Достижения Витебщины
75 лет Великой Победы

Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Социум

Мяжанскі сельсавет робіць стаўку на развіццё турызму, прыдарожнага сэрвісу і фермерскіх гаспадарак




Дзень Савета як дзейсны інструмент вырашэння праблем на пэўнай адміністрацыйнай тэрыторыі ўжо не адзін год з'яўляецца эфектыўнай формай работы Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў. Менавіта падчас яго падрыхтоўкі і правядзення вывучаюцца моцныя бакі работы мясцовай улады і вызначаюцца кропкі для прыкладання сіл.

Менавіта ў такім ракурсе прайшоў ён і ў Мяжанскім сельсавеце, дзе пасля вывучэння рабочымі групамі стану жыццезабеспячэння насельніцтва, арганізацыі работ па добраўпарадкаванні вёсак, тэрыторый вытворчых і сацыяльна-культурных аб'ектаў, навядзенні парадку на зямлі, была дадзена ацэнка дзейнасці работы органа кіравання, актыву і арганізацый, абмеркаваны напрамкі развіцця.

Удзельнікі мерапрыемства знайшлі ў рабоце Мяжанскага сельсавета шмат цікавага для сябе. Так, мясцовы орган улады трымае ў парадку не толькі воінскія пахаванні, але і пад'езды да іх. Самая вялікая брацкая магіла на Браслаўшчыне, на плітах якой увекавечана 1188 імён байцоў, загінулых пры вызваленні Браслаўшчыны, знахо­дзіцца на тэрыторыі сельсавета ў баку ад бойкай шашы. Але пад'езд да яе заўсёды дагледжаны, як і тэрыторыя самога пахавання і далёка вакол яго. З ускладання кветак да помніка і пачалося правядзенне Дня Савета.

Гэтак жа адказна ў сельсавеце ставяцца і да парадку на грамадзянскіх могілках. Адно з іх, размешчанае ў прыгараднай вёсцы, наведалі кіраўнікі раёна і іншых службаў. Яе старэйшына расказала пра адзіны на Браслаўшчыне вопыт, калі агульным сходам сяльчан абавязкі па доглядзе за пахаваннем і парадкам на ім былі даручаны мясцоваму жыхару. З таго часу грамадскі распарадчык арганізаваў справу так, што пра могілкі можна казаць як пра ўзорныя.

Пацягнуўшы за адну нітачку, пачалі разблытваць клубок іншых праблем – стану пад'ездаў да могілак, выдалення старых дрэў, абсталявання пляцовак для збору і вывазу смецця, абавязкаў службы ЖКГ — пытанні, якія хвалююць людзей і з якімі яны пастаянна прыходзяць да кіраўнікоў Саветаў дэпутатаў.

Як адзначыла старшыня Мяжанскага сельсавета Жанна Акула, накірункі прыкладання сіл у яе такія ж, як і па ўсім раёне. Толькі, магчыма, крыху большыя ў сферы развіцця адпачынку, у прыватнасці, аграсядзіб. Сёння на тэрыторыі сельсавета іх 29. Для ўладальнікаў – гэта істотны ўнёсак у сямейны бюджэт, а пры добрай арганізацыі прыёму турыстаў – і крыніца трывалага даходу. Пераканацца ў гэтым прысутныя змаглі на прыкладзе аграсядзібы «Ля возера», якая дзейнічае круглы год і можа адначасова прымаць больш за 30 чалавек.

— Гэтым летам не было свабодных месцаў, такім вялікім быў попыт на адпачынак у нашым краі, — расказала гаспадыня. – Каб ён быў такім на кожнай сядзібе, раю гаспадарам паляпшаць камфортнасць умоў і мець хуткасны інтэрнэт.

Менавіта ў развіцці турызму і аграэкасядзіб бачыцца адзін са шляхоў развіцця краю і ра­зам з тым навядзення парадку на зямлі. Да гэтага накірунку цесна прылягае продаж пустуючых дамоў, знос тых, што не падлягаюць аднаўленню. 47 з ліку апошніх ужо не псуюць выгляду населеных пунктаў на тэрыторыі сельсавета, а вось продаж з аўкцыёна яшчэ дыхтоўных пакуль ідзе не так хутка, як пажадана. У выніку бюджэт сельвыканкама недаатрымлівае сродкаў, якія мог бы выкарыстаць на вырашэнне іншых важных для насельніцтва праблем.

Дарэчы, да гэтай справы, падкрэсліла старшыня райсавета дэпутатаў Ніна Пучынская, належыць больш актыўна прыцягваць і саміх вяскоўцаў. Сродкі самаабкладання, а таксама заробленыя на суботніках, могуць пайсці на добраўпарадкаванне, уладкаванне грамадскіх мес­цаў, правядзенне масавых мерапрыемстваў і ўвогуле таго, што жадаюць мець ці бачыць жыхары. Сярод іх шмат актыўных людзей. Гэта залаты фонд мясцовай улады. У Мяжанскім сельсавеце, напрыклад, 11 дэпутатаў. Карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам і старэйшыны населеных пунктаў, якія на Дні Савета бралі ўдзел у абмеркаванні пытанняў. Практыка паказвае, што разам і па­асобку гэтыя людзі здольныя вырашаць нават самыя складаныя задачы.

Старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін у сваю чаргу зрабіў акцэнт на павы­шэн­ні эфектыўнасці прафі­лак­тычнай работы сярод насельніцтва. З набліжэннем ацяпляльнага сезона павялічваецца рызыка пажараў, якіх пажа­дана не дапусціць. Кіраўнік раёна таксама звярнуў увагу на стан дарог і прылягаючай да іх тэрыторыі, на тым, што асфальтаванне гравійкі ад райцэнтра да Мяжан бу­дзе прадоўжана, і першыя 2 км цвёрдага пакрыцця – гэта толькі пачатак вялікай работы. Закрануў і такі перспектыўны для сельсавета накірунак, як развіццё прадпрымальніцтва і фермерства. У полі зроку раённай улады застаецца забеспячэнне населеных пунктаў чыстай вадой, знішчэнне баршчэўніка.

Адным словам, наколькі шматграннае жыццё, настолькі шырокім было і кола пытанняў, вынесеных на абмеркаванне. У выніку была зроблена выснова: мы ўсе працуем для людзей, і вынікам агульных намаганняў павінна стаць павышэнне якасці іх жыцця.

На перспектыву Мяжанскі сельскі Савет дэпутатаў робіць стаўку на развіццё турызму, прыдарожнага сэрвісу і фермерскіх гаспадарак. Для ўсіх трох відаў дзейнасці тут добрыя ўмовы – найпрыгажэйшыя краявіды і азёры, вялікая колькасць людзей, што жадаюць тут адпачываць, наяўнасць зямель, прыдатных для развіцця жывёлагадоўлі і агародніцтва.

Вынікі абмеркавання ляглі ў пратакол даручэнняў, выкананне якога будзе пракантралявана на чарговым Дні Савета. Эфектыўнасцю вырашэння пытанняў жыццядзейнасці рэгіёна і вызначаецца ступень даверу насельніцтва да органаў мясцовай улады.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.



При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ