Поиск - Категории
Поиск - Контакты
Поиск - Контент
Поиск - Ленты новостей
Поиск - Метки
SP Page Builder - Search

Туризм

Легенда пра цмока, альбо Чаму валун у Чашніцкім раёне завецца Змееў камень

Незвычайны па сваёй форме валун знаходзіцца ў лесе каля вёскі Гогалеўка Чашніцкага раёна і завецца Змееў камень.

Згодна з легендай, тут жыў аднагаловы Змей, які быў добрым краўцом і ўмеў пераўтварацца ў чалавека. Ён часта выгінаўся дугой і лётаў над Лукомльскім возерам, каб аглядзець наваколле, потым падаў на зямлю і станавіўся хлопцам-прыгажуном. У вёсцы Абузер’е ён убачыў дзяўчыну, у якую закахаўся. Яна доўга хавалася ад яго, але ўрэшцэ скарылася і выйшла замуж. Аднойчы дзяўчына пасвіла свіней на полі, прыляцеў да яе Змей і кажа:

– Пагладзь мяне па галаве, а я адпачну. Ды пільнуй, каб навальніцу не нацягнула.

Праз нейкі час насунулася вялізная чорная хмара. Дзяўчына падумала: «Колькі я буду служыць перавертню?», і не разбудзіла яго. Калі бліснула маланка і прагрымеў гром, Змей прачнуўся і сказаў:

– Ты мяне зжыла са свету.

Старшыня Новазаранскага сельсавета Віктар Прыяўка: Змееў камень – вось такой даўжыні

Ударыўшы жонку, ён з чалавека абярнуўся цмокам і паляцеў да свайго жытла, каб схавацца ад Пяруна (дзяўчына да канца пражыла з чорнай адмецінай на шчацэ). Над возерам у яго трапіла маланка, і Змей бухнуўся ў ваду. Але акрыяў і зноў узняўся ў неба. Толькі з трэцяга разу бліскавіца забіла казачную рэптылію недалёка ад яе сховішча.

Людзі шмат разоў закопвалі Змея, але раніцай зямля аказвалася раскіданай. Аднаму дзядку прыснілася, што трэба малым дзецям насіць пясок. На дапамогу ім прывялі жарабят з прывязанымі да шыі торбамі. З тыдзень яны цягалі пясок, каб засыпаць цмока. Магілай Змея лічыцца курган, што знаходзіцца недалёка ад валуна.

Кажуць, што калісьці Змееў камень меў вокны і дзверы. Аднойчы двое мясцовых жыхароў вырашылі праверыць, што там робіць цмок. Але самі баяліся залезці ў вялікую адтуліну, таму запусцілі туды сабаку. Той нібыта толькі адзін раз гаўкнуў і назад не вярнуўся…

Геалагічны помнік мясцовага значэння мае ўнікальны па памерах выхад на паверхню зямлі блока сцэментаванай пясчана-гравійна-галечнай сумесі (кангламерата) пад уз­дзеяннем ледніка. Аналага такога праяўлення ледніковай дзейнасці на тэрыторыі Віцебшчыны не ўстаноўлена.

Праведзеныя даследаванні падцвердзілі каштоўнасць падобнага на марскую скалу аб’екта. Значныя памеры самай вялікай глыбы кангламерата не могуць не ўражваць. Яе даўжыня 10,7 м, шырыня – 3,4 м, вышыня – 3,98 м. Недалёка ляжаць яшчэ два фрагменты глыбы меншых памераў. Навукоўцы мяркуюць, што пад зямлёй знаходзіцца асноўная частка кангламерата, якая не падвяргалася ўздзеянню экзагенных працэсаў, што адбываюцца на паверхні.

Цікава, што, апроч моху і іншай дробнай расліннасці, на валуне нядрэнна сябе адчувае сасна. Яе карані літаральна ўкруціліся ў камень. Адкуль бярэ дрэва рэсурсы для развіцця – невядома. Па словах ляснічага Кашчынскага лясніцтва Лепельскага лясгаса Івана Вонсіка, вышыня сасны – 25 — 26 метраў, яе ўзрост – каля 45 гадоў. А можа, і болей, таму што дрэва расце ў неспрыяльных і нават экстрэмальных умовах. Тут сапраўды паверыш у цудадзейную сілу Змеевага каменю і верагоднасць усіх легенд.

Фота Антона Сцепанішчава.


Подпишись на Витебские Вести в Telegram
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны

Главные новости Витебска и Витебской области. Все права защищены.
При использовании материалов vitvesti.by указание источника и размещение активной ссылки на публикацию обязательны.
Свидетельство о гос.регистрации СМИ №18 от 20 сентября 2019 года

МЫ В СОЦИАЛЬНЫХ СЕТЯХ