Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Назад ў мінулае, альбо Што можна знайсці ў прыватным этнаграфічным музеі каля Лепеля?

У двух кіламетрах ад Лепеля знаходзіцца аграсядзіба "Поўсвіж" з прыватным этнаграфічным музеем. Колькі тут экспанатаў, не ведае нават гаспадар Васіль Шкіндзер.

Калі трапляеш сюды, як быццам на машыне часу пераносішся ў мінулае. Столькі прадметаў даўніны і сялянскага побыту! Ёсць амаль усё – ад сярэднявечных гліняных збаноў, мячоў, упрыгожванняў да пасляваенных прылад. Тут табе і ручныя жорны, і кавальскія вырабы, і сапраўдная панская брычка, і амерыканскія ручныя сеялка і маслабойка пачатку ХХ стагоддзя.

Васіль Шкіндзер – не толькі ветлівы гаспадар сядзібы і краязнаўца, але і майстар на ўсе рукі, музыка, спартсмен, вандроўнік і проста чалавек, які шануе традыцыі, беражліва абараняе іх і прывівае цікавасць і любоў да гісторыі дзецям.

Якраз у той момант, калі мы завіталі да яго, Васіль Аляксандравіч закончыў экскурсію па сваім музеі і сядзібе для хлопчыкаў і дзяўчынак з аздараўленчага лагера Слабадской ясляў-сада – сярэдняй школы.

– Школьнікі – частыя госці ў музеі, абавязкова раз у год сюды прыводзяць навічкоў з дзіцячага сада, а аднавяскоўцы – сваіх гасцей, асабліва якія прыехалі здалёку, – паведаміў гаспадар.

Асноўная калекцыя размяшчаецца пад драўляным навесам. Тут разнастайныя самавары, вагі, гарлачы, сякеры, прасы, ліхтары і нават самы сапраўдны карэтны куфар. Любімы экспанат дзяцей і моладзі – карэта, бо дазваляецца не толькі памацаць яе, але і пакатацца па двары. Толькі гэта не карэта, удакладніў Васіль Шкіндзер, а хутчэй брычка ці панскі вазок. Гэта павозка прыбыла з Браслаўшчыны. Для часткі экспанатаў рыхтуецца асобнае цёплае памяшканне. Там будуць ручнікі, посцілкі, некаторыя дробныя знаходкі, упрыгожванні і нават рыцарскія даспехі.

– Пачалося ўсё, як звычайна: паставіў дом, баню, на яе павесіў кола. Думаю, усе прыватныя музеі пачынаюцца з якой-небудзь адной рэчы, драбязы, – падзяліўся ўласнік.

– Мне дорага ўсё тое, што выкарыстоўвалі мае бацькі, дзяды, таму я не магу выкінуць ніводнаага прадмета. Калі сучасныя дзеці самі пакруцяць жорны, дык хоць зразумеюць, што хлеб не вельмі лёгка здабываецца, і ўжо будуць адносіцца да яго з большай павагай, – адзначыў Васіль Аляксандравіч.

Фестываль “Жнівень” Васіль Шкіндзер з паплечнікамі ладзіць з 2011 года.

– У кожнага фэста – свой сцэнарый, свая тэма. Галоўнае – гэта захаванне народных традыцый, нацыянальных асаблівасцяў, гісторыі. Першы фестываль быў прысвечаны ігры на дудзе. У гэтым годзе ён адбудзецца трэцяга жніўня, плануюць прыехаць прадстаўнікі таварыства інвалідаў. Усе госці будуць вывучаць народныя танцы і гульні, – распавёў краязнаўца.

Васіль Аляксандравіч – член лепельскага турыстычнага клуба, які  аб’ядноўвае краязнаўцаў, мастакоў, іншых людзей, лёгкіх на пад’ём. Яны не толькі разам падарожнічаюць на байдарках, веласіпедах, машынах, але так жа лёгка гатовы нешта арганізаваць.

Некалькі гадоў таму Васіль разам з аднадумцамі стварыў маленькі музычны калектыў: дуда, скрыпка, барабан. Таму на ўсіх святах, што ладзяць самі, – Каляды, Купалу, Вялікдзень, “Жаніцьбу Цярэшкі”, – музычнае суправаджэнне ўласнае. Дзякуючы праграме падтрымкі агратурызму калектыў набыў гукаўзмацняльную апаратуру. Цяпер іх нярэдка запрашаюць на мерапрыемствы.

Дуду Васіль Аляксандравіч асвоіў самастойна, не ведаючы нотнай граматы. А вось наконт скрыпкі рашыў, што сам не адолее, і пайшоў шэсць гадоў таму ў музычную школу разам з маленькімі дзецьмі.

– Аднойчы, калі дзяўчынка-другакласніца пачула, што гэты дзядзька першакласнік, у яе мову адняло, а яе вялізныя вочы памятаю і сёння, –усміхаецца Васіль Шкіндзер.

Двух гадаоў у музычнай школе яму хапіла, каб асвоіць базу, а далей – самаадукацыя. Калі штосьці не разумее, звяртаецца да музыкаў ці былых настаўніц. Зараз спрабуе авалодаць мандалінай, якая па строі нагадвае скрыпку, у яе таксама чатыры струны.

Ва ўсіх яго пачынаннях падтрымліваюць жонка і двое сыноў. Ён лічыць, што галоўнае ў жыцці – людзі, а музей і сядзіба – дапаўненне.

Фота Алены Алімавай.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ