Мясціны прыгожыя, тут любяць гасціць шматлікія сябры Дзмітрыя і Алесі. Пакупацца ў возеры, схадзіць у лес па грыбы ці ягады, проста пасядзець у яблыневым садзе, пазбіраць кветкі на лузе. Яны ж, як расказвае гаспадыня, і параілі маладой шматдзетнай сям’і заняцца агратурызмам і такім чынам мець дадатковы даход ва ўласны бюджэт. А ён на той момант быў вельмі патрэбны: у Гутараў чакалася папаўненне.
Аматараў лоўлі задавальняе блізкасць багатых на рыбу вадаёмаў, вячэрнія пасядзелкі ля вогнішча, душэўныя размовы. А калі яшчэ можна павезці дахаты сушанай рыбы, некалькі слоікаў духмянага варэння з лясных ягад, накарміць сыноў і дачок свежай гароднінай, напаіць малаком – што можа быць лепш.
Іншая справа дзеці. Калі ім будзе сумна – лічы адпачынак сапсаваны. Для іх Гутары набылі батут, электрамабілі, горкі, арэлі. А потым яшчэ і поні.
Яны і сталі перлінкай аграсядзібы. Пакатацца па садзе на прыгожай брычцы, выехаць на ёй у райцэнтр, а спатрэбіцца, і далей, падабаецца многім. І не менш сам працэс догляду за жывёлай, расчэсванне грывы, чыстка, кармленне... Гэта справа без дзятвы не абыходзіцца.
Такія паслугі Гутары прапануюць не толькі сваім гасцям, але і ўсім жадаючым. Напрыклад, на фестывалі “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах да іх поні стаяла чарга дзяцей і дарослых.
На здымку: Алеся Гутар ў садзе з поні. Фота Тамары Пашкевіч.