Механізаваны атрад Верхнядзвінскага льнозавода ў чаканні цяпла. Тэхніка да веснавых палявых работ гатова. За кожным механізатарам замацавана па 2 — 3 агрэгаты і па столькі ж прычапных прылад, каб з пачатку вясны і да заканчэння ўборкі ўсе былі задзейнічаны на вырошчванні даўгунцу.
Праўда, сказаў начальнік мехатрада Міхаіл Малей, 5 — 6 чалавек для работы на трактарах не хапае. Таму запрасілі на дапамогу механізатараў з іншых арганізацый, каго ўжо не адзін год камандыруюць на завод.
– Усе члены мехатрада – людзі вопытныя і адказныя, – сцвярджаў Міхаіл Пятровіч. – Разумеюць: чым лепш папрацуюць цяпер, тым лепшы збяруць ураджай, ад якога залежыць не толькі фінансавае становішча прадпрыемства, але і іх асабісты дабрабыт. Будзе сваё насенне і дастаткова трасты – будзе і больш важкі заробак. Таму, як і ў мінулыя гады, пастараюцца пакласці насенне ў добра падрыхтаваную глебу, у лепшыя тэрміны, пашчыруюць у полі ад святла да цямна – тэхналогію вырошчвання льна засвоілі і стараюцца строга яе прытрымлівацца.
Пад паўночны шоўк сёлета адведзена ў раёне 1250 га зямлі, на 50 га больш, чым летась. Палі пад гэтай культурай ёсць практычна ў кожнай гаспадарцы. Заводу іх перадалі восенню. У выніку, гаворыць галоўны аграном прадпрыемства Юрый Губанаў, глебу своечасова апрацавалі гліфасатамі, узаралі. Хапае і насення. Калектыў прытрымліваецца правіла штогод абнаўляць гатункі гэтай каштоўнай тэхнічнай культуры. Сёлета купілі 10 т суперэліты «лады» і 7 т сярэдняспелага першай рэпрадукцыі «гранта». Мелі жаданне набыць імпартныя гатункі, але аказалася, што і ў самой Еўропе дэфіцыт пасяўнога матэрыялу.
– Давялося адкласці рэалізацыю задумы на год, – са скрухай сказаў аграном. – Хоць летась мы і былі ў вобласці другімі па якасці трасты, хочацца лепшага выніку. Доўгае валакно цэніцца, а яго атрымліваем пакуль менш, чым кароткага. Таму нашым асноўным резервам у атрыманні якаснай сыравіны застаюцца агратэхнічныя прыёмы і аптымальныя тэрміны работ. Усё зрабіць своечасова – узараць, пасеяць, прапалоць, выцерабіць, перавярнуць, узняць, спрасаваць, звезці пад шохі… Часам рабочага дня з шасці раніцы да васьмі вечара не хапае. Палі раскіданы па раёне. Ёсць такія, што знаходзяцца за 35 км ад райцэнтра. У такой сітуацыі вельмі важна прадуманасць работ – як максімальна скараціць перагоны тэхнікі, арганізаваць яе захоўванне паблізу ад месцаў работы, не дапусціць прастояў па прычыне дастаўкі паліва… Усе гэтыя моманты ўжо на паперы. Спадзяёмся, што надвор’е не падвядзе, а мы пастараемся, каб тое, што залежыць ад чалавека, было выканана якасна.
Працаваць менавіта так верхнядзвінскія льнаводы ўмеюць, пра што гавораць вынікі работы калектыву. Галоўны інжынер прадпрыемства Міхаіл Бужынскі прадэманстраваў шохі, частка якіх яшчэ запоўнена рулонамі трасты.
– Яе хопіць для двухзменнай работы да пачатку лета, калі пачнём прафілактыку абсталявання, – паведаміў ён. — Калектыў выканаў гадавы дзяржзаказ па пастаўцы валакна. Адным словам, працуем і жывём. На работу і з яе людзей возім, адрамантавалі кацельню і падаём цяпло ў цэхі, усталявалі душавыя, на парадку дня замена вентыляцыі. Збяром добры ўраджай – атрымаем новыя магчымасці палепшыць дабрабыт калектыву. А гэта стымул для яшчэ больш плённай работы.
На вчерашний день хозяйства Витебщины посеяли 91,2 тыс. га (36,3% от плана) ранних зерновых и зернобобовых культур. Льноперерабатывающие предприятия приступили к севу северного шелка: под него уже занято 1,1 тыс. га (7,3%). Под яровые культуры подготовлено 128 тыс. га почвы.
Фота Тамары Пашкевіч.