Стала вядома пра гiсторыю медалёў, якiя знайшлi будаўнікi пры замене цеплатрасы па вул. Пушкіна ў Віцебску. Аб гэтым пiсалi «Витебские вести» у канцы верасня.
Нагадаем, падчас работ за будынкам тэатра «Лялька» (у савецкія часы тут размяшчаўся гаркам камсамола) на глыбіні каля 1,5 м былі знойдзены дзясяткі пластмасавых кругляшоў светлага колеру дыяметрам 8 см, якія дайшлі да нас з 1969 года.
Яны прысвячаліся 25-годдзю вызвалення Віцебска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пра гэта сведчыць адпаведны надпіс, побач з якім на фоне сцяга размешчана выява ратушы з зоркай на шпілі. На адваротным баку зверху зорка, ніжэй – дата «1944 – 1969», пад якой на дубовай галінцы ляжыць аўтамат часоў вайны.
У рэдакцыю «Витебские вести» звярнуўся вядомы краязнаўца Аркадзь Падліпскі і расказаў пра артэфакт. Гэта – памятны медаль, які ўручаўся ўдзельнікам свята. Ён быў зроблены на прадпрыемстве «Хімпласт» па эскізах мастака Рыгора Клікушына.
Падобныя медалі з даволі таннага матэрыялу выпускаліся і да іншых падзей. Напрыклад, падчас узнагароджання Віцебскай вобласці ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967), святкавання 50-годдзя БССР і Камуністычнай партыі Беларусі (1969).
Цяпер застаецца толькі адна загадка: якім чынам такая вялікая колькасць памятных медалёў аказалася глыбока пад зямлёй?