Оршанский район перезагрузка
75 лет Великой Победы
год малой родины

Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Культура

З дня нараджэння Рыгора Барадуліна споўнілася 85 гадоў. Якім быў народны паэт Беларусі?



Ушаччына дала беларускай літаратуры трох класікаў, уганараваных высокім званнем народных, — Петруся Броўку, Васіля Быкава і. Без такой згадкі пра маляўнічую калыску талентаў проста немагчымы расповед аб кожным з яе пацалаваных Богам гадаванцаў. А зараз добрая нагода ўспомніць малодшага прадстаўніка славутага трыа — Рыгора Іванавіча, ці дзядзьку Рыгора — любіў, каб клікалі менавіта гэтак: з дня нараджэння споўнілася 85 гадоў.

Пералічыць усё створанае, у тым ліку прысвечанае яго ўлюбёнай шмат-азёрнай Ушаччыне, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы, кавалерам ордэнаў Дружбы народаў, Знак Пашаны, латвійскага Трох Зорак, немагчыма. Рыгор Барадулін пісаў лірыку, духоўныя, сатырычныя, гумарыстычныя, дзіцячыя творы – вершы, паэмы, балады, казкі. Перакладаў на беларускую мову з латышскай – Яна Райніса, з рускай – Сяргея Ясеніна, з польскай – Адама Міцкевіча і шэраг славутых прадстаўнікоў іншых літаратур свету. Пяру і таленту нашага земляка належыць сучасны беларускамоўны тэкст «Слова пра паход Ігараў». На вершы народнага паэта створаны песні Яўгенам Глебавым, Дзмітрыем Смольскім, іншымі вядомымі айчыннымі кампазітарамі.

Значны яго ўнёсак – як збіральніка і публікатара – у захаванне і папулярызацыю беларускай вуснай народнай творчасці. У «Вушацкім слова-зборы Рыгора Барадуліна» ззяюць перліны сакавітай гаворкі яго маці Куліны Андрэеўны, цёткі Марыі Іванаўны, іншых каларытных родзічаў і землякоў. І сам Рыгор Іванавіч помніцца ўсім, каму выпала шчасце з ім сустракацца, чалавекам на рэдкасць сціплым, прыязным і разам з тым дасціпным, стасункі з якім пакідалі ў душы цёплы след, асабліва ад хараства яго нязмушанай беларускай гаворкі.

Літаратурная спадчына Рыгора Барадуліна, як і належыць творам вялікага паэта, размаітая па тэмах, змесце, настроі, лексічным увасабленні. Агульнае ў іх – нязгасная любоў да роднай Беларусі, маці, жанчыны, да жыцця ва ўсёй яго вабнай красе, глыбіннае аўтарскае пачуццё, без якога немагчымы шлях да сэрца чытача. Чаго варты адны толькі назвы зборнікаў: «Нагбом», «Неруш», «Маўчанне перуна», «Самота паломніцтва», «Міласэрнасць плахі», «Евангелле ад Мамы», «Босая зорка»…  Ад іх вее зямным і ўзвышаным, вечным і сённяшнім. Кніга духоўнай паэзіі «Ксты» была намінавана на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры.

«Аратай, які пасвіў аблокі» – найменне аднаго з вершаў і зборнікаў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна трапна характарызуе яго самога, яго непаўторную творчую індывідуальнасць. Сапраўды, наш слынны зямляк усё сваё жыццё адшчыраваў аратаем на ніве айчыннай літаратуры, сакавітай беларускай мовы і неўміручага нацыянальнага фальклору. Аблокі яго твораў праліваюцца на гэтую ніву залатым дажджом, пад якім спеліцца духоўны ўраджай для ўсё новых і новых пакаленняў.

Фота з адкрытых крыніц.


При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ