Яны знаходзяцца ў Гарадоцкім, Сенненскім і Аршанскім раёнах на былым “Екацярынінскім тракце”, які звязваў Санкт-Пецярбург з Кіевам. Адметнасцю аднаго з іх з'яўляецца скульптура жанчыны-механізатара.
Дакладна вядома, што пасля вайны тут размяшчалася падраздзяленне дарожнай арганізацыі, што абслугоўвала ўчастак трасы Віцебск - Орша. У галоўным будынку знаходзілася кантора, у двух астатніх - гаспадарчыя і жылыя памяшканні для служачых. Потым комплекс доўга пуставаў. Калі ў 2000-х у Грышанах згарэў магазін, былая паштовая станцыя пачала выконваць функцыю гандлёвай кропкі, якую зачынілі некалькі гадоў таму назад. І ўвесь гэты час на трывалым пастаменце ля будынка стаяла скульптура маладой трактарысткі ў камбінезоне і з механізатарскімі акулярамі на галаве.
Старшыня Высокаўскага сельсавета Мікалай Астаповіч цікавіўся гісторыяй яе ўстаноўкі ў старажылаў. Але даведацца ўдалося нямногае. Мясцовая жыхарка, якая пераехала ў Грышаны ў 1954 годзе, расказала, што скульптура тады ўжо стаяла. Падчас савецкіх святаў каля яе праводзілі розныя ўрачыстасці.
Сёлета скульптура абнавілася. Мікалай Астаповіч распавёў, што калі да 70-годдзя Перамогі на тэрыторыі сельсавета добраўпарадкоўвалі воінскія пахаванні, ён папрасіў майстроў патынкаваць і пафарбаваць помнік. Яны добрасумленна гэта зрабілі, і цяпер “маладая трактарыстка” радуе вока праязджаючых па Старааршанскай дарозе.
А тым часам былая паштовая станцыя можа атрымаць новага гаспадара. По словах Мікалая Астаповіча, ёй цікавяцца некалькі бізнесменаў, каб зрабіць тут кафэ і гасцініцу. У такім выпадку гісторыя станцыі выйдзе на новы этап.
Фота Антона Сцепанішчава.