Оршанский район перезагрузка
75 лет Победы
год малой родины

Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Образование

Вучаніцы Віцебскага кадэцкага вучылішча правялі грунтоўнае даследаванне рэкрэацыйнага патэнцыяла Віцебшчыны



Даследаванне «Займальная Віцебшчына (рэкрэацыйны патэнцыял Віцебскай вобласці)», падрыхтаванае ў Віцебскім кадэцкім вучылішчы, трапіла ў фінал рэспубліканскай канферэнцыі вучнёўскіх работ навуковага характару.

Гэты праект – плён старанняў адзінаццацікласніц Арыны Паваротнай, Ксеніі Міхайлавай і іх навуковага кіраўніка – кандыдата гістарычных навук, настаўніка гісторыі і вядомага краязнаўцы Мікалая Півавара.

 – На мой погляд, у нашай краіне трэба і варта развіваць унутраны турызм. Дзеля гэтага і падтрымалі з Ксеніяй прапанову Мікалая Васільевіча заняцца збіраннем і сістэматызацыяй дадзеных пра адметныя аб’екты і мясціны Віцебшчыны, выбітных землякоў. Аказалася, што побач шмат цікавага, трэба толькі азірнуцца, – патлумачыла Арына.

Сабраная інфармацыя тычыцца не толькі агульнавядомага. Напрыклад, самага вялікага каменя на Беларусі – у Шумілінскім раёне, самага высокага чалавека ў свеце – віцябчаніна Фёдара Махнова, геаграфічнага цэнтра Еўропы – у Полацку, самага маленькага горада краіны – Дзісны ў Міёрскім раёне, самай першай берасцянай граматы на Беларусі, знойдзенай у Віцебску ў 1959 годзе, і гэтак далей.

 – Падчас турысцкіх паходаў пашанцавала выявіць шэраг іншых арыгінальных, займальных аб’ектаў, вабных куточкаў прыроды, вартых увагі аператараў і аматараў унутранага турызму. Пра некаторыя даведаліся з даследаванняў мясцовых краязнаўцаў і іншых крыніц. Пачыналі з назвы «Самая-самая Віцебшчына» і пяці аб’ектаў, потым іх набралася 20, зараз набліжаецца да сотні. Лічым, што сабраная інфармацыя павінна мець і практычную значнасць, таму было вырашана аформіць плакат. Атрымалася два – з фотаздымкамі і тэкстамі. Урэшце мы ўпэўніліся, што матэрыял варта зрабіць кніжкай, альбомам, цікавым і патрэбным турыстам, гасцям Віцебшчыны. Ды і далёка не кожны жыхар нашай вобласці ведае, што побач ёсць не зусім звычайнае, даволі рэдкае. Напрыклад, самая магутная чарэшня ў рэспубліцы расце на Глыбоччыне. Альбом пакуль у працы, абарона павінна адбыцца ў Мінску ў лютым наступнага года, – расказвае Мікалай Півавар.

Гэтае даследаванне – пра эксклюзіўнасць Беларусі на прыкладзе Віцебшчыны. Фотаздымкі з інфармацыяй размешчаны па катэгорыях: «Прыродныя і геаграфічныя аб’екты», «Тэхнічныя аб’екты», «Гісторыка-культурныя падзеі», «Духоўныя святыні краю», «Славутыя асобы», «Цікавыя факты пра значныя падзеі, якія адбыліся на Віцебшчыне», «Займальныя аб’екты, незвычайныя і цікавыя мясціны».

Вось некалькі прыкладаў з даследчай працы віцебскіх кадэтаў. Самы апошні населены пункт у «Атласе Беларусі» – вёска Яя Браслаўскага раёна. Самая вялікая (дыяметр – 142 см) хвоя ў краіне вырасла каля вёскі Сушчова Віцебскага раёна. Герб Віцебска – адзіны на Беларусі, які мае шчытатрымальнікаў. Апошні помнік Леніну, пастаўлены ў межах СССР (1991 год), знаходзіцца ў Паставах.

 – Па згаданых у нашай працы адрасах можна здзяйсняць вандроўкі ў любы выхадны дзень. Для грамадзян Беларусі такая дасведчанасць вельмі важная, бо яна вызначае ідэнтычнасць нацыі, яе лепшыя рысы, імідж рэгіёна і ўсёй краіны. Калі ж чытачы «Витебских вестей» ведаюць або чулі яшчэ пра што-небудзь самае-самае на тэрыторыі нашай вобласці, дык, спадзяёмся, абавязкова падкажуць, – падсумаваў Мікалай Півавар.

Фота Дзмітрыя ОСІПАВА.

 


При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ