Автор: . Дата создания:

Знешне ўжо нічога не нагадвае пра тое, што яшчэ зусім нядаўна жыхарка вёскі Станкавічы Браслаўскага раёна Марыя Сініца знаходзілася на мяжы жыцця і смерці. Спачатку думала, што прастудзілася, абвастрыўся застарэлы бранхіт. Але калі падскочыла тэмпература, сталі слабець ногі, вырашыла патэлефанаваць дачцэ Ксеніі, якая жыве бліжэй за астатніх дзяцей.

Калі пачалася пандэмія, родныя дамовіліся без вострай неабходнасці да маці не ездзіць, сувязь па некалькі разоў на дзень трымаць па тэлефоне. Так і рабілі, пакуль той не стала дрэнна. Пра каранавірус не думалі. У вёсцы Станкавічы яна адна жыхарка. Ну адкуль мог узяцца той вірус?

Пры першым візіце не западозрыла яго і хуткая дапамога. Але праз два дні, калі жанчыне не палепшыла, яе павезлі ў бальніцу, дзе з каранавірусам ужо ляжаў яе сын Фёдар.

– Гэта інфекцыя тым і небяспечная, што дыягнаставаць яе даволі часта ўдаецца толькі з выкарыстаннем камп’ютарнай тамаграфіі, – кажа загадчыца інфекцыйнага аддзялення Браслаўскай ЦРБ Вольга Лакевіч. – Добра, што наша бальніца мае тамограф. Дзякуючы яму і высветлілася, што ў хворай 80% лёгкіх сур’ёзна пашкоджаныя.

Марыя Ліфанаўна стала найстарэйшай пацыенткай у браслаўскіх медыкаў.

– Было вельмі цяжка, – узгадвае жанчына. – Спадзявалася на медыцыну і прасіла міласэрнасці ў Госпада для сябе, але больш для сына, які ляжаў у суседняй палаце. Не мела сіл ні адказаць на званок, ні сама каму патэлефанаваць.

На шчасце, сцвярджае ўрач, у хворай аказаўся моцны імунітэт. Неабходныя прэпараты, кіслародная падтрымка, спецыяльныя дыхальныя практыкаванні – усё рабілася згодна з міжнародным пратаколам лячэння каранавіруса. Пасля трох тыдняў Марыя Сініца стала папраўляцца і сваім прыкладам паказала, што перамагчы інфекцыю можна ў любым узросце.

Выздаравеў і яе сын, прайшоў рэабілітацыю ў санаторыі і вярнуўся на працу. Маці пакуль жыве ў яго, набіраецца сіл пад наглядам нявесткі Валянціны.

– Але і па сваім доме сумуе, турбуецца пра кветкі, агарод, – адзначае Валянціна Вацлаваўна. – Супакойваю, што ўсё дагледжана. Дык яна патрабуе, каб давала работу ёй тут, у Браславе. Бульбу чысціць, цыбуліны цюльпанаў перабрала. Без справы ёй сумна. Усё жыццё адпрацавала даяркай у калгасе, выгадавала семярых дзяцей, мужа і аднаго сына пахавала. Пераехаць да кагосьці з нас не згаджалася. Вось толькі абставіны прымусілі. Цяпер бавіць час з праўнукамі – іх у яе ўжо дзевятнаццаць.

Сфатаграфавацца Марыя Ліфанаўна пажадала ля кветак, якія буяюць у двары дома. Даволі лёгка сышла з прыступак, абняла нявестку і праўнукаў Дзіму, двайнят Лёшку і Уладзіка. Вочы засвяціліся радасцю, вусны кранула лёгкая ўсмешка.

– Трэба яшчэ адсвяткаваць 90-годдзе. А там як Гасподзь дасць, – сказала на развітанне.

Гледзячы на яе, думала: многія цяпер перажываюць страх, трывогу, разгубленасць, выкліканыя парушэннем звыклага ладу жыцця, невядомасцю… Гэтыя фактары пакідаюць свой адбітак у памяці і могуць застацца з намі на доўгі час. У такіх абставінах вельмі моцна адчуваецца патрэба ў духоўнай падтрымцы. Святары лечаць душу, але разам з медыкамі вучаць і не геройстваваць. Надзея, што «вера ўратуе», «веруючаму няма чаго баяцца», – занадта спрошчаны погляд на рэчы, які адмаўляе рэальнасць натуральных чалавечых рэакцый на пагрозу.