Курсы валют НБРБ
Доллар США
2.5548
Евро
3.0295
100 российских рублей
3.3685
Погода в Витебске
4 oC небольшой дождь
Давление:
760мм рт. ст.
Влажность:
96%
Скорость ветра:
2.31м/с западный

Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Точка на карте

Аграгарадок Асвея Верхнядзвінскага раёна — край прыгожых мясцін і працавітых людзей

Асвея Верхнядзвінскага раёна прачынаецца рана. Спачатку загараецца святло ў дамах, дзе жывуць вадзіцелі, абавязкі якіх — даставіць жывёлаводаў на работу. Услед за імі выходзяць на вуліцу і спяшаюцца да месца збору даяркі, цялятніцы, іншыя работнікі ферм, працоўны дзень якіх пачынаецца ў 5 гадзін раніцы. Яшчэ прыкладна праз гадзіну адно за другім асвятляюцца вокны ўчастковай бальніцы. А ў сем не спіць, напэўна, ужо ніхто. Чарговы дзень набірае тэмп, напаўняе справамі, клопатам. І мала хто ў будзённым бегу часу звяртае ўвагу на навакольную прыгажосць, залатыя фарбы лісця. Людзі прывыкаюць да таго, што іх акружае. Возера асацыіруецца з рыбалкай, лес — з ягадамі і грыбамі, адным словам, з канкрэтнай карысцю, якую можна атрымаць ад прыроды. Але паспрабуйце сказаць асвейцам, што яны правінцыялы, жывуць удалечыні ад буйных гарадоў — абурацца, успомняць слаўную гісторыю, хараство і багацце мясцін, сённяшнія справы, работу па праграме развіцця малых гарадоў...

Летапіс мінулых дзён 

Сапраўды, продкі асвейцаў выбралі зручнае і прыгожае месца для жыцця. Паселішча ўзнікла на мысе, які ўразаецца ў роўнядзь вялікага, багатага рыбай возера. Па меркаванні навукоўцаў, першымі пачалі абжываць гэта месца фіна-ўгорскія плямёны. Потым іх пацясніла балцкае племя сямігалаў, якіх у сваю чаргу асімілявалі крывічы. Хто з іх даў паселішчу назву, сказаць цяжка. Меркаванні спе­цыялі­стаў ра­зыш­­ліся. У мясцовага ж краяз­наўцы Антона Бубалы свая версія. Ён лічыць, што карані трэба шукаць ва фіна-ўгорскіх мовах, дзе слова «асвея» азначае «свяшчэнны мыс» або «свяшчэнны выток». Гэту выснову, маўляў, пацвярджае само месца знаходжання населенага пункта.

Упершыню ў пісьмовых крыніцах назва «Асвея» ў розных варыяцыях узгадваецца ў перыяд з 1501 па 1522 гады ў «Стацейных спісах польскіх адносін паміж гасударамі, Маскоўскім Іванам Васільевічам і Літоўскім Аляксандрам Казіміравічам». Само мястэчка — у 1503 годзе. У гэты час яно з’яўлялася валасным цэнтрам у складзе Вялікага Княства Літоўскага.

Знаходзяцца звесткі, што першым уладальнікам Асвеі быў ваявода Полацкі Станіслаў Глебавіч, пазней паселішча перайшло віцебскаму ваяводзе Станіславу Кішку, а пасля яго смерці — сыну Івану. Ад Івана Кішкі згодна з каралеўскім дазволам Асвею перадалі езуітам. Менавіта яны заснавалі тут манастыр, пры якім адкрылі школу, першую ў акрузе.

У 1600 годзе мястэчка набыў Леў Сапега. Яшчэ праз 95 гадоў яно набыло статус горада, славілася багатымі кірмашамі. Але сапраўднага росквіту дасягнула пры мінскім ваяводзе Яне Аўгусце Гільзене. Менавіта пры ім быў пабудаваны палац, які, па сцвярджэнні знаўцаў, нагадваў птушку з разгорнутымі крыламі. Быў узведзены касцёл, закла­дзены парк, прыехалі працаваць сёстры міласэрнасці і заснавалі манастырскі шпіталь, рэшткі якога захаваліся да нашых дзён і з’яўляюцца адным з найстарэйшых помнікаў архітэктуры на Верхнядзвіншчыне.

Пасля смерці Яна Гільзена Асвея перайшла да графаў Шадурскіх, адзін з якіх, Уладзіслаў, як сцвярджае гісторыя, разарыў багаты маёнтак.

Рэшткі той велічы захава­ліся да нашых дзён, сталі турыстычнымі аб’ектамі, ціка­васць да якіх расце на вачах. Сёлета колькасць наведвальнікаў Асвеі значна павялічылася. Госці цікавіліся, што можна паглядзець у акрузе і па парадзе мясцовых жыхароў адпраўляліся ў парк, гулялі па вулачках аграгарадка, які ў многім захаваў местачковую забудову, разглядалі царкву – самага паўночнага храма Беларусі, каталіся на конях мясцовай конна-спартыўнай школы, схілялі галовы перад помнікамі загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны…

Асвейская трагедыя 

Вялікая Айчынная — асобная мужная і трагічная старонка ў гісторыі Асвеі. Партызаны і падпольшчыкі, якія знішчалі ворага і яго памагатых, выклікалі асаблівую жорсткасць у акупантаў. Зімой 1943 года па Асвейшчыне пракацілася хваля карных экспедыцый. Край быў ператвораны ў пустэчу, а сама Асвея амаль поўнасцю знішчана. Гэтыя падзеі ўвайшлі ў гісторыю пад назвай «Асвейская трагедыя», пачатак якой быў пакладзены 16 лютага 1943 года. У гэты дзень акупанты сагналі ў касцёл жыхароў Росіцы і навакольных вёсак. А праз некалькі дзён спалілі ў вялікім хляве. У полымі загінулі 700 чалавек. Так пачалася трагедыя ўсёй асвейскай зямлі. У выніку блакады, якая доўжылася амаль паўтара месяца, у былым Асвейскім раёне былі знішчаны 158 населеных пунктаў, частка — з людзьмі. З 21 тысячы жыхароў на папялішчы вярнулася толькі 6,5 тысячы. Яны пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і пачалі адраджаць свой край.

Жыццё бярэ сваё 

Памяць пра ахвяры вайны свята берагуць іх нашчадкі, пра што сведчыць дагледжанасць шасці брацкіх магіл, помнікаў і абеліскаў.  Сваю пашану аддаюць загінулым і госці. Толькі жыццё бярэ сваё. Турысты зноў спяшюцца на бераг возера, каб акунуцца ў яго чыстай ва­дзе, паляжаць на беражку або пераправіцца на востраў. Асвея не губляе сваёй прыцягальнасці дзякуючы прыроднаму багаццю. Ціхі і чысты куточак нашай краіны мае рэальную магчымасць стаць месцам экалагічнага, сельскага і аздараўленчага турызму. Для гэтага ёсць прыгожае возера, адзін з самых буйных у рэспубліцы водна-балотных комплексаў, які дзякуючы сваёй флоры і фаўне мае ганаровы статус Рамсальскага ўгоддзя. Прыклад арганізацыі турыстычнай дзейнасці паказвае прадпрыемства «Чырвоны Бор».

Аграгарадок жа жыве сваім жыццём. Работнікі мясцовага сельгаспрадпрыемства шчыруюць на палях і фермах. У наваколлі Асвеі можна сустрэць табун коней гаспадаркі, які пасвіцца на сакавітых лугах.

Добрая слава ідзе пра мясцовую школу. Пачатковая царкоўна-прыхадская школа працавала ў Асвеі яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Пасля яе тут адкрылі сямігодку, у 1936-м яна стала сярэдняй. У 1960-я гады ў школе было да тысячы вучняў.

Сёлета ў калектыве 23 педагогі і 130 вучняў, дырэктар — Алена Шынкевіч. У школе дзеці атрымліваюць не толькі веды, але і маюць магчымасць развіваць свае творчыя здольнасці. Па выніках тэсціравання школа ўваходзіць у тройку наймацнейшых у раёне: у розных конкурсах яе выхаванцы заваявалі 50 прызавых месцаў, у раённай круглагадовай спартакіядзе сталі трэцімі.

Тут падрастаюць свае зорачкі. Адна з іх — Анатоль Давыдзёнак, які заняў першае месца ў раённым і абласным этапах конкурсу літаратурных работ «Зямля пад белымі крыламі», уваходзіў у склад абласной каманды і абараняў гонар Віцебшчыны на рэспубліканскіх спаборніцтвах па зімовым шматбор’і, дзе ў асабістым першынстве заняў трэцяе месца. А Юлія Жорава, напрыклад, была ў прызёрах конкурсу «Вялікая Перамога: спадчына і спадкаемцы».

Ці такі факт, які гаворыць на карысць школы. За апошнія тры гады 5 выпускнікоў  вярнуліся на працу ў навучальныя, 4 — у медыцынскія ўстановы, 6 — у сельгаспрадпрыемствы, 4 – у іншыя арганізацыі раёна. Адна з іх — урач Таццяна Марынская, якая з першых дзён заваявала павагу жыхароў аграгарадка. Дарэчы, у Асвеі працуюць свая бальніца, паліклініка: няма патрэбы ехаць у раён па медыцынскія паслугі. Калектыў медыкаў вопытны, умовы лячэння добрыя. Як і ўся сацыяльная сфера. Ёсць дзіцячы сад, філіял раённых музычнай школы і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аддзяленне сувязі, хапае прадпрыемстваў гандлю. Гэтай восенню ў Асвеі адкрылі новы Дом культуры, дзе хапіла месца і для бібліятэк, у перспектыве сюды плануе перасяліцца музычная школа.

Добрыя перамены 

Жыццё мяняецца да лепшага. Сёлета на шэрагу вуліц пакладзены асфальт, новыя месцы адпачынку ўладкаваны па беразе возера. У блізкай перспектыве рамонт пройдзе ў школе, новыя месцы працы з’явяцца ў цэхах перапрацоўкі мяса і рыбы, якія з дня на дзень здасць у эксплуатацыю «Чырвоны Бор».

Гэта няпоўны пералік змен, якія спрыяюць таму, каб маладыя сем’і не пакідалі родныя мясціны, а выпускнікі школ вярталіся на малую радзіму пасля заканчэння сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў. Літаральна днямі аформілі ўчасткі на будаўніцтва жылля ў Асвеі дзве шматдзетныя сям’і, якія збіраліся пераехаць у райцэнтр. Палічылі, што сёння ў іх аграгарадку ёсць усе ўмовы, каб гадаваць дзяцей здаровымі, вучыць і развіваць. Вакол шмат прыкладаў паспяховых лю­дзей, якія змаглі рэалізавацца менавіта на Асвейшчыне. У ліку іх і старшыня сельвыканкама Сяргей Навіцкі. Дарэчы, пра яго давялося пачуць багата добрых водгукаў як пра кіраўніка, чалавека і бацьку.

— Абавязковы, добразыч­лівы, спагадлівы, — гаварылі пра яго асвейцы. — Калі па­абяцае, слова стрымае. 16 гадоў адпрацаваў фельчарам на хуткай дапамозе, загартаваў характар у экстрэмальных сітуацыях.

Адным словам, Асвея багатая на прыгожыя мясціны, а яшчэ больш на людзей працавітых, таленавітых, якім, як кажа Сяргей Навіцкі, любыя задачы па сіле.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ.


При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ