Достижения Витебщины
75 лет Великой Победы

Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Экономика

«Не той араты, хто добра арэ, а той, хто палеткамі любуецца» - неад’емнае правіла ААТ «Кушлікі» Полацкага раёна




Адкрытае акцыянернае таварыства «Кушлікі» як адзін з лідараў вытворчасці занесенана Дошку гонару Полацкага раёна. Гаспадарка славіцца высокім узроўнем культуры земляробства, сюды едуць пераймаць вопыт укаранення прагрэсіўных тэхналогій вырошчвання сельгаскультур і метадаў арганізацыі працы.

«Не той араты, хто добра арэ, а той, хто палеткамі любуецца», – гэтая народная мудрасць стала неад’емным правілам у ААТ «Кушлікі».

У прыказцы, як тлумачыць дырэктар гаспадаркі Фёдар Завадскі, закладзены глыбокі сэнс. Тут маецца на ўвазе не адна простая аперацыя, а ў цэлым жыццё на сяле. Бо любавацца прыгажосцю працы можна толькі тады, калі ўсё ад пачатку да канца зроблена дасканала. Агульны поспех залежыць ад удзелу кожнага чалавека, яго сумленнасці, адказнасці, прафесійнасці.

На такія адносіны да справы і настройвае вяскоўцаў Фёдар Фёдаравіч. Вялікім дасягненнем лічыць тое, што ў гаспадарцы наладжаны добры кантакт паміж спецыялістамі і выканаўцамі. Механізатары разумеюць, наколькі важна дакладна выконваць тэхналагічныя патрабаванні, кожны мае сваю частку працы, дзе адточвае майстэрства. Напрыклад, Сяргей Зублеў і Андрэй Гурчонак звычайна займаюцца падрыхтоўкай глебы, Андрэй Серабранскі – сяўбой, Арцём Тумчонак – унясеннем сродкаў абароны раслін, пасадкай, доглядам і ўборкай агародніны. Садзяць, апрацоўваюць і капаюць бульбу Сяргей Федарэнка, Мікалай Качанок і Міхаіл Шэўчанка. За Аляксандрам Цяцерам замацавана нарыхтоўка кармоў.

Выдатных працаўнікоў так шмат, што ўсіх не назавеш. Кожны ўчастак забяспечаны надзейнымі, кваліфікаванымі спецыялістамі, якія не падвядуць у любых складаных абставінах.

Вось і сёлета, кажа кіраўнік, умовы надвор’я былі не самымі спрыяльнымі. Цёплая зіма, халодная вясна – для развіцця раслін на пясчаных кушлікоўскіх глебах не хапіла вільгаці. Але дружны калектыў гаспадаркі пастараўся выканаць свае задачы належным чынам. Агулам намалацілі 4700 тон збожжа – у сярэднім па 40 ц з аднаго гектара. Тысячнікамі сталі ўсе чатыры камбайнеры – Аляксандр Каросцік, Аляксей Чарвінскі, Іван Каханоўскі, Дзяніс Кулеш. На адвозцы зерня тысячнага рубяжу таксама дасягнулі вадзіцелі Мікалай Скарадзёнак і Алесь Хайдараў.

Добра ўрадзіўся гарох – нямецкі гатунак «астранаўт» на лепшых землях даў пад 45 ц/га, а ў цэлым яго атрымалі больш за 380 т. Сельгас-прадпрыемства забяспечыла сябе і насеннем, і раслінным бялком для дойнага статка. Максімальна было пасеена канюшыны і адналетніх бабовых траў. У выніку на зіму заклалі каля трох тысяч тон зернесенажу.

У гаспадарцы, як тлумачыць дырэктар, тры складнікі развіцця вытворчасці: малако, кармы і бульба. Аснова – гэта жывёлагадоўля, а для яе неабходна моцная кармавая база, што, у сваю чаргу, патрабуе высокага ўзроўню земляробства. Галоўнай умовай устойлівых ураджаяў і захавання ўрадлівасці палёў з’яўляецца забеспячэнне аптымальнага сева-звароту – навукова абгрунтаванага чаргавання культур па палях і па часе. Быць у курсе сучасных тэндэнцый дапамагае плённае супрацоўніцтва з навукова-даследчымі ўстановамі.

Бульбу называюць брэндавай культурай «Кушлікаў». Яе сёлета пасадзілі 180 га – больш за ўсіх у раёне. Плошча пасадак, па словах Фёдара Завадскага, залежыць ад кан’юнктуры рынка. Апошнім часам стаўка робіцца на павышэнне якасных паказчыкаў.

Адносіны людзей да спажывання змяняюцца, а значыць, трэба карэктаваць планы ў адпаведнасці з павевамі часу. У гаспадарцы будуць закупляць абсталяванне для мыцця і дробнай фасоўкі бульбы, бо гэта сёння запатрабавана пакупнікамі. Гатункі стратэгічнага прадукту таксама падабраныя на розны густ – чатыры айчыннай і тры замежнай селекцыі, кожны мае свае адмысловыя вартасці.

Усе накірункі дзейнасці ў «Кушліках» імкнуцца развіваць эфектыўна. Людзі ганарацца тым, што належаць да адной з лепшых гаспадарак раёна, і гэтая пазітыўная аўра таксама яднае калектыў. Ёсць жаданне і надалей трымаць узровень, крочыць да новых вышынь.

Кожнаму, хто сёння агульнымі намаганнямі мацуе дабрабыт і славу краю, Фёдар Завадскі перадае шчырыя падзякі за старанную, сумленную працу, жадае шчасця, ажыццяўлення мараў, больш падстаў для аптымізму. А рэцэпт поспеху ад кіраўніка з трыццацігадовым стажам гучыць проста:

– Трэба любіць зямлю і сваю справу, жыць у гармоніі з сабой і навакольным светам – клопат, які ідзе ад сэрца, заўсёды вяртаецца ўзнагародай.

Фота Ларысы МАЛАШЭНІ.



При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ