Паводле даследаванняў, гэты кавалак скалы з шэра-ружовага граніту «зпоўз» да нас тысячы гадоў таму з чарговай хваляй ледавіка з ваколіц горада Выбарг, што знаходзіцца пад Санкт-Пецярбургам. Яго даўжыня складае 10,2 м, шырыня — 6 м, вышыня — 4 м. Валун мае статус геалагічнага помніка прыроды рэспубліканскага значэння і ахоўваецца дзяржавай. Але ў першай палове ХХ ст. мы маглі яго страціць. Сенненскі краязнаўца Васіль Бандарэвіч расказвае, што са старажытнасці падобныя камяні заўсёды шанаваліся людзьмі, да іх прыносілі ахвяраванні. Старадаўнія вераванні захоўваліся і пасля рэвалюцыі 1917 года, але новай уладзе яны былі не даспадобы. Першым «пад раздачу» трапіў Барысаў камень, які знаходзіўся каля вёскі Высокі Гарадзец тагачаснага Сенненскага павета (зараз яна ўваходзіць у склад Талачынскага раёна). Ініцыятыву па яго знішчэнні выказалі камсамольцы, якім муляў вока надпіс на царкоўнаславянскай мове «Госпадзі, памажы рабу свайму Барысу». Хутка чарга дайшла і да «Чортава каменя», але актывістаў спыніў здаровы сэнс. У ваколіцах знаходзілася шмат вёсак і хутароў, і аскепкі ад валуна-гіганта маглі нанесці вялікія страты.
Невядома, калі «Кравец» пашыў апошнюю кашулю ці кажух. Можа, да таго моманту, калі тыя ж мужчыны захацелі памерыць дно чортавай дрыгвы: звязалі дзве вялізныя жардзіны і пачалі торкаць у багну. Да дна так і не дасталі, а вось уладальнік каменя, відаць, пакрыўдзіўся, што патрывожылі яго жытло, і прычыніў «атэлье». Па другой версіі, аднойчы жанчына папрасіла чорта пашыць ні тое ні сёе…
Да «Чортава каменя» вядзе алея з маладых соснаў. Нядаўна мясцовыя ўлады ўстанавілі тут альтанку. Краязнаўцы прапануюць таксама зладзіць масток праз Абалянку, каб напрасткі можна было трапіць на Змяіную гару. Да валуна часта прыязджаюць людзі, некаторыя пакідаюць ахвяраванні ў выглядзе беларускіх і расійскіх рублёў. «Чортаў камень» уключаны ў распрацаваны турыстычны маршрут Сянно-Друцк (Талачынскі раён).
Фота Антона Сцепанішчава