Автор: . Дата создания:

Ідэальная галоўная медсястра - так характарызуе падначаленую галоўны ўрач Міёрскай раённай бальніцы Алена Сівая.

Напэўна, такую ацэнку кіраўніка хацеў бы пачуць кожны работнік. Святлана Андрэеўна Карпеза, прызнаюць у калектыве, яе заслужыла гадамі бездакорнай працы, за што і ўзнагароджана ў маі граматай Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Але не меншай павагай у калег карыстаецца і як старшыня прафсаюзнай арганізацыі. Пярвічцы прысуджана першае месца ў абласным конкурсе. Так службовыя і грамадскія абавязкі цесна перапляліся ў яе жыцці і толькі спрыяюць плёну ў справах.

Дзевятнаццацігадовай дзяўчынай пасля заканчэння Полацкага медвучылішча Святлана прыехала працаваць у Міёры. Пры размеркаванні месца працы выбірала па адлегласці да сваёй малой радзімы – Шаркаўшчынскага раёна, дзе жылі бацькі. Адразу трапіла ў рэанімацыйнае аддзяленне ЦРБ, дзе прыродныя якасці ўмацавалі экстрымальныя ўмовы ратавання пацыентаў. Сфарміраваўся характар, у якім адказнасць, вытрымка, абавязковасць сталі галоўнымі рысамі. Менавіта іх і ацаніла ў тую пару начмед бальніцы Алена Сівая. Спачатку Святлану назначылі старшай медсястрой аддзялення, а пазней і галоўнай медсястрой медыцынскай установы.

Тэндэм галоўнага ўрача, якім была назначана Алена Сівая, і галоўнай медсястры ўжо адзінаццаць гадоў як добра адладжаны механізм служыць на карысць калектыва і пацыентаў.

– Падначалены, якому не трэба па некалькі разоў напамінаць, што належыць зрабіць, – надзейны тыл кіраўніка, – гаворыць Алена Федараўна. – За ўчастак Святланы Андрэеўны я спакойная. Ведаю, што ў дакументах парадак, у наяўнасці дастаткова сродкаў, неабходных для нармальнай работы медыкаў, вучоба медперсаналу “не завалена”… Поле дзейнасці ў галоўнай медсястры шырокае. Яна адказвае за работу сярэдняга і малодшага медперсаналу ва ўсіх медустановах раёна. А гэта толькі медыцынскіх сясцёр 257, што працуюць у раённай бальніцы і паліклініцы, на 26 ФАПах, 3 амбулаторыях урачэбнай практыкі, Язненскай участковай і Дзісненскай бальніцах сястрынскага догляду.

Галоўная медсястра клапоціцца пра іх прафесіянальны рост, арганізуе вучобу, удзельнічае ў атэстацыі, абавязкова за маладымі спецыялістамі замацоўвае вопытных работнікаў. У тым, што ў міёрскіх медсясцёр самая высокая катэгарыйнасць у вобласці – яе вялкая заслуга. Як і ў тым, што грамадскія інспектары па ахове працы, за работу якіх адказвае па службе і грамадскай дзейнасці, прызнаны лепшымі ў вобласці.

– У першыя дні на пасадзе ўзяла за правіла, каб патрабаваць парадку ад іншых, тэба мець яго ў сябе, каб вучыць – вучыцца самой,– успамінае Святлана Карпеза. – Дакладна планую работу, інакш штосьці важнае ўпусціш. Нічога з намечнага не адкладваю на заўтрашні дзень.

У грамадскіх абавязках, удакладняюць калегі, таксама. Святлана Андрэеўна аказалася выдатным арганізатарам прафсаюзнага жыцця. Як у вялікай дружнай сям’і медыкі разам адзначаюць святы, удзельнічаюць у раённых і абласных мерапрыемствах, конкурсах, аглядах – кожнаму дадзена магчымасць паказаць свой прафесіяналізм, мастацкія і кулінарныя здольнасці.

У многіх мерапрыемствах разам з бацькамі выступаюць іх дзеці. Яны выйгралі чатыры дыпломы на абласным конкурсе малюнка “Медыцына вачамі дзяцей”, перамаглі ў фотаконкурсе “Мой родны кут, як ты мне мілы”.

Святлана Андрэеўна пералічыла дзясяткі мерапрыемстваў, удзельнікамі якіх сталі медработнікі.

Апрача ўсяго, міёрскія медыкі актыўна знаёмяцца са славутасцямі Беларусі. Аб’ехалі, як ажуць, паўкраіны і не збіраюцца спыняцца. Да пандэміі паспелі агледзець Лінію Сталіна, паглядзець спектакль у тэатры оперы і балета.

Міне сённяшняя эпідсітуацыя і зноў закіпіць грамадскае жыццё, упэўнена старшыня прафкама. Зноў калектыў ЦРБ паедзе на экскурсіі, канцэрты, пойдзе на трэніроўкі ў ФАК. Дарэчы, палову цаны білета за наведванні спартыўных секцый аплачвае прафсаюз, на сяле арэндуе для заняткаў медработнікаў спартзалы школ. Медработнік павінен быць здаровы. Асабліва цяпер.

Як і ва ўсіх медыкаў сітуацыя з пандэміяй ускладніла работу галоўнай медыцынскай сястры. Разам з галоўным урачом ёй давялося клапаціцца пра забеспячэнне медыкаў індывідуальнымі сродкамі аховы, вучыць карыстацца імі, сачыць, каб самі медыкі выконвалі ўсе санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні. Дзякуючы гэтаму рады медперсаналу не парадзелі, яны змаглі аказваць якасную дапамогу тым, каго падкасіў вірус.