Автор: . Дата создания:

Чым запомняцца сёлетнія “Браслаўскія зарніцы” гаспадарам і гасцям? Напэўна, яркімі фарбамі міжнароднага свята традыцыйнай культуры, якое сабрала ў вясёлку прадстаўнікоў розных народаў, паказала, як пісалася іх гісторыя, перапляталіся нібы ў ажурным палатне традыцыі і яшчэ раз дэманстравала, што сапраўдная дружба не мае межаў.

Князь Брас прымаў у сваім доме на Замкавай гары ўсіх, хто ведае і беражэ нацыянальную культуру, адстойваў свой край ад набегаў ворага, мацаваў яго рубяжы: ваяроў, рамеснікаў, спевакоў і танцораў, проста людзей цікаўных. На гарадзішчы суботнім вечарам стала цесна. Фестываль сабраў шматлікія клубы гістарычнай рэканструкцыі з розных куткоў Беларусі. Сваіх прадстаўнікоў прыслалі суседзі – Расія, Польшча, Літва, Латвія, Эстонія і нават далёкі Эквадор.

Кожны, хто прыйшоў на гару, знайшоў сабе занятак. Хтосьці вучыўся ткацтву на вертыкальным станку, хтосьці цікавіўся тонкасцямі пэўнага рамяства, дзівіўся з работы беларускіх майстроў, ваяроў, якія паказвалі сярэднявечныя баі па абароне крэпасці. Хтосьці вучыў старажытны танец разам са шматлікімі гуртамі, спрабаваў сябе ў стральбе з лука, проста тусіў з сябрамі ці знаёмымі. Праграма свята сярэднявечнай культуры “Меч Брачыслава”, якім ужо каторы год пачынаюцца “Браслаўскія зарніцы”, была відовішчнай і цікавай.

Чаго варты такі яе момант, як здабыча жывога агню – сімвала жыцця і дабрабыту. Продкі верылі, што менавіта ён засцерагае паселішча ад хвароб і бяды. Кожны год тушылі стары, здабывалі новы, неслі ў свае хаты і распальвалі ў ачагу. Браслаўчане збераглі гэту традыцыю і кожны фэст пачынаюць з таямнічага рытуалу, прыняць удзел у якім дазваляецца і гасцям.

І вось у працэсе трэння дрэва аб дрэва з’яўляецца дымок, а ўслед успыхвае яшчэ нясмелы агеньчык. Працэс цяжкі, складаны і такі радасны, нібы сапраўды ў гэты момант вырашаецца быць жыццю ці не.

А далей задыміліся ля шатроў вогнішчы. Браслаўскія музейшчыкі пачалі частаваць гасцей блінамі з варэннем і мёдам. На пляцоўцы імправізаванага замка зазвінелі мячы, у цяжкіх кальчугах са шчытамі і пікамі сышліся ў баі ваяры. Клубы гістарычнай рэканстукцыі адкрылі свае панадворкі. “Крома колна” з Дагды, што збірае побыт, зброю, звычаі латгальскіх плямён, вучыў тэхналогіі шэрагу рамёстваў згодна з традыцыяй сярэдніх вякоў. “Княжыч” з Полацка дэманстраваў пабытовыя рэчы нашых продкаў. Клуб гістарычнай рэканструкцыі “Варгенторн” з Віцебска “спецыялізуецца” на вывучэнні жыцця скандынаваў, славян і балтаў эпохі вікінгаў. У яго можна было пабачыць строі, зброю, рамёствы, побыт перыяду IX – ХI стст. Прысутных весялілі гурт гістарычнага танца “1410” і вулічны тэатр “ВІР”…

Толькі апоўначы пачало заціхаць жыццё на Замкавай гары. Маленькі мужны гарадок, які ў сечах і агні, целам і крывёю выкупляў спакой і працу на гэтай зямлі, адыходзіў у мінулае, каб у нядзелю раніцай сабраць удзельнікаў фэсту ў лесапарку Леснічоўка ўжо ў наш час, дзе тэма абароны Айчыны ў год святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў загучыць з новай сілай.

Калі тысячны хор заспяваў “Паклонімся тым памятным гадам”, усе прысутныя ў адным парыве ўсталі, каб аддаць даніну павагі тым, хто аддаў жыцці за наша сённяшняе мірнае неба.

Удзельнікаў свята прывіталі старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і старшыня Браслаўскага райвыканкама Аляксандр Баданін. З цеплынёй гаварыў Уладзімір Уладзіміравіч пра браслаўчан, якія берагуць нацыянальную культуру і кожны год пашыраюць кола такіх жа апантаных да народнай творчасці людзей. Сёлета ў Браслаў іх прыехала яшчэ больш.

–  Мы рады гасцям, – сказаў Аляксандр Баданін, – рады сустрэчам, якія ўсіх нас абагачаюць духоўна, мацуюць дружбу і партнёрскія сувязі.

Старажытны Браслаў, як магніт, прыцягвае людзей творчых, а сам маладзее. Гасцей сустрэў на абноўленай канцэртнай пляцоўцы, прыдбаў сваю сцэну, зрабіў гладкай дарогу да традыцыйнага месца адпачынку… І хлебам-соллю адарыў гасцей, у ліку якіх былі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Віталь Воўк, першы намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч, кіраўнікі замежных дэлегацый.

 “Браслаўскія зарніцы” цікавы яшчэ і тым, што знаёмяць з працай каледжаў Віцебшчыны, з людзьмі творчымі і майстравымі. Тут прыжылася і “Браслаўская харавая асамблея” – міжнародны агляд-конкурс харавых калектываў. Сёлета яна сабрала 30 дзіцячых і дарослых калектываў не толькі з Віцебшчыны, а і з суседніх абласцей. Спевы ацэньвала кампетэнтнае журы на чале з заслужаным дзеячам культуры Беларусі Мікалаем Пашынскім. Лепшымі з лепшых на асамблеі былі прызнаны сярод дзіцячых калектываў хары школ мастацтваў “Акварэль” з Лепеля, “Кант” з Брэста і юныя спевакі з Шуміліна, якія занялі адпаведна першае, другое і трэцяе месцы.

Сярод дарослых у акадэмічных спевах перамог народны жаночы камерный хор ДУК “ЦК Наваполацка“, у народных – народны хор “Спадчына” з Шаркаўшчыны. Гран-пры прысуджана хору УП ”Віцебскаблгаз”.

 Адзвінела, адспявала свята, падарыўшы яго ўдзельнікам добры настрой, новых сяброў і надзеі на сустрэчу ў будучым годзе.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ