Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

Ва Ушацкім раёне добраўпарадкавалі сядзібу-музей Васіля Быкава і ўсталявалі білборд з партрэтам пісьменніка

За некалькі кіламетраў да вёскі Бычкі, што ва Ушацкім раёне, падарожнікаў сустракае білборд з партрэтам пісьменніка сусветнага маштабу Васіля Быкава. Шчыт запрашае наведаць яго сядзібу. За гэтую і многія іншыя ініцыятывы жыхары Кубліцкага сельвыканкама ўдзячныя яго старшыні Марыі Ярмош.

 

На гэтай пасадзе Марыя Васільеўна другі год, да таго была дырэктарам Кубліцкай дзіцячага сада-базавай школы, выкладала родную мову, таму неабыякавасць да ўсяго, што звязана з вядомымі літаратарамі Ушаччыны, у яе ў крыві.

Напярэдадні 95-годдзя з дня нараджэння Васіля Быкава, сядзіба-музей якога знаходзіцца на тэрыторыі сельсавета ў вёсцы Бычкі, асаблівую ўвагу старшыня надала добраўпарадкаванню гэтага месца і пад’езду да яго.

 

Новую агароджу вакол хаты Быкава ўстанавілі за сродкі раённага бюджэту. Па настойлівай ініцыятыве Марыі Ярмош дарожнікі высеклі кустоўе на ўзбочынах, каб свабодна маглі праехаць двухпавярховыя экскурсійныя аўтобусы, паклалі 12 кіламетраў асфальту, а каб госці не заблукалі ў пошуках малой радзімы пісьменніка, паставілі адпаведныя знакі.

Рэкламны білборд з партрэтам Быкава ўсталявалі ў вёсцы Селішча на скрыжаванні дарог.

– Шчыт паставілі выключна за грошы людзей, неабыякавых да яго творчасці, і сума немалая – больш за тры тысячы рублёў, – адзначыла Марыя Васільеўна.

Наглядчык музея Васіля Быкава, яго пляменнік Мікалай Хорак паведаміў, што насупраць сядзібы стаяў стары дом, у якім нарадзіўся і дзе правёў першыя гады жыцця будучы народны пісьменнік Беларусі. Каб ушанаваць гэта месца, там паставілі валун, на які прымацавалі мармуровую шыльду.

– З гэтым камянём цэлая гісторыя атрымалася. Спачатку мы хацелі павярнуць яго ў бок дарогі. Колькі разоў круцілі-вярцелі, а ён усё роўна станавіўся так, што глядзеў у вокны сядзібы-музея. Так і пакінулі, – распавяла Марыя Ярмош.

 

Яна марыць на пустыры ля сядзібы пасадзіць яблыневы сад, каб частаваць шматлікіх гасцей яблыкамі з радзімы Васіля Быкава. Дарэчы, толькі за паўгоддзе тут пабывала больш за паўтары тысячы чалавек.

– Можа, у яго дзяцінстве сям’я Быкавых не магла мець такі сад, дык хай хоць зараз тут будзе гэтае багацце. Таксама хацелася б папоўніць экспанатамі музей пісьменніка. Можа, атрымаецца ўзяць што-небудзь у Гродне, дзе закрылі музей Быкава, бо няма сродкаў на яго ўтрыманне, – падзялілася думкамі Марыя Васільеўна.

Акрамя знакамітай сядзібы ў яе яшчэ шмат месцаў, дзе трэба сачыць за парадкам: на могілках, у вёсках, а таксама вырашаць іншыя пытанні. Справіцца з усім адной немагчыма, таму старшыня сельвыканкама звяртаецца за дапамогай і к дарожнікам, і ў лясніцтва, і да мясцовых жыхароў. І ёй ніхто не адмаўляе, бо ведаюць, што з душой і вялікім непадробным жаданнем яна робіць ўсё, каб яшчэ больш папулярызаваць гэтае сціплае месца.

 

Марыя Ярмош плануе распрацаваць турыстычныя маршруты па мясцовых славутасцях.

– У вёсцы Селішча ёсць руіны касцёла пачатку XVIII стагоддзя, каля якога набыў хату цікавы, неабыякавы да гісторыі чалавек Аляксей Закатаў. Мабыць, менавіта з яго дапамогай дойдуць рукі і да гэтага гістарычнага месца, – адзначыла старшыня сельвыканкама.

Калі яна працавала настаўніцай, шмат куды вазіла сваіх вучняў, якія цяпер пры сустрэчы дзякуюць ёй за гэта. Марыя Васільеўна ўпэўнена, што школьныя ўрокі з цягам часу сціраюцца з памяці, але на ўсё жыццё застаюцца ўражанні ад таго, дзе былі, што бачылі. Таму і стараецца на сваёй радзіме стварыць турыстычны куток.

Фота Алены Алімавай.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ