Оршанский район перезагрузка
75 лет Великой Победы
ВЫБОРЫ ПРЕЗИДЕНТА РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ - 2020

Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

2020 год - Год малой Родины

Бізнесмен з Міёрскага раёна даказвае на сваім вопыце – ў вёсцы можна мець добрыя заробкі і цікава бавіць час



– Толькі тут, у Лебедзеве ў бацькоўскай хаце, аднаўляю страчаныя ў мітусні паўсядзённага жыцця сілы, тут нараджаюцца новыя задумы,– сказаў вядомы на Міёршчыне прадпрымальнік Аляксандр Лапуцэвіч падчас размовы пра малую радзіму.

Невялікая вёсачка, якую з канца ў канец можна прайсці за 5 хвілін, з гадамі цягне яго да сябе ўсё мацней. Хлопчыкам Аляксандр быў упэўнены, што з роднага дома нікуды не паедзе. Як бацькі, будзе тут жыць і працаваць. Ад Лебедзева да райцэнтра з дзясятак кіламетраў. Заўсёды зможа туды паехаць у магазін, клуб. Але ў старэйшых класах дзіцячую адданасць роднаму куточку змянілі юнацкія амбіцыі, паклікалі гарадскія перспектывы. Сямейнае гняздо збудаваў у Полацку, дзе разам з жонкай Ірынай гадуюць чатырох дзяцей. Там пачынаў сваю першую справу. Але малая радзіма не адпускала. Урэшце менавіта на Міёршчыне стварыў ТАА “Капіталдрэўпрадукт” – паспяховае прадпрыемства, якое вядзе рамонт і будаўніцтва дамоў і вытворчых памяшканняў не толькі на Міёршчыне, але і ў суседніх раёнах, займаецца дрэваапрацоўкай, экспартуе сваю прадукцыю за мяжу. Доля экспарту ў агульным аб’ёме рэалізацыі займае прыблізна 15%, у планах жа дырэктара адгружаць у іншыя краіны палову таго, што вырабляе калектыў. Таму чуйна адсочвае змены попыту на замежным рынку. Былі запатрабаваныя піламатэрыялы – пастаўляў іх, узнікла неабходнасць у так званых вінаградных калках – пачаў вырабляць іх. Аператыўна зрэагаваў і на попыт еўрапейцаў на дровы. Прыдбаў шчапальную машыну, зараз устанаўлівае сушылку – і наперад, асвойваць яшчэ адну нішу.

На “Капіталдрэўпрадукце” сёння працуе да 80 чалавек. Як кажа дырэктар, без работы калектыў не сядзіць, заказаў хапае.

Толькі акрамя гэтых турбот Аляксандр Лапуцэвіч марыць пра агравёску, якая была б прывабнай для турыстаў і дала работу мясцовым жыхарам не толькі ў сферы пслуг, але і ў традыцыйнай для іх дзейнасці – земляробстве.

І гэта не толькі мара. Некалькі гадоў таму малады прадпрымальнік пачаў адраджэнне вёскі свайго дзяцінства з бацькоўскай хаты, з якой пачынаецца вуліца. Просты сялянскі дом ператварыў у сучасны двухпавярховы катэдж. Тэрыторыя агароджана. У двары – лазня, выкладзеныя пліткай дарожкі, дэкаратыўныя масток, журавель ля калодзежа, млын, альтанка, басейн, дзіцячая пляцоўка. Ля летняй кухні кожную гадзіну вежавы гадзіннік спявае беларускую песню. Будзе, кажа гаспадар, і трэнажорная зала, і шмат чаго яшчэ, што зробіць жыццё і адпачынак на сядзібе максімальна камфортным. Побач узняўся яшчэ адзін дом, які нічым не будзе ўступаць першаму. А ў планах гаспадара даць другое жыццё не толькі бацькоўскай сядзібе, але і ўсяму роднаму мястэчку.

– Планую будаваць домікі для адпачынку, а таксама жыллё для маладых работнікаў «Капіталдрэўпрадукта», – падзяліўся ён. – Тут ціха, спакойна. Слухаеш птушыныя спевы, душой адпачываеш.

На малую радзіму Аляксандра цягне настальгія па вясёлым маленстве і непаўторнай юнацкай пары. Летам вёска поўнілася дзіцячым гоманам. Мясцовыя хлапчукі і дзяўчаты разам з гарадскімі, што прыязджалі на канікулы, гулялі ў валейбол, купаліся ў возеры. Хадзілі на танцы ў клуб, дзе столькі моладзі збіралася, што не прапіхнуцца.

У сям'і яго бацькоў было чацвёра дзяцей, суседзі выхоўвалі па пяць – шэсць сыноў і дачок. Вёска двароў 30 налічвала. І цяпер Аляксандр Лапуцэвіч хацеў бы, каб Лебедзева напоўнілі дзіцячыя галасы, каб моладзь жадала застацца тут і мела для гэтага ўмовы. І ён гатовы іх ствараць. Пачынае сам і прапануе іншым заняцца аграэкатурызмам – прымаць гасцей, гатаваць для іх здаровую ежу, вучыць сялянскай працы на агародзе і на землях фермеркай гаспадаркі. Гэта яшчэ адзін перспектыўны напрамак сямейнага бізнесу, пра які заявілі сёлета Лапуцэвічы. Напісалі заяву ў райвыканкам, папрасілі 70 гектараў зямлі ў наваколлі Лебедзева.

Новая справа толькі ў пачатку шляху, але кожны далейшы крок прадуманы на далёкую перспектыву.

– Землі тут не надта ўрадлівыя, – сказаў Аляксандр Мечыслававіч. – Па гэтай прычыне і не запатрабаваныя мясцовым сельгаспрадпрыемствам. Хачу навесці тут парадак. Думаю пасадзіць сад, вырошчваць збожжавыя і рапс…

Афармленне фермерскай гаспадаркі, якую Лапуцэвічы назвалі «Лебядзянскі фальварак», яшчэ ў працэсе. Але Аляксандр ужо з'ездзіў да вядомага ў краіне фермера-садавода з Міёр Уладзіміра Кашкура ў «Дэмскі сад», замовіў каля 5 тысяч саджанцаў пладовых дрэў. Столькі мяркуе мець у сваім садзе на першым этапе. А да іх яшчэ плантацыю буякоў.

Аляксандр Лапуцэвіч хоча на сваім вопыце пацвердзіць, што ў вёсцы можна жыць, мець працу і добрыя заробкі. На тое, што гэта яму ўдасца, падказвае ранейшы вопыт уласнага гаспадарання.

– Аляксандр – чалавек адказны, любіць тое, што робіць, укладвае ў справу душу, – гаварылі знаёмыя міярчане. – На нашай зямлі будзе яшчэ адзін дбайны гаспадар, і гэта радуе.


При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны


При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ