22.08.2017

Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search
Search - K2

Персона

Антон Бубала мае амаль паўвекавы вандроўніцкі стаж і марыць пра сплаў на байдарцы



Верхнядзвіншчына мае багатыя традыцыі спартыўна-краязнаўчага турызму. У гэтым немалая заслуга яе гадаванца Антона Бубалы, вопытнага настаўніка і культработніка, па сённяшняй пасадзе – старшага навуковага супрацоўніка раённага краязнаўчага музея. Дастаткова сказаць, што пры актыўным ўдзеле Антона Францавіча прайшло 40 раённых і два абласныя турзлёты, агульны ж яго вандроўніцкі і пошукавы стаж цягне на паўстагоддзе.

IMG 8754

Фота Дзмітрыя Осіпава

– Такі ген ёсць у арганізме, напэўна, кожнага чалавека. Спачатку асэнсоўваеш сябе як нешта ў сусвеце – вось мая хатка, вуліца, лясок, рэчка, затым цікавішся – а што там далей? У залежнасці ад абставін хтосьці з цягам часу пераключаецца на іншыя рэчы, а для некага пазнанне свайго краю становіцца галоўным інтарэсам. З чытанкі для пачатковых класаў памятаю тэкст «Адкуль цячэ Серабранка?». І ў нашым раёне рэчка з гэткай назвай ёсць, прыток Свольны. Захацелася даведацца, дзе яе пачатак. Аказалася, на Расоншчыне, з крыніцы Серабранкі, там зараз капліца і купальня ўсталяваныя, – узгадвае Антон Бубала вытокі захаплення краязнаўствам і турызмам.

Юнаком, падчас вучобы на фізмаце Даўгаўпілскага педінстытута, ён быў уражаны, што латышы сваю маленькую краіну ведаюць да драбніц. Асабліва гэта не давала спакою, калі прыязджаў дадому ў аддзеленую ад усяго свету лясамі, але вядомую на картах з XVI стагоддзя вёсачку Пятроўшчына. Употайкі ад сяброў Антон расчарціў белы ліст на квадраты і перанёс на яго з энцыклапедыі фізіка-геаграфічную карту Беларусі. Каб заўжды была пад рукой.

Затым беларус Бубала з’ехаў за рамантыкай на Далёкі Усход. А там усе вандроўнікі, бо паляўнічыя або рыбаловы. Міжволі ўзнікла думка: ці не паступіць на геафак? У Камсамольску-на-Амуры ён завочна скончыў педінстытут з чырвоным дыпломам. Узначаліўшы тургурток, гэты настаўнік з душой вандроўніка як след загартаваўся ў рызыкоўных таёжных, горных – пешых і лыжных – паходах.

D3ckNib3be0

Фота з персанальнай старонцы Антона Бубалы ў "VK" 

Аднак пацягнула на радзіму. У 1976 годзе ўладкаваўся завучам у Боркавіцкую школу і ўзяўся за развіццё турызму. Дасюль запатрабаваны 12 спартыўных карт, намаляваныя ім тады па адметных маршрутах.

 – Быў створаны турклуб, ладзілі пешаходныя паходы на тыдзень і больш, спаборніцтвы па арыентаванні, злёты, вечарыны. Дырэктар падтрымаў, усе настаўнікі ўдзельнічалі, у тым ліку жонка. З’ездзіць на машыне на прыроду, пасядзець каля вогнішча, культурна адпачыць, нават смецце за сабой прыбраць – няблага, канешне, аднак усё ж не тое. Іншая справа – ножкамі памераць зямлю, адшукаць нешта цікавае, зрабіць штосьці патрэбнае, напрыклад, добраўпарадкаваць месцы баявых пахаванняў, падрамантаваць помнікі, – распавядае Антон Францавіч.

Хаця зараз моладзь зрабіла крэн у бок інтэрнэт-прасторы, і ў самога Бубалы «ВКонтакте» з паўтысячы сяброў, але турызм на Дрысеншчыне па-ранейшаму жывы. Яго аматары ходзяць пешшу, ганяюць на веласіпедах, сплаўляюцца на байдарках. У Бігосаве гэта настаўніца Алена Ходас, у Каханавічах – урач Пятро Квяцінскі са сваім народным клубам «Белыя вароны», у Валынцах – настаўніца Наталля Лакотка з мужам і іншыя энтузіясты. У праграме штогадовых злётаў – тэхніка турызму, спартыўнае арыентаванне, канат, валейбол, дартс. Антон Францавіч па асобных відах распрацоўвае заданні і бывае суддзёй.

EF75tpLXNrY

Фота з персанальнай старонцы Антона Бубалы ў "VK"  

– Турызм спрыяе цікавасці да мінуўшчыны, дорыць добрыя эмоцыі ад стасункаў з прыродай, трэніруе фізічна і маральна, таму некалі мы з жонкай бралі ў паходы дзвюх дачок і сына. Зараз закаханы ў Беларусь, Верхнядзвіншчыну і наш зяць-басніец, і тамтэйшыя нашы ўнукі. Багатая гісторыя, прыцягальныя краявіды, ёсць на чым выхоўваць нашчадкаў, – распавядаючы, Антон Бубала паказвае старажытны камплект жаночых упрыгожанняў, раздабыты калегам Юрыем Карасёвым для музея. – Адно – убачыць школьнікам у падручніку па гісторыі, якія былі падвескі, кольцы, каралі ў крывічанак, радзімічанак, дрыгавічанак, і вельмі здорава – у натуры! – слухаючы Антона Францавіча, разумееш, што настаўнік былым не бывае.

Як навуковы супрацоўнік ён удзельнічае ў палявых даследаваннях. У музеі 59 рознага кшталту карт, створаных Антонам Бубалам, і як спецыяліст, дарэчы, укладальнік раённай дакументальнай хронікі «Памяць», ён ручаецца за іх дакладнасць. Дзве карты, прысвечаныя спаленым фашыстамі ў Верхнядзвінскім раёне вёскам (неадроджаным і адноўленым ў мірны час), адпраўлены ў Нацыянальны архіў.

neo3IkG86e4

Фота з персанальнай старонцы Антона Бубалы ў "VK" 

Словам, на Дрысеншчыне няма месца, дзе б не ступала нага ўсюдыіснага ветэрана даследніцкай справы і неўтаймоўнага турыста.

– Не супакоюся, пакуль ведаю, што недзе не быў, нечага яшчэ не бачыў. Люблю забурыцца ў лясныя нетры ці ў балота, вось тады я шчаслівы. Здараецца, што і ў зімовы час начуем у паходзе. Хвалюся: ёсць сучасныя пляцак, вопратка і абутак. Паляўнічазнаўца з «Краснага бору» Валодзя Юдзін падарыў бахілы-ўсюдыходы з прыбамбасамі, Наташа Лакотка – сядалку для адпачынку на снезе. Самаробнага турыстычнага рыштунку таксама хапае. З меліяратарам Генадзем Давыдзёнкам шукаем мясціны, дзе раней стаялі вёскі або хутары. Дойдзем – запалім касцёр памяці, памолімся. У адны з нядаўніх снежных выхадных наважыліся дабрацца да колішняй вёскі Пушчавыя. У 1982 годзе, падчас абласнога турзлёту, там быў пастаўлены сціплы помнічак. Думалі, наўрад ці ён ацалеў. І вось, выходзім з-пад бухматых шатаў – стаіць новы, з таблічкай і агароджай. Значыць, ёсць высакародныя людзі, якія робяць добрыя справы і не афішуюць гэтага. Буду высвятляць, хто, – кажа Антон Францавіч.

Uu8W76DJ5nY

Фота з персанальнай старонцы Антона Бубалы ў "VK" 

Сёлета яму спаўняецца 75 гадоў. Пра ўзрост, нязгасны свой аптымізм, як і пра іншыя жыццёвыя складнікі ён распавядае з гумарам:

 – Паліць – ні ў якім разе, чарку за кампанію ўзяць магу, але залежным ад яе ніколі не быў. Я і так бадзёры. Вырашыў: усохнуся, але куплю к лету байдарку. У нашым жа раёне 8 рэчак для сплаву! Хочацца больш дэталёва пасноўдаць і па агромністаму Асвейскаму балоту. Маю сігнал пра неверагодную сасну ў прыдзвінскіх лясах – пяць абхватаў. Спадзяюся, што здолею ўсё гэта пабачыць.

Яшчэ Антон Францавіч – спявак ветэранскага хору і паэт-аматар. У шэрагу складзеных ім песень ёсць турыстычны гімн. З такімі вось радкамі пра творчую натуру аўтара:

Мне да ўсяго ёсць справа,
Чую, як час бяжыць.
Жыць на свеце – цікава.
Значыцца, будзем жыць!

e-max.it: your social media marketing partner




 

Последние комментарии

Любое использование материалов нашего сайта в сети Интернет допустимо при условии указания имени автора и обязательно размещения гипертекстовой ссылки на источник.
Оставляя свой комментарий, Вы автоматически соглашаетесь со следующими правилами: на сайте производится модерация, администрация оставляет за собой право удалять либо редактировать комментарии. При копировании или другом использовании материалов данного сайта ссылка http://vitvesti.by/ обязательна.

Подписка на новости

Подпишитесь и будете в курсе выхода новых новостей на нашем сайте