Працоўная дзейнасць для дванаццаці маладых медработнікаў раёна, якія сёлета прыехалі на Сенненшчыну пасля заканчэння вышэйшых навучальных і сярэдніх спецыяльных устаноў, пачалася некалькі дзён назад.
Маладых урачоў-інтэрнаў, акушэрак, фельдчараў, медыцынскіх сясцёр добра сустрэлі ў калектыве Сенненскай ЦРБ. Медсястра тэрапеўтычнага аддзялення Таццяна Далгая і старшыня прафсаюзнай арганізацыі Крысціна Гарчынская запэўнілі, што работа з моладдзю ў іх установе аховы здароўя праходзіць на вышэйшым узроўні. У першыя дні, каб хутчэй адаптаваць маладыя кадры, уцягнуць у працу, за кожным замацавалі настаўнікаў – найбольш вопытных спецыялістаў: інтэрнаў – загадчык аддзяленнем, для сярэдняга медыцынскага персаналу – старшыя медсёстры.
Акрамя гэтага для іншагародніх вырашаюцца пытанні з размяшчэннем. Так, з дванаццаці чалавек сем атрымалі жыллё, затраты на якое будуць кампенсавацца.
Штогод увосень у Сенненскай ЦРБ праводзіцца цёплая сустрэча-чаяванне, на якую запрашаюцца эканаміст і бухгалтар бальніцы, супрацоўнік банка, прадстаўнікі ўлады, райкама ГА “БРСМ”. Там маладым медыкам падрабязна расказваюць пра калектыўны дагавор, патрэбныя выплаты, моладзевае жыццё раёна.
Сёлета ў Сенненскі раён на сваё першае працоўнае месца прыйшлі 62 маладыя спецыялісты. Большасць з іх занятая ў галіне сельскай гаспадаркі – 18 чалавек, адукацыі (14), аховы здароўя, ва ўстановах культуры, прамысловасці, сферы гандлю, бытавога абслугоўвання і інш. З 59 маладых кадраў 25 – выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў, 32 і 5 маюць адпаведна сярэднюю спецыяльную і прафесійна-тэхнічную адукацыю.
Фота Ірыны Хасанавай.