Автор: . Дата создания:

Калектыў Дзісненскай бальніцы сястрынскага догляду невялікі, як і колькасць людзей, што ён абслугоўвае. Кіруе медустановай Святлана Палячэнка, якая 35 гадоў таму разам з мужам прыехала працаваць на Міёршчыну.

У Дзісне стала добрым спецыялістам, паважаным чалавекам. Але пра сябе гаварыць не захацела. Прапанавала напісаць пра маладога ўрача агульнай практыкі Дар’ю Жабёнак (на фота), можна сказаць, свайго доктара, якая вырасла ў Старых Круках у сям’і настаўніцы і лесніка.

Трэці год яна працуе ў Дзісне і, як сказала Святлана Міхайлаўна, не збіраецца пакідаць гарадок і бальніцу. Пра гэта вырашыла спытаць у самой Дар’і Мікалаеўны, пра якую ўжо ведала, што замужам, што муж працуе ў структуры МНС у Наваполацку, што ў Полацку маладая сям’я набыла кватэру.

Яшчэ не ведаючы, хто прыйшоў на прыём, Дар’я здзівілася адсутнасці на стале карткі пацыента, але перш чым паслаць за ёй сястрычку, пацікавілася, што прывяло мяне на прыём. А пачуўшы, крыху збянтэжылася. Маўляў, працуе яшчэ нядоўга і не заслужыла ўвагі прэсы. А што муж выратавальнік на «Нафтане» і кватэра куплена, не азначае, што яна пакіне калектыў і людзей, да якіх прыкіпела душой, паважае за працавітасць і вельмі трывожыцца за абыякавасць адносін да свайго здароўя. Праўда, пандэмія крыху прымусіла сяльчан пахвалявацца за сябе. Калі «выскоквала» тэмпература, з’яўляўся кашаль ці задышка, на якія раней і не звярнулі б увагі, спяшаліся да ўрача. Былі дні, калі прымала да 40 чалавек, гара­джане і вяскоўцы хацелі пераканацца, што ў іх не СOVID-19.

— Гэта сёння было мала пацыентаў, — з задавальненнем сказала ўрач. – Пандэмія заціхла. Людзі прывыклі насіць маскі, мыць рукі, не тоўпяцца ў магазінах.

— Дарэчы, — дапоўніла падначаленую кіраўніца мед­установы, — мы не ўпусцілі вірус у бальніцу. Сярод тых, хто знаходзіцца ў нас пастаянна, на СOVID-19 не захварэў ніхто, хоць, вядома, гэта было няпроста.

Няпроста было і ўрачам. Дар’я Мікалаеўна штодня да абеду вяла прыём, а ў другой палове адпраўлялася на ФАПы, наведвала занямоглых па дамах. Як урач агульнай практыкі лячыла прастуду, здымала гіпертанічны ціск, аглядала нованароджаных… У іншых умовах некаторых у абавязковым парадку адправіла б у бальніцу райцэнтра, а ў перыяд пандэміі лячыла сама, калі ў нечым сумнявалася, кансультавалася з больш вопытнымі калегамі. Так і стала сапраўдным сямейным доктарам.

– Цяпер гэта рабіць будзе лягчэй, – падкрэсліла Дар’я Жабёнак. – Бальніцу падключылі да агульнай камп’ютарнай сеткі сістэмы аховы здароўя. Значыць, калі спатрэбіцца, змагу прама звязацца з больш вопытнымі спецыялістамі, а гэта так важна.

Акрамя ўрачэбных абавяз­каў, Дар’я Жабёнак рыхтуецца да экзаменаў па павышэнні кваліфікацыйнай катэгорыі. Спадзяецца, што ёй гэта ўдасца.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.