Ля дарогі Браслаў – Плюсы, што пралягае па самых маляўнічых і рэкрэацыйна асвоеных мясцінах Браслаўшчыны, восенню мінулага года адчыніла дзверы кафэ “Струсцянскі прытулак”. Мясцовыя жыхары не разумелі: навошта напярэдадні зімы адкрываць установу, якая акрамя выдаткаў нічога не прынясе гаспадару. “Дзівачыць Сцяпаныч, – гаварылі паміж сабой. – Не ведае, напэўна, куды патраціць грошы”.
Памыляліся. Лічыць і зарабляць грошы Аляксандр Шакель умее. Адным з першых у краі ён заняўся агратурызмам, у якім убачыў перспектыўны накірунак дзейнасці. У пачатку 2000-х гадоў у вёсцы Струста, якая раскінулася ўздоўж аднайменнага возера, паставіў рублены сасновы дом і пачаў прымаць гасцей. Але толькі здаваць ложка-месца і зарабляць грошы на чыстай вадзе і паветры Браслаўшчыны яму аказалася мала.
– Прыйшло разуменне, што трэба развіваць сервіс, без якога адпачынак не можа быць камфортным,– падзяліўся сваімі думкамі руплівы гаспадар і паспяховы прадпрымальнік. – І не толькі для прыезджых, але і для сваіх, мясцовых людзей. Браслаўчанін гэтак жа, як і жыхары іншых гарадоў, жадае цікава правесці вольны час, схадзіць у кафэ, прыгатаваць на прыродзе шашлык, палавіць рыбу…
Так пяць гадоў назад Аляксандр Шакель пачаў асвойваць новую сферу дзейнасці. Выкупіў стары дом ля дарогі, рэканструяваў яго, максімальна захаваўшы архітэктурныя асаблівасці пабудовы. Адну палову аддаў пад кафэ, другую – пад магазін, а мансарду – пад гульнявую залу і пакой для невялікіх застолляў.
– Адкрываў восенню, каб убачыць попыт на кафэ ў мясцовага насельніцтва. Пра летні сезон не турбуюся: кліентаў хопіць. Дом стаіць на самай ажыўленай дарозе да турстаянак нацпарку, гары Маяк, туркомплексаў. А ў міжсезонне? Сказаць, што меў у міжсезонне аншлаг, не магу. Як да ўсякай новай установы, да майго кафэ браслаўчане прыглядаюцца. Але ўжо спраўляюць дні нараджэння дарослых і дзяцей, і проста заязджаюць, каб пагуляць у більярд ці аэрахакей, выпіць кубачак гарбаты, з’есці марожанага.
Паўнацэннай кухні кафэ яшчэ не мае. Таму Аляксандр Сцяпанавіч заключыў дагавор з Пастаўскім спажывецкім таварыствам, якое пастаўляе прадукты шокавай замарозкі.
– Суадносіны цаны і якасці ідэальныя, – адзначыла работніца кафэ Кацярына Бяляўская. Яна зараз заканчвае Магілёўскі ўніверсітэт харчавання.
Зона адпачынку вакол кафэ не надта прасторная, што прымушае рацыянальна выкарыстоўваць кожны яе метр. Знайшлося месца і для падсобнай гаспадаркі. Ужо стаіць цяпліца, хутка зманціруюць другую. Тут і на некалькіх сотках агароду Аляксандр Сцяпанавіч мае намер вырошчваць гародніну для сваёй кухні і на продаж.
На мясцовым узроўні работа Аляксандра Шакеля ў агратурызме ацэнена высока. Па выніках мінулага года ў намінацыі “Турызм” ён прызнаны на Браслаўшчыне лепшым па прафесіі. Разам з сям’ёй распрацавалі інтэр’ер кафэ, прадумалі пейзажны дызайн.
Гаспадар прызнаецца, што многія цікавыя рашэнні па ўладкаванні тэрыторыі падгледзеў за мяжой і ў браслаўчан, якія таксама ўмеюць арыгінальна добраўпарадкоўваць двары сядзіб. І аддзелачныя матэрыялы выкарыстоўвае беларускія. Плітка, кажа, па якасці не саступае італьянскай, таму і пераплачваць няма патрэбы.
– Прыгажосць і зручнасць павінны злучацца,– лічыць Аляксандр Сцяпанавіч. – Таму паклапаціўся пра пад’езд і паркоўку для машын, далей ад дарогі абсталяваў дзіцячую пляцоўку. Дадзім месца для ўстаноўкі палатак тым, хто не хоча жыць на турыстычнай базе. Хай селяцца ля нас, жывуць у палатцы, але маюць дзе прыгатаваць абед ці паесці ў кафэ, прыняць душ, памыць адзенне, узяць напракат прылады для лоўлі ці веласіпед. Паставім і свае палаткі. Наогул, я ўжо думаю пра кемпінг.
Мяркую, што і гэта задума будзе прадпрымальнікам рэалізавана. Калі, са спадзяваннем заўважаў мой суразмоўца, ведамствы выканаюць патрабаванне Прэзідэнта пра спрашчэнне многіх пытанняў прадпрымальніцкай дзейнасці ў сферы агратурызму і сервісу.
– Я магу стварыць дзясятак рабочых месц, – сказаў Аляксандр Шакель,– але абмежаваны трыма. За спажыванне электраэнергіі плачу па падвоеным тарыфе. Хай так і будзе. Але на якой падставе ў пяцікратным памеры браць за падагрэў вады бойлерам?
Такіх пытанняў у прадпрымальніка набралося шмат. Урэгуляванне іх, лічыць ён, можа паспрыяць развіццю прыватнай ініцыятывы, а значыць, і аздараўленню эканомікі.
Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.