Автор: . Дата создания:

Для Галіны Паўлоўскай з Міёршчыны аграэкатурызм не проста маленькі бізнес для падтрымання сямейнага бюджэту.

Шмат гадоў таму, распачынаючы яго, гаспадыня «Мацейкавай сялібы» ўбачыла ў ім цудоўную магчымасць далучыць сваіх гасцей да народнай культуры, дапамагчы адчуць ім повязь часоў. Напэўна, гэтым закранула людскія сэрцы, стала вядомай у коле тых, хто жадае не проста пагрэцца і пазагараць на беразе возера, а спазнаць падчас адпачынку штосьці цікавае, чамусьці навучыцца, адкрыць для сябе яшчэ адзін куточак роднай зямлі. Падштурхнула прафесія: Галіна Уладзіміраўна – педагог, але больш, лічыць, уласная любоў да роднага краю, да месца, дзе жылі яе дзяды, бацькі, дзе нарадзілася і вырасла сама, спазнала сілу радства, стала прадаўжэннем вялікага роду. І сялібу назвала «Мацейкавай» па імені дзядулі. Так жыхары Пераброддзя ласкава звалі Мацея – невысокага, усмешлівага і ўмелага гаспадара, які мог пашыць боты і зваляць валёнкі, змайстраваць цымбалы і пабудаваць уласнымі рукамі хату. Да яго туліліся сваякі. У вёсцы быў, кажучы сучаснай мовай, невялікі квартальчык з іх дамоў.

Ад той забудовы Галіне Паўлоўскай у спадчыну дасталіся дзве пабудовы, яшчэ адну яе сям’я ўзвяла сама. Атрымалася вялікая сядзіба на беразе возера Набіста, у якой знайшлося месца для музея, майстэрні рамеснікаў і выставачнай залы, дома для гасцей і лазні. На гэтай тэрыторыі гаспадыня і прымае турыстаў, праводзіць дзіцячыя тэматычныя летнікі, вучыць рамёствам, прапагандуе міёрскія аграсядзібы і край у цэлым.

З такой мэтай у канцы мая ў рамках міжнароднага праекта «Разам да грамады і прыроды: Міёрскі раён» аб’явіла ў сацыяльных сетках аб правядзенні на сваёй аграсядзібе рэкламнага тура выхаднога дня «У вёску да бабулі», запрасіла на яго людзей, зацікаўленых у развіцці ўнутранага турызму, прасоўванні паслуг для здаровага ладу жыцця і яго складальніка – здаровага харчавання.

Трэба сказаць, што яе прапанову пачулі гаспадары аграсядзіб са свайго і суседніх раёнаў, блогеры і стваральнікі тэматычных тэлеканалаў, гаспадары сялянска-фермерскіх гаспадарак: кожны з іх меў свой інтарэс у сустрэчы, хацеў пераняць чужы вопыт, прарэкламаваць свой, пачуць падказку, як развівацца далей і што сёння жадае атрымаць ад адпачынку на аграсядзібе беларускі турыст.

Госці з цікавасцю знаёміліся з прапановамі гаспадыні «Мацейкавай сялібы». Разглядалі побытавыя рэчы сялян XIX – XX
стагоддзяў, якія засталіся ад дзядулі Мацея, разнастайныя зваляныя з воўны рэчы, зробленыя самой гаспадыняй, самі паспрабавалі сябе падчас майстар-класаў у рамёствах валяння, роспісу пернікаў і дэкупажу, пачаставаліся малочнымі прадуктамі і павучыліся тэх-налогіі вырабу творагу, пачулі шмат карысных падказак ад гаспадыні СФГ Валянціны Латышкевіч, адкрылі для сябе іншыя аграсядзібы краю.

А ў Галіны Паўлоўскай новыя прапановы. У пачатку чэрвеня яна арганізуе летнік для дзяцей і іх бацькоў, на якім з дапамогай міёрскіх майстроў будзе вучыць гасцей розным рамёствам. Зробленыя рэчы плануе выкарыстаць для дабрачыннай акцыі, як і канцэрт, які збіраецца паказаць на мясцовым фестывалі «Перабродская зорка», а выручаныя грошы перадаць на Браслаўшчыну сялянска-фермерскай гаспадарцы «Гарбунок», дзе ратуюць «адпрацаваўшых» у цырку коней, кінутых гаспадарамі жывёл.

Але гэта толькі адзін з тураў адпачынку. Гаспадыня «Мацейкавай сялібы» і яе калегі маюць дзясяткі прапаноў, як цікава і з карысцю для здароўя правесці выхадныя.

Фота Тамара ПАШКЕВІЧ