З 20 снежня па 9 студзеня ў Віцебску адбудзецца ўжо 13-ты фестываль «Дні хрысціянскай культуры». У яго рамках пройдзе шэраг мерапрыемстваў духоўнага плана.
Так, 20 снежня ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага (вул. Воінаў-інтэрнацыяналістаў, 28) на выставе «Божы свет вачыма дзяцей» свае творы прадставяць навучэнцы віцебскіх школ, а 24 снежня на падобнае мерапрыемства запросіць абласны мастацкі музей. 25 снежня ў 12.00 у касцёле Святога Духа (вул. Чкалава, 5а) пройдзе святочны канцэрт «Радасць Божага Нараджэння», а 27-га ў 17.00 – чытацкія сустрэчы ў катэдральным касцёле (навуковы мадэратар – прафесар філалогіі Іван Лапін).
Традыцыйна пройдуць і дабрачынныя мерапрыемствы. 29 снежня для пацыентаў Віцебскай дзіцячай абласной клінічнай бальніцы будзе арганізавана каляднае віншаванне ад каталіцкіх парафій абласнога цэнтра, студыі «Юнікс» і вучняў Сялюцінскай школы мастацтваў, а на наступны дзень Святы Мікалай павіншуе з Раством хлопчыкаў і дзяўчынак дзіцячых аддзяленняў абласной клінічнай бальніцы. 6 студзеня катэдральны касцёл у 19.00 запросіць на канцэрт артыстаў абласной філармоніі. Скончыцца фестываль конкурсам нацыянальнай батлейкі ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі Чыгуначнага раёна Віцебска, які распачнецца 9 студзеня а 10-й гадзіне.