ўдалося ўстанавіць дагэтуль, але размова ідзе не менш як пра 10 тысяч загінулых…

Гераічнае

Цікавы факт: у 1942 – 1943 гг. у сяле размяшчаўся штаб партызанскай брыгады імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола, дзейнічаў выканкам сельсавета.

…Кабішча было вызвалена 25 снежня 1943 года падчас Гарадоцкай наступальнай аперацыі сіламі 732-га і 806-га стралковых палкоў 235-й стралковай дывызіі, якая ўваходзіла ў склад 83-га стралковага корпуса 4-й ударнай арміі. Збіўшы праціўніка на рубяжы вёскі Саўчонкі, а палове трэцяй гадзіны ночы палкі рушылі праследаваць яго, да 14.00 Кабішча аказалася нашым.

У спісе воінаў-землякоў, якія загінулі на франтах, 16 прозвішчаў. Заслугоўвае ўвагі асоба гвардыі інжынера-маёра памочніка камандзіра 10-га гвардзейскага асобнага танкавага палка прарыву па мехчастцы Якава Аверчанкі. Ён быў кадравым ваенным, ваяваў на Грамадзянскай вайне, на Вялікай Айчыннай – на Калінінскім і Данскім франтах, пад Сталінградам. Яго абавязкам сярод іншых была эвакуацыя баявых машын з поля бою пад агнём праціўніка. Быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I і II ступені, Чырвонай Зоркі. Памёр напрыканцы мая 1943-га ад цяжкага ранення.

Працавітае

– З палёў бітваў на радзіму вярнуліся больш як 30 франтавікоў і партызанаў, – распавяла адна з двух старэйшын вёскі, загадчык філіяла «Пальмінскі СДК» Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна Таццяна Прышчэпава. – Ім было наканавана зноў стаць надзеяй і сілай роднай старонкі, аднавіць яе колішнія дабрабыт і прыгажосць праз нястомную працу. На жаль, ветэранаў сярод нас ужо не засталося.

Намаганнямі ўвішных калгаснікаў у 1950-я вёска пакрысе ачуняла, падрасла. Тут адкрылася няпоўная сярэдняя школа. У 1970-я Кабішча стала цэнтрам саўгаса «50 год ВЛКСМ». Гадоў 20 таму тут было пад 140 жылых двароў, больш за 330 жыхароў. Працавалі базавая школа і дзіцячы сад.

Правапераемнікам былога саўгаса стала СУП «Паўночны» з цэнтрам у Пальмінцы. У Кабішчы знаходзяцца малочнатаварная ферма, мех­двор і кацельня Пальмінскага ўчастка ГПКіЦС. З сацыяльна значных аб’ектаў засталіся аддзяленне сувязі, бібліятэка, Дом культуры, фельчарска-акушэрскі пункт, вырашаецца пытанне з узнаўленнем работы стацыянарнага магазіна. Тут нядрэнныя транспартныя зносіны: рэйсавыя аўтобусы штодня ходзяць і на Віцебск, і на Гарадок. Вяскоўцы чакаюць значнай падзеі, якая палепшыць якасць іх жыцця: хутка будзе ўведзена ў эксплуатацыю станцыя абезжалезвання вады.

У Кабішчы пастаянна жывуць каля 250 чалавек, каля 140 з іх — працаздольнага ўзросту, а 30 — непаўналетнія. Сяло нестарое і па-гаспадарску дагледжанае. Адчуваецца яго арганізаваная, а не стыхійная забудова.  

Прыгожае

Старшыня Пальмінскага сельвыканкама Анфіса Бярозка з задавальненнем паказвае ўсе чатыры вясковыя вуліцы:

– Бачыце, домікі пабудаваныя прыкладна ў адзін час. На аднолькавым аддаленні ад праезнай часткі. Участкі роўныя па памерах. Ля агароджаў абкошана, у дварах чыста, агароды спарадкаваныя. Шкада, што не ўлетку прыехалі, – паглядзелі б, як многа сядзіб патанае ў кветках.

Але дом Васіля і Ніны Смаляковых – найакуратнейшы з усіх акуратных. Здаецца, у вёсцы такі парадак проста немагчымы. А ў гэтых гаспадароў наўкола ні парушынкі, усё пад лінеечку. Наўскрозь вымецена, пафарбавана, бавяць вока роўныя грады з пасеянымі сідэратамі ў строгіх рамках, на радасць людзям цвітуць хрызантэмы. Для аздаблення – фігуркі жывёлаў і казачных персанажаў вакол дома.

Сённяшняя знакамітасць Кабішча – гэта не адзін чалавек, а ажно 15 жанчын! Захавальніцы побытавых традыцый сваёй мясцовасці калісьці аб’ядналіся ў аматарскае аб’яднанне «Гаспадынька». Іх інтарэсы тычацца традыцыйнай кулінарыі, дамаводства, кветкаводства, фальклору. З цягам часу іх намаганні былі ацэнены прысваеннем калектыву высокага звання «народны». Штодня «дзяўчаты» вучацца адна ў адной чамусьці новаму, штомесяц збіраюцца на вясёлыя і абавязкова смачныя мерапрыемствы. Малады кіраўнік «Гаспадынькі» Юлія Прышчэпава стварыла творчы тандэм з жанчын залатога ўзросту і моладзі. Іх сумеснае выступленне на леташнім абласным свяце беларускай кухні «Беларускія прысмакі» было ацэнена дыпломам лаўрэата I ступені.

Пяцізорачнае

Самы сучасны і прыкметны аб’ект у Кабішчы – адзіны ў Гарадоцкім раёне загарадны аздараўленчы дзіцячы лагер пад зорнай назвай «Арыён». Ён прапісаўся тут восем год таму. За летні перыяд, працуючы ў чатыры змены, лагер прымае каля 300 дзяцей. Прычым яго дзверы адчынены не толькі для маленькіх жыхароў Гарадоччыны – ён стаў любімым месцам летняга адпачынку для дзяцей з іншых рэгіёнаў.

Лагер уладкаваны ў будынку колішняй тутэйшай школы, якую давялося аптымізаваць па прычыне нешматлікасці навучэнцаў. А вось лагер у маляўнічым месцы з чыстым паветрам прыйшоўся вельмі дарэчы. І мясцовыя жыхары задаволены, што ўлетку вёска поўніцца дзіцячымі галасамі і смехам.

Тут абсталявалі вяровачны парк, праводзяцца гульні ў лазертаг. Дзяцей возяць у басейн у райцэнтр і на экскурсіі па гістарычных мясцінах раёна.

Фота аўтара і дадзена Кабішчанскім СДК і аддзелам па адукацыі Гарадоцкага райвыканкама