На працягу некалькіх тыдняў у Віцебску праводзіцца рэканструкцыя цеплатрасы па вул. Пушкіна. Нядаўна за тэатрам “Лялька” (у савецкія часы ў гэтым будынку размяшчаўся гаркам камсамола) рабочыя на глыбіні каля 1,5 м знайшлі дзясяткі пластыкавых медальёнаў светлага колеру дыяметрам 8 см, якія прыйшлі да нас з 1969 года.
Яны прысвечаны 25-годдзю вызвалення Віцебска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пра што сведчыць адпаведны надпіс, побач з якім на фоне сцяга размешчана выява ратушы з зоркай на шпілі. На адваротным баку зверху зорка, ніжэй дата “1944-1969”, пад якой на дубовай галінцы ляжыць аўтамат часоў вайны.
Цэлай рэдакцыяй мы ламалі галаву, як маглі выкарыстоўвацца гэтыя медальёны. Але даўмецца так і не змаглі. Таму просім нашых чытачоў аб дапамозе. Магчыма, нехта быў сведкам іх вырабу. А можа, хтосьці больш кемлівы падкажа правільны адказ.
Археолаг сказаў, што знаходка не мае каштоўнасці, таму рабочыя сабралі артэфакты ў вядро
Археолаг, які кантралюе ход рэканструкцыі ў гістарычным месцы горада, сказаў рабочым, што знаходка не мае каштоўнасці, таму яны сабралі артэфакты ў вядро. Але яны даюць нам нагоду ўзгадаць, як святкавалася 25-годдзе вызвалення Віцебска.
Першае масштабнае мерапрыемства, прысвечанае вызваленню адбылося 28 чэрвеня 1969 года на гарадскім стадыёне (зараз ЦСК).
Парад фізкультурнікаў узначальваў экс-чэмпіён Еўропы і свету, адзінаццацікратны рэкардсмен планеты Мікалай Костылеў.
Перапоўненыя трыбуны апладысментамі сустрэлі спарстменаў з факелам, запаленым ад Вечнага агню на пл. Перамогі ў Мінску. Ад факела запалілі чашу. Зводны калектыў на футбольным полі выконваў народныя танцы. Дзеці утварылі лічбу ХХV. Зводны хор выканаў песню “Широка страна моя родная”. Затым на матч першынства СССР сярод каманд класа “Б” выйшлі футбалісты “Дзвіны” і наўгародскага “Электрона”. Нашы перамаглі з лікам 3:1. Два галы сапернікам забіў Ю. Крыварот і адзін – В. Канавалаў.
У тэатры ім. Я. Коласа 3 ліпеня адбыўся ўрачысты сход. Перад гэтым былі ўскладзены вянкі і кветкі да памятных месцаў на Успенскай горцы, на брацкіх могілках у Лучосе, на тэрыторыі былога 5-га палка, дзе падчас вайны знаходзіўся лагер для ваеннапалонных, на Пескаваціку.
“Сотні віцяблян сабраліся на святочна ўпрыгожанай Прывакзальнай плошчы, – пісала газета пра мерапрыемства, якое адбылося 4 ліпеня. – З памяшкання вакзала пад бурныя апладысменты выходзяць ганаровыя госці – былыя камандзіры і палітработнікі часцей, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Віцебшчыны, байцы і праслаўленыя партызаны. У кожнага з іх павязана ярка-чырвоная стужка з надпісам “Удзельнік вызвалення Віцебшчыны”.
Гасцей вітаюць працоўныя горада і ўручаюць кветкі. Затым госці займаюць месца на ўпрыгожаных гірляндамі з кветак адкрытых аўтамабілях. Праз людскі калідор, утвораны ўздоўж тратуараў, калона накіроўваецца да плошчы Леніна. Яе ўзначальвае бронетранспарцёр, на якім стаіць воін-вызваліцель з дзяўчынкай на руках і з мячом, апушчаным на кінутую да яго ног фашысцкую свастыку – жывое ўвасабленне вядомай скульптуры народнага мастака СССР Е. Вучэціча”.
Святочны картэж ехаў у суправаджэнні матацыклістаў, гараджане ўсцілалі шлях калоны кветкамі
На плошчы Леніна гасцей віталі хлебам-соллю. Затым яны ўсклалі да помніка Леніну кветкі. Сярод вызваліцеляў былі Героі Савецкага Саюза: былы камандуючы 39-й арміяй генерал-палкоўнік Іван Люднікаў і ганаровы грамадзянін Віцебска Фёдар Блахін.
“На плошчу са сцягамі працоўнай славы ўступілі дэлегацыі працоўных ад раёнаў абласнога цэнтра, ветэраны рэвалюцыі, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, ударнікі камуністычнай працы”, – паведамляла газета.
Мітынг прысвячаўся 25-годдзю вызвалення Савецкай Беларусі, Віцебскай вобласці і горада Віцебска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
“Вечарам на плошчах, у парках горада адбыліся святочныя канцэрты, дэманстраваліся кінафільмы. Віцябляне пабывалі на водным свяце “Віцебскія агні” на Заходняй Дзвіне”, – заканчваў рэпартаж карэспандэнт.
Фота Сяргея Кавалеўскага.