Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Старажытныя абрады, майстар-класы i квэсты: як Верхнядзвінскі Дом рамёстваў святкаваў наваселле

Наваселле справіў Верхнядзвінскі Дом рамёстваў. Цяпер ён мае пастаянную прапіску ў цэнтры горада ў былым будынку дзіцячай паліклінікі, які перадаў майстрам райвыканкам.

Агульнымі сіламі яго адрамантавалі, і цяпер творчы калектыў мае дастаткова месца для гуртковай дзейнасці, арганізацыі выстаў, захавання работ. Сваёй радасцю рамеснікі і мастакі падзяліліся з землякамі, якіх запрасілі на адкрыццё. Але перш народны фальклорны калектыў «Сенькавіца» правёў абрад «Уваходзіны» і такім чынам захаваў народную традыцыю ўваходу ў новую хату.

А каб у ёй панавалі лад і дабрабыт, каб быў плён у працы, усе прысутныя ўзяліся за ручнік і такім дружным ланцужком пераступілі парог, пасыпалі па вуглах грошы і акунуліся ў цудоўны свет творчасці.

Тканыя ручнікі і палотны Валянціны Шумскай складанасцю перапляцення нітак і стварэння ўзору выклікаюць захапленне ў знаўцаў. Майстрыца змагла аднавіць характэрную толькі для Верхнядзвіншчыны тэхналогію 8- і 12-рамізнага ткацтва і такім чынам прадоўжыла жыццё традыцыйнага для краю рамяства.

А Мікалай Баршчоў у адной з экспедыцый знайшоў на паддашку старога дома рэшткі сплеценага незвычайным чынам гаспадарчага посуду. Высветліў, што гэта сявалка. Майстар змог паўтарыць пляценне і дасягнуў у гэтым дасканаласці. Як адзначае дырэктар Дома рамёстваў Святлана Малахоўская, тэхналогія прэтэндуе быць унесенай у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны краіны.

Наведвальнікі музея зачаравана разглядалі пано, якія з кавалачкаў бяросты збірае Галіна Тушкіна, роставых лялек Наталлі Палікарпава. Прысутных пазнаёмілі з гурткамі, у якія вядзецца набор, далі майстар-класы па спіральным і саломапляценні, ткацтве, бісерапляценні.

Дзецям прапанавалі квэст “Скрыня скарбаў”. Але каб знайсці яе, хлопчыкам і дзяўчынкам давялося паблукаць па пакоях Дома рамёстваў. Урэшце знайшлі і скарбы – абярэгі і анёлаў, якіх разабралі з задавальненнем.

Фота аўтара.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ