Достижения Витебщины
75 лет Великой Победы

Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Маляванкі пастаўскай мастачкі занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі




Невялікі пасёлак Варапаева  багаты на таленавітых людзей. Тут працуюць знакамітыя на ўсю Пастаўшчыну педагогі, жывуць спевакі, маладыя і сталыя мастакі. Адна з іх Яніна Ліманоўская, работы якой практычна круглы год упрыгожваюць мясцовую бібліятэку. Развешаныя над сцелажамі, яны нібы выпраменьваюць святло. Блакіт неба, белізна рамонкаў, зеляніна някошанага луга ўзмацняюць аўру, што напаўняе памяшканне. Не верылася, што карціны створаны, як патлумачылі ў бібліятэцы, самадзейнай мастачкай, якая азы малявання, пабудовы кампазіцыі атрымала ў юнацтве толькі на занятках у Полацкім педагагічным тэхнікуме.

-- А пасля навуку напісання карцін спасцігала самастойна, -- патлумачыла Яніна Баляславаўна. – Асіліла стос спецыяльнай літаратуры. Здаралася, шкадавала, што не атрымала прафесійнай падрыхтоўкі хоць бы на “худграфе” ВДУ імя Машэрава, куды раіў паступіць мой выкладчык у тэхнікуме. За кампанію з сяброўкамі пайшла на біяфак ВНУ, выкладала прадмет у школе, з задавальненнем займалася і займаюся вырошчваннем раслін. Але мяне ніколі не адпускала жаданне маляваць – афармляла насценную газету, распрацоўвала мастацкія дапаможнікі да ўрокаў, вяла гурткі фларыстыкі і саломапляцення і адлюстроўвала на палатне сюжэты, якія кранулі сэрца.

Талент бачыць прыгажосць, перадаваць яе ў малюнку дастаўся жанчыне ў спадчыну ад продкаў па бацькоўскай лініі. А сёння ўжо можна сказаць, што ён знайшоў працяг у сыне, унучцы.

-- Сын пайшоў у навуку, працуе вядучым канструктарам у бюро “Пеленг” у аддзеле “Космас”, яго жонка – выкладчыца ў музычнай школе, унучка – студэнтка 4-га курса Маскоўскай кансерваторыі, іграе ў аркестры Башмета, --з гонарам расказала Яніна Баляславаўна. – Усе добра малююць, любяць, як і я, кветкі.

Сын – асноўны пастаўшчык для матулі пэндзляў, фарбаў. А яна дорыць яму свае работы. Апошнюю пісала спецыяльна да дня нараджэння, перадала на халсце сваё бачанне космасу.

У Пастаўскім Доме рамёстваў не раз разгортваліся персанальныя выставы мастачкі. Карціны з апошняй літаральна днямі вярнуліся дахаты, частка засталася ў фондах установы. Як і маляванкі, якімі захапілася ў сталым узросце. Убачыла і захацела асвоіць старую тэхналогію малявання на тканіне. Цяпер і ў гэтым рамястве падкаваная, з’яўляецца членам клуба майстроў. Імя Яніны Ліманоўскай ёсць у зборніку «Народныя майстры і мастакі Віцебшчыны», а маляванкі занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны.

Зараз у сваім захапленні маляваннем Яніна Ліманоўская ўзяла водпуск. Пакуль не прыйшлі халады, наводзіць парадак ля дома, на агародзе. Абразаючы летнія кветкі, не можа крануць тыя, што яшчэ буяюць фарбамі. Кастрычнік выдаўся цёплым, па-ранейшаму радуюць вочы геаргіны, аксаміткі. Кветкі – яшчэ адна любоў жанчыны.  Яніна Баляславаўна з ахвотай дзеліцца насеннем, расадай ці чаранкамі з суседзямі і знаёмымі. Тэрыторыію каля бібліятэкі, бальніцы і сельскага Савета аздабляюць расліны, вырашчаныя яе рукамі. Каля помніка землякам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, таксама растуць кветкі з участка Яніны Баляславаўны.

Ёй некалі сумаваць, яшчэ пра многае хоча даведацца і многаму навучыцца, а захапленні даюць стымул для актыўнага жыцця.

Фота з сямейнага альбома.



При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ