Оршанский район перезагрузка
75 лет Великой Победы
ВЫБОРЫ ПРЕЗИДЕНТА РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ - 2020

Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Талент, які нельга хаваць, або Доўгая дарога да мастацтва браслаўчанкі Аліны Трукан



Калі Бог надзяліў талентам, яго нельга хаваць. Гэтыя словы, сказаныя некалі Аліне Трукан мясцовым святаром, а пазней біскупам Уладзіславам Бліном, калі замаўлялі ёй абразы для адноўленых храмаў, сталі падставай па-іншаму паглядзець на прыродны дар. Прыйшло разуменне, што ён не перашкода, як лічыла жанчына шмат гадоў, а радасць, што напаўняе жыццё новымі фарбамі.

Аліна Трукан расказвала пра сябе, свае захапленні, светаўспрыманне з рэдкай у наш час шчырасцю. Здавалася, яе не хвалявала, як такая адкрытасць будзе ўспрынята іншымі. Гаварыла тое, што думала. І чым даўжэй зацягвалася размова, тым больш хацелася даведацца пра яе погляды, творчыя задумы, зразумець, па якіх законах прыроды нарадзіўся і расквітнеў у сялянскай дзяўчынцы талент жывапісца, прызнаны сёння прафесіяналамі і далёкімі ад мастацтва людзьмі. На адкрыцці чарговай выставы ў браслаўскім Музеі традыцыйнай культуры, нягледзячы на пандэмію, зала была напоўнена прыхільнікамі яе творчасці. А ў далёкай Італіі на выставе ў рамках Фестывалю акварэлі сярод тысяч карцін мастакоў з усяго свету была выстаўлена і яе работа.

– Гэты шлях не быў кароткім і хуткім, – успамінала Аліна. – Пасля перамогі ў дзіцячым конкурсе атрымала запрашэнне прадоўжыць вучобу ў Мінску. Рашылася паспрабаваць свае сілы і паехала ў сталіцу. Але там, ледзь паспеўшы здаць адзін з уступных экзаменаў, цяжка захварэла. Па такой прычыне мне, вясковай дзяўчынцы, дазволілі прыехаць у сталіцу пазней.

Праз месяц Аліна цяпер ужо з маці зноў паехала ў школу-інтэрнат. На экзамене павінна была выканаць заданні па малюнку, жывапісе і кампазіцыі. Што гэта такое, не ведала. Пачала проста маляваць. Маці сядзела тут жа, у студыі. Выкладчыкі, даведаўшыся, што яна цялятніца, а значыць, не зможа падказаць дачцэ, дазволілі прысутнічаць на іспыце. Каб неяк прабавіць час, жанчына таксама ўзяла паперу, алоўкі і стала маляваць. Экзаменатары, калі ўбачылі тую работу, былі ўражаны яе прыродным дарам і нават прапанавалі даваць прыватныя ўрокі. Але Ванда Сігізмундаўна толькі пасмяялася з гэтага. Была пераканана, што робіць у жыцці больш карысную справу.

У 15 гадоў, калі пачала вучыцца ў школе мастацтваў, Аліна яшчэ не ведала, ці хоча быць мастачкай.

– Яшчэ нічога іншага не спрабавала, нічога не ўмела, – узгадваючы тую пару, расказвала Аліна. – Знаходзячыся на поўным дзяржаўным забеспячэнні, нават ежу гатаваць не ўмела, ніякай жаночай справы не ведала. А вось сямейнага цяпла ў інтэрнаце мне не хапала. Пэўна, таму словы старэйшага брата накшталт таго, што жанчыне трэба выходзіць замуж і гадаваць дзяцей, трапілі ў падрыхтаваную глебу.

Адвучыўшыся ў школе, дзе была адной з лепшых вучаніц, дзяўчына вярнулася на Браслаўшчыну і пайшла ўладкоўвацца на працу. Хацела ў мастацкую майстэрню, але там не было свабодных месцаў. Прапанавалі паехаць на другі канец раёна – загадчыцай клуба ў Пеліканы. Там яна і сустрэла свайго суджанага. Гэта былі цяжкія 90-я, гады суцэльнага дэфіцыту.

– Навучылася па кніжках гатаваць, шыць, вязаць. Шыла сабе, мужу, дзецям. Завялі авечак, стрыгла, рабіла ніткі, а з іх шкарпэткі, шалікі, світары…. Дзядзька навучыў валяць валёнкі. Мама дала ў пасаг карову, малака хапала сабе і на продаж. Мукі купім і жывём. Усё паспявала. Працу на мужчынскую і жаночую не дзялілі. Таму мае сыны, а іх тры, умеюць пра сябе паклапаціцца: суп звараць, бліны спякуць, гузік прышыюць.

Аліна лічыла, што сям’я, дзеці – гэта яе доля на зямлі, і нічога не можа быць зроблена ва ўрон ім. Таму і не дазволіла сабе вучыцца далей.

Гадавала, песціла сваіх сыноў. Ва ўсім стралася быць апорай мужу, цёплыя пачуцці да якога не страціла і праз гады сумеснага жыцця. Але і ад жывапісу зусім адмовіцца не змагла.

Доўгі час малявала больш для сябе, але і не хавала створанага. І аднойчы да Труканаў завітаў святар. У Пеліканскім касцёле трэба было аднавіць стары абраз Маці Боскай. Ёй было страшна брацца за такую адказную работу. Але госць быў настойлівы, і Аліна згадзілася. Жанчыне спатрэбіўся не адзін тыдзень, каб надаць абразу першапачатковы выгляд. Маці Боская ў акладзе вярнулася ў храм, і цяпер Аліна прыходзіць сюды і дзеліцца ў думках з Заступніцай самым патаемным.

Абраз для Пеліканскага касцёла быў першай сур’ёзнай работай Аліны Трукан у іканапісе. Пазней, атрымаўшы блаславенне біскупа Уладзіслава Бліна, які таксама пераканаў, што дадзены Богам талент нельга хаваць, ён павінен служыць на карысць людзям, жанчына выканала дзясяткі заказаў святароў розных канфесій. Напісала для каталіцкіх, праваслаўных, стараверскіх храмаў мноства абразоў і карцін на біблейскія сюжэты. Памятала словы свайго духоўніка: «Бог адзін. Ён даў і прыняў твой талент». Так Аліна акунулася ў духоўны свет, змагла спасцігнуць сэнс веры. І чым глыбей станавілася яго разуменне, тым больш дасканалымі выходзілі яе карціны.

– Мабыць, лёс ці Бог сапраўды вядуць мяне, – разважае мастачка. – Раней не ведала, на чым спыніць погляд. Зараз, здаецца, можна маляваць усё – ад сур’ёзных кампазіцый, якія натхняюць на філасофскія разважанні, і заканчваючы простымі рэчамі… Пачала бачыць сэнс жыцця ўвогуле і майго асабістага. Мінулі гады, а з імі, лічу, прыйшла і мудрасць.

 Выраслі, вывучыліся сыны, маюць свае сем’і, годную працу. Я бабуля сямі ўнукаў. Спа­дзяюся, што бацькоўскае прызначэнне з мужам выканалі. І ў мяне пачаўся новы этап жыцця. Летась захацелася паспрабаваць сябе ў акварэлі. Да гэтага пісала маслам. Дастала фарбы, ватман, паставіла сіненькую талерачку з яблычкамі. Намалявала і паслала фотаздымак сяброўкам па школе мастацтваў у Ізраіль і Афрыку, дзе цяпер яны жывуць. Атрымала ад іх добры водгук і наказ – прадаўжаць. А потым і падказку пра Фестываль акварэлі ў Італіі.

 Аднойчы выйшла ў двор. А там гронкі каліны пад шапкамі снегу. Снег тае, кропелькі звісаюць. Захацелася зафіксаваць гэты момант, як яны паўзуць па ягадцы, наліваюцца, і вось-вось адарвуцца. Гэту працу і паслала на конкурс у Італію. Ад Беларусі адбіралі 15 мастакоў. У лік іх трапіла і я. Атрымала запрашэнне на фестываль. Збіраліся з мужам паехаць, але з-за пандэміі не змаглі. Выстава працуе, праводзяцца майстар-класы, але большасць мерапрыемстваў праходзіць у рэжыме анлайн.

Удзел у гэтым конкурсе пазбавіў Аліну шматлікіх комплексаў. Яна прызналася, што дзясяткі гадоў перажывала з-за таго, што не скончыла Акадэмію мастацтваў і не мае вышэйшай адукацыі. Гэта трывога найбольш ярка праяўлялася ў снах. Цяпер гэты страх адышоў. Выстава «Мае сны» таму пацвярджэнне. Больш за 40 акварэляў напоўнены святлом, радасным успрыняццем свету, што цяпер не толькі мастачцы, а нам усім вельмі патрэбна.


При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны


При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ