Автор: . Дата создания:

Рамонт трактароў, глебаапрацоўчых і пасяўных агрэгатаў, раскідвальнікаў угнаенняў у ААТ «Аграбаравінка» Шумілінскага раёна пачаўся адразу пасля заканчэння восеньскіх палявых работ і ў цяперашні час знаходзіцца на завяршальным этапе. Пра гэта паведаміў карэспандэнту «ВВ» дырэктар прадпрыемства Мікалай Рыбікаў.

— Усе разумеюць, што пры падрыхтоўцы да палявых работ важна ўсё: угнаенні, насенне, кадры, але першарадная задача — рамонт тэхнікі, — сказаў намеснік начальніка па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Раман Прасветаў. — На сённяшні дзень уся неабходная для правядзення вясновых палявых работ тэхніка знаходзіцца ў высокай ступені гатоўнасці.

Дарэчы, машынна-трактарны парк прадпрыемства за мінулы год папоўніўся МТЗ-3522 і МТЗ-1523. Усяго ў гаспадарцы налічваецца 19 трактароў, 4 з якіх энерганасычаныя.

Паводле слоў кіраўніка сельгаспрадпрыемства, стаўку тут робяць на ўласныя сілы: рамонт праводзяць самі. У гэтай справе гаспадарцы аказаў дапамогу раённы бюджэт, адкуль было выдзелена 10 тысяч рублёў.

— У полі працуем са студзеня, ужо падсеялі 800 га травы. Цяпер чакаем спрыяльных умоў і будзем вывозіць арганіку, —  падсумаваў Мікалай Рыбікаў. — Механізатары працуюць добра, з душой, якасна рыхтуюць тэхніку, каб не падводзіла ды не ламалася. Зрэшты, як заўсёды: робім для сябе, а не для паказухі.

Фота Дзмітрыя ОСІПАВА.