Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Персона

Рэгулярна рабіць зарадку. Якімі яшчэ сакрэтамі даўгалецця падзялілася стогадовая жыхарка Міёр?

На гэтым тыдні 100-гадовы юбілей адзначыла жыхарка Міёр Лідзія Мікалаеўна Аланцьева. Сёння старэйшая жыхарка краю на радасць блізкім на сваіх нагах і пры цвёрдай памяці. Прадстаўнікі ўлады, ветэранскай і прафсаюзнай арганізацый завіталі да яе з кветкамі, падарункамі і цёплымі пажаданнямі. Са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Марыяй Баніфатавай і намеснікам старшыні райвыканкама Валерыем Драбай пагутарыла пра жыццё, з ветэранамі ўспомніла маладосць, якую, дарэчы, памятае ясна, быццам учора перажыла вайну, гадавала і выхоўвала сваю дачку і чужых дзяцей. Па-ранейшаму Лідзію Мікалаеўну цікавіць жыццё. Што адбываецца ў Міёрах, як жывецца ўнучцы ў далёкім Краснадары? А тут яна сама прыехала на яе юбілей. І сэрца напоўнілася ціхім спакоем: самыя дарагія людзі – дачка і ўнучка – побач. Іншых блізкіх не засталося, перажыла іх.

 

Да вайны сям’я Лідзіі жыла ў Оршы. Там і напаткала яе ліхалецце. Горад немцы зруйнавалі. Маці спешна сабрала дзяцей і разам са знаёмымі павяла ў вёску, прыкладна за 10 кіламетраў ад Оршы. Праз нейкі час вярнуліся назад, але замест горада знайшлі папялішча. Уздоўж вуліц былі не дамы, а печы. Ад іх сядзібы таксама засталася печ, якая адзінока стаяла пасярэдзіне двара. У адчаі маці рванула заслонку і здзіўлена атарапела – унутры стаяла чырвоная каструлька з цукрам.

– Гэта ж трэба, дом згарэў, Орша згарэла, а каструлька засталася,– і сёння здзіўляецца таму факту Лідзія Мікалаеўна. – Але адна бяда не ходзіць, па Оршы пакаціўся тыф. Захварэла і памерла маці. Нам нават не далі з ёй развітацца, да труны блізка не падпусцілі. Родныя баяліся, каб і мы не заразіліся гэтай страшнай хваробай.

 “Новы рэжым” наводзіў свае парадкі. Маладым людзям загадалі штодня прыходзіць у рабочае бюро і адзначацца. Ліда была прыгожай дзяўчынай. Таму сваякі навучылі – не вылучайся. Апранала самую старую вопратку, кудлаціла валасы, якія пасмамі выбіваліся з-пад хусткі, пэцкала сажай твар. Толькі гэта не выратавала. У адзін з летніх дзён тых, хто прыйшоў на рэгістрацыю, пагналі на вакзал, пагрузілі ў таварныя вагоны і павезлі.

– Тры дні ехалі без ежы, седзячы на падлозе, – узгадвае Лідзія Аланцьева. – Спыніліся ў Германіі. Там трапіла ў служанкі да нямецкай фрау. Разам са мной у яе працавала полька Марыйка. Удзвюх мы даглядалі дзяцей гаспадыні, а таксама былі абавязаны працаваць па гаспадарцы. Даілі кароў, кармілі жывёлу, птушку. Бульбу, што варылі для яе, елі самі. Фрау лічыла, што місачкі супу і поснай кашы два разы на дзень нам дастаткова.

Дзяўчаты служылі ў немкі, пакуль не прыйшла Чырвоная армія. Праўда, дахаты Ліда адправілася не адразу. Пэўны час выконвала абявязкі перакладчыцы ў адной з нашых воінскіх часцей.

– На Нямеччыне засвоіла іх мову, – гаворыць Лідзія Мікалаеўна. – Нашы распытвалі немцаў, я перакладала. Калі патрэба ў маіх паслугах адпала, паехала на радзіму. Орша стаяла ў руінах. Цёткі задумалі пераезд, я з імі. Так і апынулася на Міёршчыне.

На працу яе прынялі ў Аляксандраўскі дзіцячы дом, у які сабралі сірот з розных месцаў. Але спачатку на “довольствие” яго не паставілі. Персанал і выхаванцы збіралі грыбы, ягады, шчавель, самі назапашвалі на зіму дровы… І выжылі. Некаторых з тых сірот Лідзія Мікалаеўна памятае па імёнах. Скажам, Юру Бесфамільнага. У дзетдом ён трапіў у 12-гадовым узросце. Быў самастойным і паслухмяным. Дапамагаў чым мог сваёй выхавальніцы. І калі прыйшоў час пачынаць самастойнае жыццё, папрасіў камісію даць яму прозвішча Лідзіі Мікалаеўны. Так стаў Аланцьевым.

– Юра вывучыўся. Прыязджаў да нас у Міёры, прасіў рукі маёй дачкі Рэгіны, але не склалася. На нейкі час мы згубілі адно аднаго. Потым зноў наладзілі сувязь. Юра жыве ў Новасібірску, піша, што хацеў бы прыехаць, але баіцца, што не асіліць такой дарогі. Яму ўжо за 80, – расказвае юбілярка.

Пяць гадоў пасляваеннага жыцця былі звязаны ў Лідзіі Мікалаеўны з дзіцячым домам. Потым яна перайшла ў дзіцячы сад, дзе і працавала да выхаду на пенсію. Пакінула ў выхаванцаў і іх бацькоў добрую памяць пра сябе.

Цяпер з дачкой Рэгінай жывуць разам. Узрост бярэ сваё. Лідзія Мікалаеўна са скрухай прызнаецца, што слабее, баіцца злегчы. Таму стараецца выконваць парады ўнучкі, якія, як тая сцвярджае, падоўжаць актыўнае жыццё. Рэгулярна п’е вітаміны, робіць зарадку.

– Як загадана, 30 раз тупаю нагамі і лічу кожны крок, – з ціхім гонарам кажа жанчына. – Жыву.

Фота Ігара Матэленка і з архіва Лідзіі Аланцьевай.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ