Автор: . Дата создания:

У медыцыне, як і ў любой галіне, існуюць колькасныя і якасныя паказчыкі, якія фарміруюць канчатковыя вынікі. Прадугледжаны розныя напрамкі работы ўстаноў, скіраваныя на галоўнае -- паляпшэнне здароўя насельніцтва. Ацэньваючы па гэтым і шэрагу іншых крытэрыяў дзейнасць калектываў сістэмы аховы здароўя Віцебшчыны, абласное ўпраўленне на рэгіянальным узроўні пальму першынства аддала Браслаўскай раённай бальніцы. Тут у апошнія гады забяспечылі станоўчую дынаміку асноўных медыка-дэмаграфічных паказчыкаў, рацыянальна выкарыстоўвалі фінансавыя рэсурсы, замацоўвалі і рыхтавалі кадры, стваралі ўмовы для аказання і паляпшалі даступнасць высокатэхналагічнай дапамогі.

На гэтых і іншых момантах работы браслаўчан у 2015-м і на працягу пяцігодкі засяроджвалі ўвагу на выніковым медыка-санітарным савеце галоўны ўрач ЦРБ Аляксандр Макарэвіч і начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Юрый Дзяркач.

Летась на Браслаўшчыне нарадзілася 289 дзяцей (10,8 праміле на 1000 насельніцтва). А ў папярэднія гады нараджальнасць была яшчэ больш высокай. Ні адно дзіця ў 2015-м не памерла ва ўзросце да года. Бальніца набыла апарат для штучнай вентыляцыі лёгкіх нованароджаных. А для прафілактыкі і ранняй дыягностыкі парушэнняў развіццё плода, прыроджаных парокаў праведзена амаль тысяча ўльтрагукавых даследаванняў цяжарных жанчын. Прынятыя меры, як зазначалі прамоўцы, і дазволілі захаваць жыццё кожнай маці і дзіцяці.

На 9% зменшана агульная смяротнасць насельніцтва, у тым ліку ад старасці і знешніх прычын. У прыватнасці, істотна скарацілася колькасць смерцяў браслаўчан у працаздольным узросце, ад траўм, не зарэгістравана ніводнай гібелі па прычыне атручэння алкаголем.

Гэты факт, падкрэсліваў Аляксандр Макарэвіч – вынік сумесных намаганняў розных службаў. Медыкаў пярвічнага звяна, якія хадзілі па дамах ў дом, планава абследавалі людзей сталага ўзросту і аказвалі ім своечасовую і кваліфікаваную дапамогу. Працоўных калектываў, якія клапаціліся пра паляпшэнне ўмоў працы, міліцыі, райаддзела МНС, школ, якія разам з урачамі праводзілі дзейсную прафілактычную работу.

Паспрыяла таму і ранняя дыягностыка, што мае двайны эфект: напрыклад, у анкалагічна хворых , пасля лячэння падоўжылася працягласць жыцця і разам з тым медыцынская дапамога каштавала ў разы танней, чым на больш позніх стадыях. Такая прамая залежнасць эфектыўнасці лячэння і яго кошту існуе і пры сардэчна-сасудзістых і іншых захворваннях.

На працягу шэрага гадоў браслаўскія медыкі рацыянальна выкарыстоўвалі бюджэтныя сродкі. Для бальніцы самі шылі мяккі інвентар, змаглі зменшыць расходы на ўтрыманне аўтатранспарту, праводзілі энергазберагаючыя мерапрыемствы. У выніку с’эканомілі за год амаль 900 млн рублёў. А самі на аказанні 22 відаў платных паслуг зарабілі больш за 4 млрд рублёў.

За бюджэтныя і ўласныя сродкі калектыў выконваў рамонт, набываў сучаснае абсталяванне, плённа выкарыстоўваў магчымасці міжнароднага супрацоўніцтва. Адначасова праводзіў мэтанакіраваную работу па замацаванні кадраў, у чым бальніцы дапамог райвыканкам – выдзеліў для маладых спецыялістаў дзве кватэры. Сёлета, абяцаў на нарадзе старшыня райвыканкама Уладзімір Дранеўскі, раён забяспечыць медыкаў яшчэ адной, а калі ўдасца, і большай колькасцю кватэр. Усё разам і дазволіла Браслаўскай ЦРБ аказваць якасную і даступную медыцынскую дапамогу.

У Браславе, як праінфармаў начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Юрый Дзеркач, у 2017 годзе плануецца адкрыццё міжраённага цэнтра рэнтгенэндаваскулярнай хірургіі па аказанні спецыялізаванай дапамогі жыхарам Браслаўскага, Міёрскага, Глыбоцкага, Верхнядзвінскага, Пастаўскага і Шаркаўшчынскага раёнаў, а таксама бліжэйшага замежжа, гасцям азёрнага краю.

--Ужо сёння ў нас ёсць магчымасць аказваць высакаякасныя кансультатыўныя і хірургічныя паслугі,-- пацвердзіў Аляксандр Макарэвіч. – Падрыхтаваны кадры, вывучаецца пытанне па ўстаноўцы ў ЦРБ ангіёграфа – апарата для даследавання сасудаў, а ў аддаленай перспектыве – тамографа.

Работа калектыву Браслаўскай цэнтральнай раённай бальніцы атрымала высокую ацэнку і на рэспубліканскім узроўні. Яму прысуджана трэцяе месца ў Беларусі, пасля Мозырскай і Жодзінскай бальніц.

Здароўе і дабрабыт насельніцтва—катэгорыі ўзаемазалежныя, а з пункту гледжання эканомікі здаровыя людзі – найважнейшы фактар ўстойлівага развіцця дзяржавы. Толькі правільна арганізаваная медыцынская дапамога дае магчымасць паправіць здароўе найбольш эфектыўным спосабам. На такі падыход нацэльваюць медыкаў Міністэрства і ўпраўленне аховы здароўя. Таму Юрый Дзеркач рэкамендаваў урачам удумліва падыходзіць да кожнага пацыента, методыкі яго лячэння на аснове айчынных прэпаратаў, каб пры існуючым фінансаванні дасягнуць хуткага выздараўлення.