Автор: . Дата создания:

Учора скончыўся прыём дакументаў на ўдзел у аўкцыёне па продажы зямельных участкаў для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома ў вёсцы Берашова Сенненскага раёна. На наступным тыдні плануецца рэалізаваць чатыры надзелы, што з’яўляецца добрым вынікам. Чым жа так цікавіць людзей Берашова?

Як паведаміла кіраўнік справамі Ходцаўскага сельсавета Раіса Пальчык, у вёсцы дванаццаць двароў, у якіх пастаянна пражываюць 15 чалавек, і амаль у чатыры разы больш дачных домаўладанняў – 47. Берашова мае прывабную лакацыю: побач возера, лес і адносная блізкасць да вялікіх населеных пунктаў. Сярод дачнікаў віцябчане, мінчане, расіяне.

З сівой даўніны

Паводле кнігі «Памяць. Сенненскі раён» упершыню Берашова згадваецца ў 1533-м як вёска маёнтка Палонна Віцебскай зямлі. У тым годзе кароль Жыгімонт І перадаў маёнтак ва ўласнасць Сапегаў. Але гісторыя Берашова сягае яшчэ на сотні гадоў назад, пра што сведчыць старажытны курган, у якім спачываюць парэшткі продкаў. На пачатку ХХ ст. тут быў фальварак мяшчанкі Лявонавай з 666 дзесяцінамі зямлі (адна дзесяціна роўная 1,09 га).

Зараз асноўная частка вёскі мае 1 км у даўжыню і 500 м прыходзіцца на пасёлак, які створаны ў 1939-м за кошт сселеных сюды жыхароў навакольных хутароў. Паходжанне назвы Берашова – адкрытае пытанне. Але месцічы схіляюцца да таго, што яна связана са словам «бераг».

Таямнічае Саро

Берашова стаіць на беразе возера Саро, хаця тэрытарыяльна адзін з самых глыбокіх вадаёмаў Беларусі лічыцца за суседнім Бешанковіцкім раёнам. Згодна са спецыялізаваным даведнікам даўжыня возера 9,47 км, найбольшая шырыня – 0,91 км (прыпадае на берашоўскую частку), максімальная глыбіня – 36,3 м. Тут водзяцца сіг, сняток, лешч, шчупак, платва, лінь, карась, гусцера, акунь і іншая рыба. Але апошнія даследаванні рыбакоў з сучаснымі эхалотамі выявілі глыбіню ў 45 м. Раней у Саро былі сом і вугар. Мясцовы жыхар Аляксандр Самарын прыгадаў, як у дзяцінстве ранкам хадзіў на рыбалку праз гарохавае поле і бачыў, як змеепадобныя вугры стаялі «на хвастах» і лушчылі струкі.

Саро мае легенду пра цмока. Ёсць звесткі, што падчас вайны ў возера ўпаў падбіты самалёт. На працягу некалькіх гадоў сюды прыязджаюць энтузіясты-пошукавікі. Зімой з дапамогай моцных металадэтэктараў абследваюць падлёдную прастору, разбіваюць яе на квадраты, а летам надзяваюць вадалазныя касцюмы. Аднойчы яны знайшлі жалезныя сані, але самалёт пакуль не паддаецца.

У Берашове ёсць пляж пад неафіцыйнай назвай «Прыстань». Пясок «як на моры» і паступовае паглыбленне на адлегласці 30 м прываблівае гасцей з навакольных вёсак і нават жыхароў Віцебска. У спёку наплыў такі, што самім берашоўцам няма куды прыткнуцца. Але радуе, што адпачываючыя стараюцца не пакідаць пасля сябе смецця. У свой час гэтае месца выкарыстоўвалася як прыстань для ўсіх лодак, якія былі ў кожнага гаспадара вёскі.

Па назіраннях мясцовых жыхароў, возера Саро не дае разысціся ў Берашове вялікім дажджам і ўраганам. Літаральна на вачах яно сваёй глыбіннай сілай прыўзнімае хмары і адштурхоўвае ад Берашова.

«З Новым годам!»

Гэтае віншаванне асаблівае для сям’і Аляксандра і Таццяны Самарыных. Навагодняя ноч 1990-га стала для іх вызначальнай.

Аляксандр тады служыў пад Мінскам сувязістам. У салдат была традыцыя: калі дзяжурства прыпадае на навагоднюю ноч, то трэба зрабіць выпадковы званок. Калі адкажа «Снягурка», то мара збудзецца, а калі «Дзед Мароз» – звальненне ў запас зацягнецца. І вось Аляксандру адказала Таццяна, якая жыла пад Смалявічамі… Упершыню сустрэліся 8 Сакавіка і адразу вырашылі ажаніцца. У 1991-м сыгралі два вяселлі – у вёсцы Крыніца Смалявіцкага раёна і ў Берашове. Спачатку жылі ў бацькоў Аляксандра, а калі дачцэ Вользе споўнілася тры гады, пераехалі ва ўласны дом. Каб завяршыць будаўніцтва жылля, трымалі кароў, свінаматак, мелі гектар зямлі.

Аляксандр працаваў вальшчыкам лесу, егерам, зараз – ахоўнікам базы адпачынку. Ён заядлы рыбак і паляўнічы, дасведчаны цясляр і пячнік.

Да вяселля Таццяна вывучылася ў Мсціслаўлі Магілёўскай вобласці на мастака-афарміцеля-вітражыста. Пасля выхаду з дэкрэтнага адпачынку год працавала прыбіральшчыцай, потым прапанавалі месца настаўніка чарчэння і малявання ў Ходцаўскай сярэдняй школе. Але неўзабаве выйшла пастанаўленне, што выкладаць прадметы могуць толькі людзі з педагагічнай адукацыяй. Завочна скончыла філфак вуза, потым яшчэ факультэт дашкольнага выхавання. Зараз працуе выхавацелем у Ходцаўскай дзіцячым садзе – сярэдняй школе. Таццяна Самарына ўдзельнічае ў культурным і грамадскім жыцці сельсавета і рэгіёна. Уваходзіць у народны клуб гульні і фальклору «Хадчанка», спявае ў складзе вакальнага ансамбля «Весялуха», выступае сольна і дуэтам з Любоўю Жукоўскай. Нядаўна Таццяна Самарына абрана старэйшынай Берашова. Дарэчы, яна падпісваецца на абласную газету з 1991 года. Па прыездзе ёй адразу спадабаўся «Віцебскі рабочы» – адзін з папярэднікаў «Витебских вестей».

У Самарыных узорная сядзіба, яе афармленнем сужэнцы займаюцца сумесна.

Выратаванне старэйшыны

Да нядаўняга часу старэйшынай Берашова была Валянціна Кузнечык, якая ў мінулым снежні перанесла інсульт. Пакуль з Сянна ехала хуткая дапамога і дачка з сынам з Віцебска, фізічны стан Валянціны Афанасьеўны падтрымлівалі Таццяна і Аляксандр Самарыны. Хворую адвезлі ў Віцебск, дзе ў абласной бальніцы былі праведзены дзве складаныя аперацыі. Дачка Валянціны Афанасьеўны Аліна ўдзячная нейрахірургам Антону Эрдману і Аляксею Тананку, урачу-рэабілітолагу Канстанціну Кубракову і фельчару сенненскай хуткай дапамогі, імя якой з-за стрэсу не спытала.

1 мая Валянціну Кузнечык прывезлі ў Берашова. На малой радзіме да яе пачала вяртацца памяць. Дачка звольнілася з работы і аформіла апеку над маці. Да пенсіі Валянціна Афанасьеўна 30 гадоў адпрацавала швачкай у Ходцаўскім КБА. Пры выхадзе на заслужаны адпачынак кіраўніцтва падарыла ёй машынку, на якой абшывала мясцовых модніц. Прыстасаванню вытворчасці Падольскага завода больш за паўвека, і дагэтуль працуе без паломак. Час ад часу Валянціна Афанасьеўна сядае за сваю «залатую машынку» і шые торбачкі пад сушаныя яблыкі для праўнукаў.

Унучкі ўскладчыну фінансуюць работы дома: заменены вокны на ПВХ, абсталяваны санвузел. А яшчэ бабулі купілі двух жыццярадасных папугайчыкаў, якія не даюць сумаваць.

З баявым настроем

Таццяна Самарына ўпэўнена, што Берашова – самая лепшая вёска ў свеце, і ні секунды не шкадуе, што калісьці сюды прыехала. Людзі тут добрыя, гатовыя дапамагчы адно аднаму і захоўваюць памяць аб мінулых пакаленнях. Напрыклад, мінчанка Эліна Тарасенка на сваім доме ўстанавіла своеасаблівую мемарыяльную дошку пра родных: «Тут жылі Балабодзька Уладзімір і Лідзія». А на сетцы агароджы замацавала фота дзядзькі Уладзіміра ў кабіне машыны ГАЗ, на якім ён працаваў.

Аднымі з самых зацятых дачнікаў з’яўляюцца Іван і Надзея Балабоцькі з Віцебска. У летняй рэзідэнцыі, якая засталася ад бацькоў Івана Іванавіча, яны праводзяць паўгода з красавіка па кастрычнік, пакуль не ўключаць ацяпленне ў гарадской кватэры. Для сябе і дзяцей на зіму нарыхтавалі бульбы, гуркоў, памідораў, наварылі варэння з клубніц.

– Настрой – баявы, – запэўнівае гаспадар.

– Напішыце, хай сюды людзей прышлюць, каб было весялей, – дадае гаспадыня.

А людзей пакрысе будзе дадавацца. Па словах старшыні Ходцаўскага сельсавета Аляксандра Гардзецкага, у лістападзе запланаваны продаж з аўкцыёну яшчэ аднаго ўчастка. Рэалізацыя надзелаў пад дачы ў невялікіх вёсках мае відавочны плюс – на зямлю прыходзяць людзі, якія добраўпарадкоўваюць пустуючыя ўчасткі.

Фота Сяргея КАВАЛЕЎСКАГА.