Беларусь у ліку тых краін, якім не стае ўласных паліўна-энергетычных рэсурсаў. Каля 85% іх вымушана завозіць з-за мяжы, што робіць яе эканоміку залежнай ад знешніх пастаўшчыкоў. Таму перад Мінэнерга пастаўлена задача мабілізацыі мясцовай энергасыравіннай базы. А тарфяная галіна ў краіне, па ацэнцы міністэрства, знаходзіцца на хвалі ўздыму, займае вядучае месца ў свеце па здабычы торфакрошкі, лідзіруе ў аб’ёмных паказчыках па вырабе паліўных брыкетаў. Гэта вынік рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Торф”, у якой сваё месца займае Браслаўскі торфабрыкетны завод – адзіны на сённяшні дзень у Віцебскай вобласці, дзе вырабляюць паліўныя брыкеты. Адзначыўшы 50-годдзе свайго існавання, прадпрыемства апынулася ў цяжкой сітуацыі маральнага і фізічнага зносу абсталявання. Яго маглі закрыць. Але на дзяржаўным узроўні было вырашана захаваць на Браслаўшчыне горадаўтвараючы завод, а для гэтага рэканструяваць. Па-сутнасці ж яго практычна будавалі па-новаму, не прыпыняючы вытворчага працэсу. У верасні 2018 года маштабныя работы былі завершаны. На Браслаўшчыне з’явілася прадпрыемства, аснашчанае самым сучасным абсталяваннем.